Другое фіяска “Ліды”

“Зорка-БДУ”, якая перагуляла ў папярэдніх турах “Белтрансгаз”, “Забудову” і “Ліду” дома нечакана саступіла сціпламу аўтсайдэру – “Вертыкалі” з Калінкавічаў. Футбалісты абедзвюх каманд мелі сякія-такія моманты, а на 81-й хвіліне пашчасціла Клімчанку і ён прынёс “Вертыкалі” перамогу. “Смалявічы” зрабілі ганаровую для сябе нічыю з неслабым “Гомельчыгункатрансам” – 0:0 і застаюцца на апошнім радку. “Орша” пасля поспеху “Вертыкалі” і ўласнай няўдачы ў паядынку з суседам па табліцы мінскім “Дынама-2” апусцілася на 14-е месца. Елізаранка на пачатку і Пышнік напрыканцы зрабілі дзве прабоіны ў аршанскім караблі.

“Белтрансгаз”, якому дома ў Слоніме абавязкова трэба было выйграваць ледзь сышоў ад паразы ў матчы з “Лівадыяй”. Койданаўцы выйшлі наперад у пачатку другога тайму – Скварчэўскі рэалізаваў пенальці. Жагала неўзабаве сквітаў адзін мяч, але напор і ўпартасць “Лівадыі” вартыя павагі. Яны працягвалі свае атакі, нарэшце Гурыновіч за хвіліну да канца вывеў іх наперад. “Белтрансгаз” яшчэ павінен радавацца, што ўвогуле набраў ачко – пасля голу Гурыновіча слоніцы пайшлі ў атаку і Дзяніс Міхайлаў забіў мяч у свае вароты – 2:2. Заўважым, што “Лівадыя” сёлета пастаянна нервова праводзіць канцоўку матчаў супраць слонімскіх каманд і лік змяняецца на апошніх хвілінах, і ўжо не ўпершыню пасля аўтагалоў! У першым коле ў хатняй сустрэчы з “Камунальнікам” футбаліст апошніх Каваленка сваім аўтаголам дазволіў “Лівадыі” перамагчы, у матчы з “Белтрансгазам” “Лівадыя” наадварот, сама ўпусціла нічыю, бо Герман за тры хвіліны да канца прынёс слонімцам перамогу. Цяпер усё зноў вырашаецца на апошніх хвілінах і ў другі раз пасля аўтаголу!

“Камунальнік” прычакаў на памылку землякоў і разнес на выездзе “Жлобін”. Куцко, Гусар, Лешанюк, Клімец і Стрыжкоў забівалі мячы – вынік 0:5! Цяпер “Камунальнік” ушчыльную наблізіўся да газавікоў.

“Асіповічы” прапусцілі два галы ад “Нёмана” ўжо ў першым тайме. У мастоўскай каманды забілі Крычэўскі і Говар. Асіпаўчане забілі адразу пасля выхаду каманд з раздзявальняў, на 46-й хвіліне. Вызначыўся Чарнабай. Але большага гаспадарам зрабіць не ўдалося – 1:2.

“Забудова” пасля дзвюх запар асечак перамагла “Партызан-2”,  прычым у Мінску. Шаблінскі на 10-й хвіліне вывеў наперад маладзечанцаў. Скшынецкі на 36-й хвіліне зраўняў лік, але потым маладыя “партызаны” падселі і двойчы прапусцілі ад Працкевіча.

Галоўны матч туру, нават не цэнтральны, а суперцэнтральны “Ліда” – “Бяроза-2010” стаў не самым напружаным. Першая палова гульні прайшла па нулях, а потым бярозаўцы, якія гулялі у гасцях, сталі адчуваць сябе быццам дома. Лідскія футбалісты нічога не маглі зрабіць з сапернікам і першы раз прапусцілі на 55-й хвіліне ад Краўчука. Праз трынадцаць хвілін адзначыўся на табло Шуляк, а за хвіліну да канца Стаін правёў свой дзяжурны і юбілейны 30-ты гол у чэмпіянаце, канчатковы лік 0:3, “Ліда” з трэскатам саступае.

Такім чынам, “Бяроза” па страчаных ачках усё яшчэ ідзе на другім месцы, але па набраных ужо пераўзыходзіць “Ліду”. “Бяроза” мае 54 ачкі, у “Ліды” 52. Дуэт слонімскіх каманд не здаецца, у “Белтрансгаза” 46, у “Камунальніка” 45 балаў. Выглядае, што дэрбі Слоніма будзе шмат вырашаць, асабліва калі да таго яны наблізяцца да першай двойкі.

Дзве апошнія пазіцыі ў “Асіповічаў” – 17 і “Смалявічаў” 14 ачкоў.

От admin