Тыдзень паміж турамі Бундэслігі прынёс чаканую навіну з Гамбурга. Трэнер мясцовага клуба Міхаэль Енінг усё ж такі быў адпраўлены ў адстаўку. Ніяк каманда не магла выйграць, пастаянна саступала. І вось у матчы адкрыцця новага, 7-га туру, “Гамбург” нарэшце выйграў. Праўда, трэнерам быў ужо не Енінг, а Радольфа Кардоза, якога паставілі часова выконваючым абавязкі. Вось так, даволі часта мы назіраем карціну, калі пры новым трэнеры каманда тут жа перарывае сваю сумную серыю. Матч са “Штутгартам” быў адкладзены на некалькі хвілін з-за праблем на дарогах, з-за чаго многія швабы не маглі паспець на пачатак. Немцы народ клапатлівы, і таму старт паядынку крыху перанеслі, дарэчы, такое ўжо здаралася ў мінулым сезоне. Кардоза прыняўся пілаваць састаў клуба адразу – Яралім, Янсэн, Ск’елбрэд і Мэнсьен былі пасаджаныя на лаўку запасных. У першыя хвіліны “Гамбург” паказаў свой настрой. Але “Штутгарт” не збіраўся здавацца і на 18-й хвіліне Харнік адкрыў лік. Потым Какау прабіў у штангу, а Акадзакі прамахнуўся па пустых варотах. “HSV” доўга цярпець атакі на свае вароты не хацеў. Дэбютант Бундэслігі Лам, цёзка знакамітага Філіпа з “Баварыі” небяспечна прабіў з-за межаў штрафной – Ульрайх з цяжкасцю справіўся з пагрозай. Другая палова стала для каманды партовага горада ўдалай. Абодва галы “Гамбург” правёў пасля вуглавых удараў. На 51-й хвіліне Брума “праціснуў” абарону апанентаў і галавой прабіў па варотах. Мяч ударыўся ў руку Кузманавіча і заляцеў у сетку – 1:1! А на 67-й Тэшэ атрымаў перадачу з вуглавога на дальняй частцы штрафной пляцоўкі, развярнуўся і шыкоўным ударам прымусіў Ульрайха капітуляваць – 1:2 на карысць гасцей! “Гамбург” святкуе першую перамогу ў сезоне.

Дортмундская “Барусія” ўзмоцнена рыхтуецца да другога матчу ў Лізе чэмпіёнаў, а пакуль чэмпіёны з’ездзілі ў Майнц. Напярэдадні гульні нямецкая прэса апавясціла народ, маўляў, у “Барусіі” праз траўмы не згуляюць Хумэльс, Шмэльцэр, Левандоўскі, Бэндэр і Барыас. Але насамрэч выйсці на поле ў гэты вечар не змаглі толькі Шмэльцэр і Бэндэр. На 33-й хвіліне матчу Мюлер прыгожым ударам вывеў “Майнц” наперад. І гэта пры тым, што перавага дортмундскай каманды не выклікала сумневаў. Пры гэтым перамога далася “Барусіі” з вялікай і руплівай працай! На 64-й Перышыч зраўняў лік, а вось забіць пераможны мяч удалося толькі на 90-й, калі Пішчак дальнім стрэлам засмуціў брамніка гаспадароў.

На трэнерскім мосціку “Шальке” адбылася змена – замест Ральфа Рангніка трэнерам стаў Зэпа Айхкарн, які раней асіставаў Рангніку. Зрэшты, афіцыйна трэнера ў каманды пакуль няма. Рангнік пакінуў каманду па стане здароўя – ў яго пэўныя псіхалагічныя праблемы, а да іх у Нямеччыне з часоў самагубства Робэрта Энке сталі ставіцца больш уважліва. Гельзенкірхенцы прымалі аўтсайдэраў з “Фрайбурга”. І ўжо на 2-й хвіліне прапусцілі ад вострага Сісэ. Праз паўгадзіны Фарфан сквітаў мяч, а потым забілі Хунтэлар і Холтбі. Рауль забіваў пад вуглом, але з метра –  4:1! Забіць у матчы мог і Антон Пуціла. Беларус правёў на полі ўсе 90 хвілін і ў сярэдзіне матчу, атрымаўшы добрую перадачу на ход ад Макіадзі, абгуляў аднаго за адным трох абаронцаў саперніка і не змог трапіць у створ! Ендрышэку ўдалося адыграць адзін мяч – 4:2 перамога “Шальке”.

Мёнхенгладбахская “Барусія” прымала дома “Нюрнбэрг”. У гэтым сезоне гладбахцы выглядаюць досыць добра. У дадзеным мтачы ўсё вырашыў адзіны гол забіты з пенальці Даэмсам. Штэфан угадаў кірунак палёту мяча, але дастаць яго не змог, той паляцеў у яго над рукамі – 1:0 на карысць “Барусіі”.

“Вольфсбург” перамог “Кайзерслаўтэрн”. Адзіны мяч правёў Ашкан Дэжага, але ў наступным матчы, а яго “ваўкі” правядуць з “Баерам” на выездзе, ім давядзецца абыходзіцца без Кір’якаса, каторы быў выдалены з поля яшчэ ў першым тайме за дужа грубы падкат.

“Аўгсбург” прымаў “Гановэр-96”. Госці мелі поўную перавагу, Конан Я, Шціндль мелі добрыя магчымасці паразіць вароты сапернікаў. Бліскуча біў Шлаўдраф, але Енцш выпрастаўся як пума і дастаў мяч у “мёртвай кропцы”. Увогуле, брамнік “Аўгсбурга” стаў галоўным героем гэтага матчу, толькі дзякуючы ягоная самаадданай гульні “Гановэр” не змог атрымаць перамогу – 0:0.

“Баварыя” не адступае ад сваіх прынцыпаў і валіць кожную перашкоду. Матч з “Баерам” з самага пачатку пайшоў пад дыктат мюнхенцаў – ужо на 5-й хвіліне Мюлер праштурнуў мяч у сетку міма Лена. У канцы стартавых двадцаці хвілін ван Бюйтэн шыкоўным ударам са штрафнога, у моманце, дзе многія футбалісты ўвогуле разыгрываюць мяч, бо не маюць магутнага ўдару, пападвоіў лік. У другой палове ў “Баварыі” выйшаў на поле замест Кроаса Рабэн, які аднавіўся ад пашкоджання. І на 90-й хвіліне Ар’ен атрымаў выдатную перадачу на ход ад Швайнштайгера, выбег на рандэву з Лена і перавесіў яго – 3:0! А Ноер тым часам правёў чарговы “сухі” матч. Дарэчы, кіраўніцтва мюнхенцаў накіравала на лячэнне ад псіхалагічных праблем свайго абаронцу Брэна. Брэна на тыдні пацярпеў ад пажару ва ўласным доме і, як падазрае паліцыя, сам абаронца падпаліў яго. Пакуль ніхто нічога не даказаў, але псіхічны стан Брэна прыцягнуў увагу дактароў – бразілец ніяк не можа справіцца са стрэсам, які выклікалі хранічныя праблемы з каленам. Лячыцца Брэна будзе ва ўрача, які калісьці правёў курс з Себасцьянам Дайслерам.

“Вэрдэр” прымаў “Герту” і з вялікай цяжкасцю здабыў тры ачкі. Ужо на 3-й хвіліне берлінцы выйшлі ў гасцявым матчы наперад.  Рамас скарыстаўся пазіцыйнай памылкай брэменцаў. Пісарра на 23-й хвіліне з перадачы Фрыца зраўняў лік. А ў сярэдзіне другой паловы матчу ў саставе “Герты” здарыліся два выдаленні. Спачатку не вытрымаў Лель, якога выдалілі за другую жоўтую, а потым у раздзявальню адправілі аўтара першага голу Рамаса. Удзевяцёх “Герта” ледзь не адстаяла нічыю. Больш за тое, Рафаэля відавочна збівалі ў штрафной “Вэрдэра”, але арбітр чамусьці не звярнуў вялікай увагі на эпізод. І ўсё ж “музыкі” перамаглі – на 93-й хвіліне Пісарра аформіў дубль – 2:1! “Вэрдэр” ледзь справіўся з камандай з дзевяці чалавек.

“Кёльн” перамог “Хофенхайм”. Спачатку Яяла дабіўся поспеху на 20-й хвіліне, а потым Падольскі падвоіў лік.

“Баварыя” адзінаасобна ўзначальвае табліцу, маючы 18 ачкоў, за ёй ідзе “Вэрдэр” і “Барусія” М, у якіх па 16. Чацвёрты радок нечакана займае “Хофенхайм”, у якога 12 балаў. Столькі ж у “Шальке” і “Гановэра”. Унізе трыумвірат – “Аўгсбург”, “Гамбург” і “Фрайбург” набралі па 4 ачкі.

Бамбардзірскі спіс узначальвае Гомэс з “Баварыі”, у каторага на рахунку 8 галоў. 6 забіў Сісэ з “Фрайбурга”.

От admin