У другой лізе тур адкрываўся матчам паміж “Вертыкаллю” і “Вігвамам”. Абедзьве каманды цяпер гуляюць зусім не так, як таго хочуць іхнія прыхільнікі, і ўсё ж яны прадэманстравалі жаданне як найхутчэй пакінуць зону вылету. “Вігвам” двойчы вёў у ліку ў першай палове, двойчы ж “Вертыкаль” зраўнівала лік, а ў другім тайме калінкавіцкія футбалісты пасля ўдараў Белаша і Ціханоўскага перамаглі 4:2.

Вострым атрымаўся паядынак з удзелам лідэра. “Белтрансгаз” не прывез з Мінска нічога, хаця і прадэманстраваў добрую гульню. Прычым “Партызан-2”, які быў у сланімчанаў у саперніках, вёў 3:0, здавалася, што ўсё, парваліся лідэры. Але ж не. Галы Анцыпава і Касабукі абудзілі “Белтрансгаз”, каманда пачала больш актыўна атакаваць. І ўсё ж моладзі мінчанаў хапіла запасу галоў у першым тайме. У другім яны забілі яшчэ – выніковая перамога 5:3! Хакейны лік.

Яшчэ нямала галоў было забіта ў Лідзе, дзе мясцовы клуб разграміў “Жлобін”. Дзмітрый Дзенісюк аформіў покер, а за жлобінцаў па звычцы “сайгачыў” толькі Лагуцін і пара партнёраў – 4:1.

Матч, ад якога чакалі напалу – “Зорка-БДУ” – “Бяроза-2010” –  у выніку стаўся не дужа цікавым і скончыўся нулявой нічыёй. Так жа скончылі свой матч і “Забудова” з “Оршай”. Але ў Маладзечне гульня была цікавей. Фанаты мясцовага клуба на гэтым матчы павесілі на сектары палатно з надпісам “Забудова” і закрэслілі яго зялёным (пад колер “Маладзечна”). Вельмі мясцовым фэнам не даспадобы чырвоныя футболкі іх улюбёнцаў.

І другая “маладзёжка” сталічнай ружыны – “Дынама-2” –  расправілася з супернікам. У “бела-сініх” быў матч з “Гомельчыгункатрансам”, і яны ў выніку галоў Камарова і Елізаранкі выйгралі 2:0.

“Камунальнік” і “Лівадыя” свае матчы выйгралі. Але слонімскі клуб атрымаў дэбютную вікторыю ў чэмпіянаце (2:1) над “Нёманам”, а вось дзяржынскі клуб атрымаў валявую перамогу ў сустрэчы з “Асіповічамі” – 2:1. Самае цікавае, што “Лівадыя” – меркаваны аўтсайдэр – займае цяпер другое месца ўслед за “Лідай”. У гэтых дзвюх каманд па 10 ачкоў. На чыстую трэцюю пазіцыю выйшаў “Партызан-2”, у якого ўжо 9 балаў, далей ідуць “Бяроза-2010” і “Белтрансгаз”. Вось такія перыпетыі старту сезону, сёння ты першы, прайграў – пяты. “Вігвам” і “Жлобін” маюць толькі па ачку і замыкаюць табліцу.

от admin