Пяты тур чэмпіянату прынес некалькі цікавых вынікаў. Зусім ніхто не чакаў ад “Партызана” пройгрышу ў Слуцку. Безумоўна, сёлета ў кожным матчы “чырвона-белыя” будуць фаварытамі апрыёры, але і апаненты будуць настройвацца адпаведна. “Слуцк” вырашыў згуляць з мінчанамі агрэсіўна і не памыліўся. Госці стадыёна “Шахцёр” (хоць фактычна госці там і самі случчане) былі разбітыя ўшчэнт. На поле было шмат барацьбы, але здавалася, “партызанам” папросту не стае фізічнае формы. Нейкія стомленыя рухі па полі, перадачы часам зусім недакладныя, некаторыя футбалісты не на сваіх пазіцыях – усё гэта разам са здаровай агрэсіяй “Слуцка” прывялі да разгрому. 3:0! Фаварыт прайграў, а Аляксандр Макась скончыў сваю серыю з забітымі галамі. Да гэтага, у першых 4-х турах ён 5 разоў забіваў галы і пры тым забіваў у кожным матчы.

СКВІЧ яскрава паказаў “Полацку” на ягонае цяперашняе месца. Пры ўсёй павазе да найстаражытнейшага горада краіны, мясцовы клуб пакуль не можа прэтэндаваць на самыя высокія месцы. Матч супраць СКВІЧа не стаў надта цяжкім для “Полацка”, неабсяжным нейкім, а проста СКВІЧ быў крыху хутчэй, дакладней. Шакаў, Кухаронак і Жданок зрабілі вялікі задзел сваёй камандзе, палачане сышлі ад сухое паразы толькі на апошняй хвіліне, калі Максім Катовіч прабіў брамніка гаспадароў.

Ну а “Славія-Мазыр” справядліва падумала, што даваць волю супернікам не варта. Але яе гульня супраць “Клечаска” стала выпрабаваннем на трываласць. Мазыране доўга адыходзілі пасля голу Лапшына і толькі ў другім тайме адыграліся. Прычым зрабілі гэта дуплетам – Федарэнка і Лапцеў забілі свае галы за тры хвіліны – і ўжо 1:2. “Славія” перамагае з пэўнымі праблемамі, аднак захоўвае першы радок.

Высока трымаюць нос і “Гарадзея” з “Хімікам”. У гарадзейцаў быў няпросты паядынак у гасцях з “Ведрычам-97”. Рэчычане выйшлі наперад на 55-й хвіліне, калі Павел Бяганскі адкрыў лік прыгожым ударам. Але затым Харытончык лік зраўняў, а Калядка прынёс “цукровым” перамогу. У “Хіміка” якраз апанент быў не самы сур’ёзны – “Баранавічы”. Дружына Андрэя Кіпры была абсалютна неканкурэнтназдольнай у Светлагорску на працягу большай часткі матчу. Як вынік – неадольны прэсінг “Хіміка” ўвесь матч і хэт-трыкі Чарнаковіча і Шукеловіча – 6:0!

Выправіў сваё становішча “Белкард”, які нанес паразу на сваім полі “ДБК-Гомель”, 2:0, дубль Верстака.

Першую перамогу ў гэтым туры адсвяткаваў “Граніт”. Мікашэвіцкія футбалісты здолелі абгуляць дома “Смаргонь”. Удалося гэта ў выніку адзінага голу Марозава на 30-й хвіліне. А ў Пінску героем матчу стаў капітан “Хвалі” Валадзько. Ён дазволіў свайму клубу пазбегнуць “валідольнай” канцоўкі. Пры ліку 1:0 Валадзько вывеў Каралюка сам-насам з брамнікам “Рудэнска” Сцяпанавым, а той саперніка не пашкадаваў. А на 88-й хвіліне Валадзько зарабіў пенальці – і сам жа яго рэалізаваў – 3:0. Гэтая перамога стала для пінскай каманды першай у сезоне.

“Славія-Мазыр” з пяццю перамогамі ў пяці гульнях ачольвае табліцу, за ёй ідуць СКВІЧ, “Партызан” і “Гарадзея”. У зоне вылету, акрамя “Баранавічаў”, яшчэ і “Клечаск”.

От admin