Большасць футбалістаў нямецкага чэмпіянату ўжо ў адпачынку, але засталіся яшчэ тыя, каму выступаць за свае зборныя, і гульцы клубаў, што вядуць барацьбу за прапіску на будучы сезон. Справа ў тым, што немцы звярнуліся да практыкі пераходных матчаў. Цяпер 3-я каманда Бундэслігі з канца не вылятае адразу, а даказвае сваё права на “рэгістрацыю” ў эліце. Але гуляюць “рэлегейшны” і паміж 2-м і 3-м дывізіёнамі. “Оснабрук”, які ва ўпартай барацьбе заваяваў пуцёўку ў 2-ю Бундэслігу летась, не вытрымаў моцнай канкурэнцыі (ніжэй былі толькі “Обэрхаўзэн” і “Армінія”) і вымушаны будзе адстойваць сваё месца ў паядынках з дрэздэнскім “Дынама”. Легендарны ўсходненямецкі клуб, што слаўны апошняе дзесяцігоддзе не сваімі футбольнымі вынікамі, а хуліганамі, выхадкі якіх часта становяцца аб’ектам галоўных тэлевізійных навін (нядаўні прарыў цераз турнікеты на стадыён, калі паліцыя нічога зрабіць не змагла, для дрэздэнскіх хуліганаў усяго толькі невялічкі інцыдэнт, быццам выкінуць смецце з вакна на галаву мінакам), у тым сезоне заняў толькі 11-ю пазіцыю і прайграў “Оснабруку” 19 ачкоў. Але, нарэшце, дрэздэнцы здолелі заняць адно з першых месцаў, хаця яшчэ за паўтара месяцы да фінішу былі толькі 6-мі. Такім чынам, дрэздэнскае “Дынама” ўвечары 20-га траўня сустрэне на сваім полі ў першым матчы “Оснабрук” і клубы пазмагаюцца за месца пад зорамі.
А вось за месца пад сонцам б’юцца “Барусія” з Мёнхенгладбаха і “Бохум”. Бохумцы традыцыйна выглядаюць упэўнена ў 2-м дывізіёне і вось зноў вырашылі вярнуцца. Першы паядынак праходзіў на полі гладбахцаў. Урэшце, калі глядзець па тым, як “Барусія” ішла па гэтым сезоне, – 16-е выніковае месца стала яшчэ неблагім вынікам. 90 хвілін з “Бохумам” прайшлі як матч роўных сапернікаў. “Барусія” ўсё ж такі мела нязначную перавагу. Яшчэ ў першай палове тройчы форварды гаспадароў мусілі караць апанентаў, але прамахваліся. Меў момант і бохумскі абаронца Мальтрыц. Ветэран ледзь не замкнуў перадачу з вуглавога.
Ані ў Ханке, ані ў Ідрысу амаль нічога не атрымлівалася наперадзе, таму Люсьен Фаўр замяніў цёмнаскурага бамбардзіра на дэ Камарга. Апошні прынес цягам сезону некалькі важных ачкоў, але пару разоў дысцыплінай падводзіў каманду. Але менавіта гэты нападнік стаў героем матчу. На 90+3 – й хвіліне “Барусія” біла і біла па браме “Бохума”, пакуль мяч не адскочыў да дэ Камарга. Той не дараваў – 1:0! Вельмі важная вікторыя “Барусіі”, і хоць якая перавага перад матчам у адказ. Гульня ў Бохуме адбудзецца 25-га траўня.