Яшчэ не так шмат часу прайшло, каб рабіць агромністыя высновы пра гульні, але па некаторых камандах ужо бачнае жаданне падняцца наверх. Вядомы ў падэлітных лігах бамбардзір Андрэй Стаін вызначыўся голам за свой новы клуб – “Бярозу-2010”, тым самым ён падмацаваў старанні свайго аднаклубніка Шуляка, “Дынама-2” перагуляна. “Гомельчыгункатранс” разышоўся мірам са слонімскім “Камунальнікам” 0:0, а вось другі слонімскі клуб “Белтрансгаз” нечакана выйшаў у лідэры, абыграўшы сталічную “Зорку-БДУ”. Прычым у гэтым матчы армейцы сталі ахвярай уласнай “фішкі” – голу на апошніх хвілінах. Герасімчык і Трапашка ў першай палове абмяняліся галамі, а на 91+ хвіліне Ігар Анцыпаў прынес “газавікам” тры ачкі.
“Ліда” не здолела перагуляць на выездзе “Оршу” – нічыя 0:0. Лідскую каманду, безумоўна, разглядаюць як патэнцыйнага лідэра і першага прэтэндэнта на павышэнне. Але зусім нечакана бачыць сярод лідэраў учорашняга аўтсайдэра – дзяржынскую “Лівадыю”. Дзяржынцы ў гасцях выйгралі ў мастоўскага “Нёмана” 0:2, прычым абодва мячы былі праведзеныя ў апошнія пяць хвілін. Дубль аформіў Скварчэўскі, адзін са сваіх галоў ён забіў з пенальці.
Першую перамогу здабылі “Асіповічы”. Даволі хутка каманда аднавілася пасля аплявухі 0:5 на мінулым тыдні ад “Маладзечна” і выдала старанную, хоць і не пазбаўленую праблем гульню з “Вертыкаллю”. Клімчанка вывеў калінкавічцаў наперад, але затым забіў асіпаўчанін Мігас. У другім тайме асіповіцкую публіку ўзрадваў мясцовы ўлюбёнец Аніскевіч, які двойчы засмучаў Луца. “Вертыкаль” адказала толькі мячом Ціхановіча напрыканцы. Перамога “Асіповічаў” 3:2.
“Вігвам” вёў 2:0 у матчы з “Забудовай”, але ўпусціў перамогу. Ціткоў і Космач зраўнялі лік. Пад купкай лідэраў, якія маюць па 7 ачкоў, размясціўся “Партызан-2”. “Чырвона-белыя” без пытанняў расправіліся са “Жлобінам” 5:2, прычым на полі саперніка. Максім Дубай забіў у чэмпіянаце ўжо 4 галы – лідэр атак “Партызана-2” наперадзе ў спісе снайпераў. Адзінай камандай, якая пакуль не набірала ачкоў, застаецца “Вертыкаль”.