Вядома ж, больш увагі надавалася гульням лідэраў. “Славія” правяла шэранькі паядынак супраць “Хвалі”, але галоўнае зрабіла – гол Раеўскага на першай другатаймавай хвіліне прынёс вікторыю. А вось сталічнаму “Партызану” перамагчы рэчыцкі “Ведрыч-97” не ўдалося. Мінчане выйшлі наперад незадоўга да перапынку, калі Макась рэалізаваў пенальці, але за хвіліну да канца матчу прапусцілі… ад свайго. Аўтаголам вызначыўся Шматко.

Вышэй трымае гонар гарадзейскага футболу “Гарадзея”. Гродзенскаму “Белкарду” не пакінулі ніякіх шанцаў – 4:1. Дублем за гарадзейцаў вызначыўся Камзолаў, забіў і легендарны Віталь Валадзянкоў.

СКВІЧ у цэлым упэўнена перамог “ДБК” з Гомелю. Госці са сталіцы не сталі доўга прызвычайвацца да штучнага пакрыцця і ўжо на 6-й Міхнавец адкрыў лік. Больш галоў у сустрэчы не было, хаця гаспадары мелі шанцы зраўніваць лік, зрэшты, як іхнія апаненты яго павялічваць.

“Смаргонь” разышлася безгалявым мірам са “Слуцкам”, а “Баранавічы” згулялі таксама ўнічыю з “Гранітам”. Але тое была нічыя іншага кшталту. Мікашэвіцкі клуб намаганнямі Бойкі выйшаў наперад, але Федарцоў на 91+ хвіліне прынес “Баранавічам” першае ачко ў сезоне.

Светлагорскі “Хімік” прывез тры ачкі з Рудзенску, дзе была атрымана перамога дзякуючы голу Шукеловіча. А вось “Полацк”, які добра пачаў чэмпіянат, пацярпеў другую паразу – на гэты раз палачане саступілі “Клечаску”. Гарахоўскі правёў хуткі гол, але два асноўныя “забойшчыкі” “Клечаску” Віскушэнка і Давыдзенка прынеслі перамогу гасцям.

Мазырская “Славія” ўпэўнена ўзначальвае табліцу, атрымаўшы ў чатырох матчах чатыры перамогі. Далей ідзе “Партызан”, у якога 10 ачкоў, замыкае тройку СКВІЧ з 9 ачкамі. Някепска трымаюцца і “Ведрыч-97” з “Гарадзеяй”. Зону вылету на старце складаюць “Граніт” і “Баранавічы” з 2 і 1 баламі адпаведна.

От admin