Першага снежня ў Эстэрсундзе праходзіла жаночая гонка пераследу. Але, калі мацнейшыя біятланісткі ўжо імчаліся да апошняй чацвёртай агнявой мяжы, з-за вельмі дрэннага надвор’я гонку было вырашана адмяніць. Рашэнне гэтае можна назваць вельмі неадназначным, бо ўсе знаходзіліся ў роўных умовах. Але адмене гонкі, напэўна, магла засмуціцца толькі наша Даша Домрачава: стартуючы чацвёртай, пасля трэцяга агнявога рубяжа яна ўпэўнена ішла першай…
Мы спадзяваліся, што гэтае непаразуменне толькі раззлуе нашу прыму, дасць ёй новыя сілы на наступных этапах. Аднак атрымалася толькі горш… Атрымаўшы па два пропахі на кожным рубяжы, Дар’я нават не ўвайшла ў трэці дзясятак.
Мацнейшыя біятланісткі сёння вырашылі стартаваць пазнейшымі нумарамі. З тых, хто ўзяў старт рана і пры гэтым паказаў даволі добры вынік можна вылучыць галоўныю надзею польскай каманды – Крысціну Палку. Стартавала яна пад 8-м нумарам і здолела без промахаў прайсці ўсе агнявыя рубяжы. Але даволі слабая скорасць не дазволіла ёй апынуцца нават у першай дзясятцы: ў выніковым пратаколе яна апынулася на 11-м месцы.
У гэым сезоне працягваюць здзіўляць расійскія біятланісткі. На пачатку сезона ўсе разлічвалі, што лідарам каманды будзе Вольга Зайцава, але нечакана добра выступаюць Екацярына Юр’ева і Ірына Старых. Праўда, Юр’ева ў сённяшняй гонцы парадаваць расіян не здолела: пусціўшы пры стральбе стоя дзве пулі “ў малако”, яна паказала не самую хуткую скорасць і фінішавала на 49-м месцы. А вось Старых сёння промахаў пры стральбе не дапусціла і заняла бронзу. Нядрэнна выступіла і Вольга Зайцава. З адным промахам яна фінішавала на 8-м месцы.
Галоўнай сенсацыяй гэтай гонкі стала перамога швейцаркі Зеліны Гаспарын. Яе ходу па дыстанцыі сёння магла пазайздросціць кожная біятланістка. Нават аднойчы прамахнуўшыся на стойцы, яна ў выніку апярэдзіла чэшку Вероніку Віткаву, якой не прыходзілася ні разу забягаць на штрафны круг, на 1.2 секунды!
Няблага сёння выступіла і нарвежка Тура Бергер. Пасля першага агнявога рубяжа, на якім яна не трапіла ў цэль ажно дзвума пулямі, у Туру ўжо амаль ніхто не верыў, але яна знайшла ў сябе сілы на барацьбу, вельмі хутка прыбяжала на “стойку”, адстраляла без промахаў і накіравалася да фінішу! Пры ўсёй яе хуткай скорасці, поўнасцю скараціць адставанне ад расіянкі Старых ёй не ўдалося. Бергер заняла 4-е месца.
Раскажам і аб беларусках. Вы, напэўна, чулі, што за наша краіну будзе выступаць у мінулым расіянка Анастасія Каліна. Дарэчы, няслабая шуміха паднялася ў Расіі з-за гэтага пераходу: Каліну лічылі перспектыўнай маладой біятланісткай, на якую разлічвалі ў будучым. Дык вось, сёння яна ўпершыню ў сваёй кар’еры прыняла удзел у этапе Кубка свету. Сённешяе яе выступленне атрымалася неадназначным, але мы ўбачылі, што перспектыва ў гэтай біятланісткі ёсць. Першы рубеж яна прайшла без промахаў, але з-за вельмі нізкай скорасці хода па дыстанцыі яна не значылася ў спісе лідараў. Канечне, калі б Каліна без промахаў адстраляла і “стойку”, то магла б разлічваць на месца ў першай паўсотне. А так два промаха на другім рубяжы, слабая скорасць і выніковае 75-е месца…
Увогуле, толькі Надзее Скардзіна, якая фінішавала на 28-м месцы, гэтую гонку можна занесці ў актыў. Правалам гэтая гонка стала для Домрачавай – з-за сваёй няўдалай стральбы яна фінішавала на 36-м месцы.
Вынікі:
1. Селіна Гаспаран (Швейцарыя) 23:16:9, (0 +1)
2. Вераніка Віткава (Чэхія) +1.2, (0 +0)
3. Ірына Старых (Расія) +2.1, (0 +0)…
28. Надзея Скардзіна (Беларусь) +1.13, (2 +1)…
36. Дар’я Домрачава (Беларусь) +1.24, (2 +2)…
68. Людміла Калінчык (Беларусь) +2.20, (0 +3)…
75. Анастасія Каліна (Беларусь) +2.33, (0 +2)…
80. Анастасія Дубарэзава (Беларусь) +2.47, (1 +4).