555Вось і завяршыўся Чэмпіянат Беларусі па футболе сярод каманд Першай лігі. “Слуцк”, заняўшы першае месца, адправіўся на павышэнне – у вышэйшую лігу, а “Гарадзея” за права гуляць у “эліце” пазмагаецца ў стыковых паядынках з “Дняпром” ці “Мінскам”. Няўдачнікамі ж гэтага сезона сталі СКВІЧ і “Полацк”, якім прыйдзецца пакінуць другі дывізіён і перабрацца ў ніжэйшы. А замест іх на старт выйдуць каманды-пераможцы Другой лігі – “Гомельжелдортранс” і мастоўскі “Неман”. Аб галоўных падзеях гэтага чэмпіянату чытайце ў выніковым артыкуле ад champ.by.

Наваяўленыя чемпіёны

Як вядома, зашмат прыемней, калі значныя тытулы дасягаюцца ўпершыню. Клуб з горада, насельніцтва якога складае каля 60 тысяч чалавек, толькі ў 2010 годзе па-сапраўднаму заявіў аб сабе, заняўшы 2-е месца ў трэцім дывізіёне краіны і атрымаўшы права на павышэнне. У наступным годзе ў стане каманды адбыліся значныя змены: дружына атрымала іншую назву (дарэчы, раней клуб зваўся “Слуцксахарам”), каманда афіцыйна стала гарадской і пачалася рэканструкцыя слуцкага стадыёна. У тым дэбютным сезоне “Слуцк” заняў неблагое 5-е месца. Развіцце каманды і інфраструктуры працягнулася і ў наступным годзе. Клуб значна ўзмацніўся ў міжсезонні, але, растраціўшы балы з прамымі канкурэнтамі, зноў-такі заняў пяты радок ў турнірнай табліцы.

Але ў клубе і не думалі сумаваць! На сезон-2013 было запрошана нямала моцных – па мерках Першай лігі – гульцоў, якія пачалі паказваць вельмі добрую гульню. Як вынік – случчане ўвесь сезон знаходзіліся ў лідарах, а ў другім крузе і ўвогуле амаль не трацілі балаў! З перамогамі да клуба пацягнуліся і заўзятары: восенню, нягледзячы на халады, “Гарадскі” – умяшчальнасць якога каля 1900 чалавек – нярэдка быў амаль запоўнены! Усе гэтыя фактары, канешне, адбіліся на турнірнай табліцы. Бліжэй да заканчэння чэмпіянату “Слуцк” нечакана зраўняўся з галоўным фаварытам за пуцёўку ў “вышку” – “Гарадзеяй”. А ў 25-м туры, у “сахарным дэрбі”, случчане і ўвогуле перамаглі сваіх канкурэнтаў і выйшлі ў аднаасобныя лідары. За апошнія 5 тураў кардынальна нічога не змянілася, і “сахарнікі” выйшлі ў Вышэйшую лігу. Дасягненне гэтае, безумоўна, вельмі важнае для ўсяго горада, але атрымаць пуцёўку ў вышэйшы дывізіён – гэта яшчэ паўсправы. Для таго каб удзельнічаць у спаборніцтве, неабходна прайсці ўсе этапы ліцэнзавання: прывесці ў парадак стадыён, падрыхтаваць дубль і юніорскія каманды і інш. Але, чамусьці здаецца, што “Слуцк”, які ў міжсезонні спецыяльна змяніў паўскладу, з гэтымі задачамі справіцца і ў наступным сезоне. Беларускі аматар зможа ўбачыць клуб на новым узроўні!

Каментар:

Дырэктар “Слуцка” Алег Каранеўскі:

– Мы не хочам зрабіць шлях туды і назад, аднак, каб пазбегнуць гэтага, трэба многае змяніць. Эйфарыя з нагоды нашага чэмпіёнства асабіста ў мяне працягвалася хвілін пятнаццаць. А далей пачаліся будні. У тым, што наш клуб стаў тым, чым ёсць цяпер, працэнтаў на 98 заслуга кіраўніцтва Слуцкага цукроварафінаднага камбіната. Аднак аднаму прадпрыемству не пацягнуць Вышэйшую лігу. За гэты сезон нам удалося прыцягнуць некалькі спонсараў, але гэта, скажам так, малыя праекты. Хоць, вядома ж, дзякуй усім тым, хто дапамагаў і працягвае нам дапамагаць. Як у народзе кажуць: курачка дзяўбе па зярнятку. Трэба шукаць новыя крыніцы даходу, выхад у эліту па ідэі павінен прыцягнуць рэкламадаўцаў , гэта ж іншы ўзровень . І пакуль не расстаўлены ўсе кропкі над « i » , я не магу са стапрацэнтнай упэўненасцю сказаць, што мы зайграем у кампаніі лепшых каманд краіны.


Прэтэндэнт на “вышку”

Такое адчуванне, што на павышэнне “Гарадзея” і “Слуцк” могуць пераходзіць толькі разам! Па выніках чемпіянату Другой лігі-2010 у Першую выйшлі менавіта гэтыя дружыны. І вось зараз, у 2013 годзе, зноў-такі “Слуцк” і “Гарадзея” – каманды-“сахарнікі” – атрымалі магчымасць выступаць у першым дывізіёне Беларусі. Аб гісторыі случчан вы ўжо даведаліся. Як жа заваёўвала гэтае права каманда з гарадскога пасёлка, насельніцтва якога ўсяго 4000 чалавек?

На футбольнай карце краіны “Гарадзея” па-сапраўднаму з’явілася толькі ў 2008 годзе, калі заявілася ў Другую лігу. Праз тры сезоны, з трэцяй спробы, каманда нарэшце выйшла ў другі дывізіён. Ужо тады кіраўніцтва клуба паказвала сур’ёзны намер стварыць адну з наймацнейшых каманд краіны, падпісвала якасных гульцоў. І сапраўды, у дэбютным для сябе сезоне ў другім дывізіёне ”Гарадзея” паказвала вельмі добрую гульню і па праву заняла трэцяе месца ў чэмпіянаце. У сезоне-2012 “сахарнікаў” ужо сапраўды лічылі адным з фаварытаў, а журналісты ўспрымалі іх галоўнымі прэтэндэнтамі на трапленне ў “вышку”. Так яно і атрымалася: ва ўпартай барацьбе падапечныя Андрэя Кіпры занялі другое месца і ўдзельнічалі ў пераходных сустрэчах за права гуляць у Вышэйшай лізе. У сапернікі трапілася жодзінскае “Тарпеда”. Трэба сказаць, што тады шанцаў ў клуба з Гарадзеі на павышэнне амаль не было: жодзінцы літаральна “рвалі і кідалі” на футбольным полі, і атрымалі ўпэўненую перамогу па суме дзвюх сустрэч.

І вось надыходзіць Чэмпіянат-2013. “Гарадзея” з’яўляецца аднаасобным лідарам, галоўным прэтэндэнтам на павышэнне. Свой статус каманда амаль увесь сезон даказвала і на полі: амаль не губляла балы. Але ў другім крузе сітуацыя крыху змянілася: “Гарадзея” трошкі “зменшыла абароты”, затое нечакана дадаў “Слуцк”. Як ужо пісалася вышэй, у вочнай барацьбе паміж гэтымі камандамі случчане здолелі перамагчы, выйсці на першую пазіцыю і давесці справу да чэмпіёнства. А “Гарадзеі” ж трэба будзе зноў-такі змагацца за павышэнне ў стыковых сустрэчах. На гэты раз з “Мінскам” ці “Дняпром”. Ці здолеюць падапечныя Андрэя Кіпры на гэты раз апынуцца мацней і перайсці ў першы дывізіён? Аб гэтым мы хутка даведаемся!

Каментар:

Андрэй Кіпра, галоўны трэнер:

– Настрой баявы. Канешне, мы будзем змагацца за пуцёўку ў вышэйшую лігу.

Няўдачнікі сезона

Так адбылося, што ўжо пасля першага круга можна было ўпэўнена сказаць, хто ў выніку пойдзе на паніжэнне, бо і “Полацк”, і СКВІЧ балаў амаль не набіралі. Прычым, калі палачане яшчэ час ад часу давалі бой сваім сапернікам і заваёўвалі станоўчыя вынікі, то мінчане ў першым крузе набралі толькі 5 балаў.

Для “Полацка” пераломным момантам стаў жнівень. Каманда проста развалілася, было нават аб’яўлена аб яе зняцці з чэмпіянату. Але ў справу тады ўмяшаўся Сяргей Румас, і было вырашана каманду захаваць. Былі заключаны кантракты з гульцамі “Полацкгаза”, які выступае ў першынстве вобласці. Але аматарам з прафесіяналамі, як вядома, не цягацца, і палачане амаль усе сустрэчы другога круга прайгралі з разгромным лікам. Таму апошняе месца ў турнірнай табліцы яны расцэньвалі як запаветную пуцёўку ў другую лігу, бо там затраты менш, а ўзровень футбола супастаўны гульцам “Полацка”.

СКВІЧ на тое, што застанецца ў другім дывізіёне, таксама наўрад ці разлічваў. Пасля таго як у 2008 годзе каманда вылецела з вышэйшай лігі, мінчане яшчэ некалькі сезонаў прэтэндавалі на вяртанне ў першы дывізіён. Але кожны раз трошкі не хапала, а спонсарам каманды надакучыла чакаць, і яны проста пакінулі СКВІЧ на свабоднае існаванне. Зараз у дружыне выступаюць маладыя хлопцы, якія, бясспрэчна, дастаўлялі камандам-саперніцам клопатаў, але нязначных.

Здаецца, што і СКВІЧ, і “Полацк” з першага ж сезона ў трэцім дывізіёне канчаткова “сальюцца” з мясцовымі камандамі, не будуць нічым выдзяляцца і працягнуць гуляць у самую цікавую і захапляльную гульню – у футбол. А дзе і з кім – гэта ўжо другараднае пытанне!

Выніковая табліца:

Каманды

Г

Пер

Н

Пар

М

Б

1 Слуцк 30 19 9 2 54-19 66
2 Гарадзея 30 18 6 6 68-32 60
3 Віцебск 30 16 7 7 40-29 55
4 Ліда 30 15 7 8 53-38 52
5 Бяроза-2010 30 14 8 8 44-30 50
6 Смаргонь 30 13 7 10 45-35 46
7 Граніт (Мікашэвічы) 30 12 9 9 42-31 45
8 Смалевічы-СТІ 30 12 8 10 50-37 44
9 Ислач (Мінскі р-н) 30 11 8 11 39-37 41
10 Хімік (Светлагорск) 30 11 8 11 37-36 41
11 Ведрыч-97 (Рэчыца) 30 9 12 9 47-36 39
12 Волна (Пінск) 30 11 6 13 30-41 39
13 Слонім 30 7 13 10 38-45 34
14 Мінск-2 30 7 5 18 32-49 26
15 СКВІЧ (Мінск) 30 3 3 24 21-63 12
16 Полацк 30 2 4 24 10-92 10

от admin