• 01.07.2025

Футбол. Чэмпіянат Беларусі. Першая ліга. Агляд 28 туру: правал “Партызана”

Ноя 7, 2011

У 28-м туры сустрэліся паміж сабой “ДБК-Гомель” і “Хімік” (Светлагорск). І згулялі ўнічыю, чым увялі ў крыўду сваіх прыхільнікаў, бо нічыя не была выгадная нікому. На 12-й хвіліне Архіпцаў вывеў “ДБК” наперад, гол Шукеловіча на 19-й стаў ужо 14-м для футбаліста “Хіміка” ў чэмпіянаце. Вынік 1:1 зусім не задавальняе абедзве дружыны.

“Хваля” на выездзе перамагла “Граніт”. Адзіным і адпаведна пераможным стаў гол Каралюка з пенальці за 15 хвілін да канца. Чарговае паляшуцкае супрацьстаянне скончылася вікторыяй “Хвалі”.

“Слуцк” дома перамог “Клечаск”. Ждановіч, Макараў, Крот і Равіна забівалі за “Слуцк”, у “Клечаска” адзначыліся Сямёнаў і Давыдзенка. 4:2!

“Ведрыч-97” саступіў СКВІЧу. Відаць, мінчане зразумелі, як праваліліся ў мінулым туры, саступіўшы аўтсайдэру “Белкарду” і таму пайшлі ў атаку адразу са стартавых хвілін. На трыбунах рэчыцкага “Цэнтральнага” сабраліся толькі 600 чалавек, затое яны пабачылі прыгожы футбол. У Ламакі і Бяганскага ў першай палове былі выдатныя магчымасці адкрыць лік, аднак рэчычане прабіць Шышэю не змаглі. Не забіваеш ты – забіваюць табе. Жданок выдаў ідэальную доўгую перадачу на Мархеля, а той класна трапіў па мячы і той ад штангі заляцеў у сетку варотаў Хаткевіча – 0:1! Пасля прапушчанага голу “Ведрыч” зноў завалодаў ініцыятывай, але забіць зноў не атрымалася. Затое забілі рэчычане на 61-й хвіліне, на якой пасля падачы Астравуха Горбач зрэзаў мяч у свае вароты – 1:1. “Ведрыч-97” і надалей утрымліваў ініцыятыву ў сябе, а забілі футбалісты СКВІЧа. Мядзведзеў на 71-й хвіліне зрабіў навес на Мархеля, а Юрый аформіў дубль – 1:2!

“Белкард” яскрава перамог СКВІЧ на выездзе ў мінулым туры, а вось паўтарыць перыпетыі і вынік мінскага матчу ў сябе дома ў

Гродне не ўдалося. “Белкард” прымаў “Полацк” і матч быў лёсавызначалным для абодвух сапернікаў. На дзіва, палачане падышлі да матчу значна больш падрыхтаванымі і “разарвалі” гаспадароў. Дубль Шчарбакова, галы Гарахоўскага, Навумава і Голубева. 0:5 – зрабіць такі прагноз напярэдадні было складана.

“Смаргонь” разам з “Полацкам” атрымала важныя тры ачкі. Зрэшты, калі “Полацку” трэба было пастарацца, то ў смаргонцаў быў лёгкі матч. Яны прымалі “Баранавічы” і закацілі ў чужыя вароты 5 галоў. Тры мячы аказалася на рахунку Дубатоўкі, Урупін і Рушніцкі дадалі свае імёны на табло.

“Партызан” дома прымаў “Рудэнск”. На тыдні “чырвона-белыя” выйгралі апошні з прапушчаных матчаў у “Клечаска” і ў выпадку перамогі на “Рудэнскам” ішлі б упоравень са “Славіяй”. Аднак гульня з аўтсайдэрамі, відаць, больш патрэбная была гасцям, якія і сталі на “Трактары” трыўмфатарамі. 0-1. Мяч на рахунку Плячысціка.

“Славія” адправілася за важнымі ачкамі ў Гарадзею і перамагла. Гол Усачова стаў адзіным у матчы.

За два туры да фінішу “Славія” мае першы радок у табліцы і 65 ачкоў. У “Партызана” ўжо няма надзеі ў выглядзе прапушчаных гульняў і “альтэрнатыўнай табліцы”, прайграны вочны прынцыповы матч сапернікам са “Славіі”, ёсць толькі надзея на асечку мазыранаў. Іначай мінчанам давядзецца гуляць у стыкавых матчах, а мазыране вернуцца ў эліту напрамкі пасля доўгага перапынку. Цяпер “Партызан” мае 62 ачкі. 53 ачкі набраў СКВІЧ і 51 “Гарадзея”. “Баранавічы” з 3 ачкамі ўжо даўно ў другой лізе, а крыху вышэй барацьба трывае. У “Белкарда” 26, у “Хіміка” 29, у “ДБК-Гомеля” 30.

Чэмпіянат Беларусі. 1 ліга. Агляд 28 туру.