“Жлобін” пакінуў апошняе месца
Падзеяй у туры стала вікторыя “Жлобіна”. Футбалісты гэтага клуба здабылі ўсяго другую перамогу ў сезоне. Але ў гасцях! Дубль Капельяна і мяч Сухавенкі паставілі невырашальную задачу перад “Оршай”. Аршанцы здолелі адказаць гасцям толькі галом Касінца з пенальці.
Упаў на апошняе месца “Вігвам”, клуб, што прынес ледзьве не галоўную футбольную падзею апошніх сямі дзён. Для тых, хто з нейкіх прычынаў не ўсачыў за навінамі – “Вігвам” узначаліў Юрый Пунтус. Аднак нават на чале з вядомым трэнерам смалявічцы саступілі. Аднак і сапернік жа выпаў! “Белтрансгаз”. Слонімцы ўзялі ініцыятыву ў свае рукі і не выпускалі. Гомза аформіў дубль, Жагала і Хмялюк забівалі аднойчы. У “Вігвама” вызначыліся Мазанік і Саковіч – 2:4.
Іншы слонімскі клуб таксама прадказальна перамог – ахвярай стала “Вертыкаль”. На 83-й хвіліне Стрыжкоў забіў адзіны мяч у складзе “Камунальніка”. “Нёман” у Мастах перамог “Партызан-2” 2:1, а “Дынама-2” у сябе дома саступіла “Забудове” 2:4.
“Асіповічы” і “Зорка-БДУ” абмяняліся галамі ў першым тайме. Адкрыў лік асіпаўчанін Рысянкоў, мінчанін Захаранкаў зраўняў – мір 1:1.
“Бяроза-2010” расправілася з “Лівадыяй” 4:0. Шуляк, Краўчук, Стаін з пенальці і Жыбуль аформлялі раўгром прыезджай каманды.
Лідар чэмпіянату “Ліда” не здолела перагуляць у гасцях “Гомельчыгункутранс”. Больш за тое, пад канец паядынку, больш момантаў было у гаспадароў. Нічыя 0:0.
“Ліда” – яўны лідар чэмпіянату – 36 ачкоў. “Белтрансгаз” мае 30, “Бяроза-2010” падціскае – 29. У падвале табліцы наступная карціна: У “Вертыкалі” і “Жлобіна” па 8 ачкоў, “Вігвам” мае толькі 7.