Разгромы, разгромы…
Канец тыдня быў адзначаны адразу трыма буйнымі вынікамі. Прычым найбольш адметны факт – нідзе не былі задзейнічаныя лідары. Пінская “Хваля” разышлася ў матчы з “Хімікам”. Забіваюць пінскія гульцы нямала, аднак разграміць сапернікаў на выездзе – такое рэдка атрымліваецца. Госці адкрылі лік ужо на 21-й хвіліне – Валадзько аддаў дакладную перадачу на Курловіча, а той не пакінуў Звездзіну шанцаў – 0:1. У “Хіміка”, акрамя небяспечнага ўдару Шукеловіча, асаблівых момантаў не ўзнікала. А пад канец тайма пінчукі рэалізавалі сваю поўную гульнявую перавагу – Каралюк добра трапіў па мячы з межаў штрафной – 0:2! На 66-й хвіліне “Хваля” вырашыла лёс матча – Каралюк скарыстаў прастрэл Курловіча – 0:3! Светлагорцы так нічога і не стварылі ля чужых варотаў, затое на апошніх секундах прапусцілі чацвёрты гол. Добра для гаспадароў, што ён не быў залічаны з-за афсайду. Становішча “Хіміка” крытычнае.
“Граніт” прымаў “Клечаск” і ўжо на 18-й віліне даставаў мяч са сваёй сеткі – пастараўся Лапшын. Аднак затым клецкіх футбалістаў “замкнула”. Ім не вельмі шанцавала на чужой палове поля, затое мікашэвіцкая каманда знайшла свае ключыкі даволі хутка і ўжо да перапынку вяла 2:1. Спачатку абаронца “Клечаска” Васілёнак адправіў мяч у свае вароты, а затым вызначыўся Хаміцэвіч. Разгром мог і не адбыцца, але занадта рэзкімі сталіся атакі “Граніта” ў канцы матча. Рэзкімі настолькі, што “Клечаск” элементарна разваліўся. Чысты і Шрэйтар забілі па голу – 4:1.
З тым жа лікам скончылася і супрацьстаянне “Ведрыча-97” з “Полацкам”. Хэт-трык Барсукова і адзін мяч Казловіча паставілі “Полацк” перад фактам пройгрышу. Толькі Шчарбакоў забіў гол прэстыжу. 4:1. Усё заканамерна.
Узрадавала сваіх прыхільнікаў “Смаргонь”. Яна яшчэ ў першым тайме забяспечыла сабе задзел у матчы супраць “ДБК-Гомель”. Дуксо і Лужанкоў па разу забілі, як вынік – 0:2. “Смаргонь” выходзіць у сярэдзіну табліцы.
“Партызан” упэўнена перамог “Баранавічы”. Ніхто ўжо не сумняецца, што апошнія пакінуць першую лігу, і ўсё менш сумневаў у тым, што ў эліту вернецца “Партызан”. Дубль Талканіцы і гол Корсака – 3:0. Гол прэстыжу баранавічцы ўсё ж забілі – вызначыўся Арцюх з пенальці. 3:1.
Спахапілася “Славія”, якая страціла апошнім часам першы радок. На гэты раз Волкаў і Усачоў забівалі, а мазырскі клуб здабыў выязную перамогу над “Белкардам”. СКВІЧ пайшоў даганяць двух лідараў – гол штатнага бамбардзіра Шакава прынес мінчанам перамогу над “Слуцкам”, які працягвае гуляць у Салігорску.
Матч “Гарадзеі” з “Рудэнскам” адбудзецца ў сярэдзіне тыдня, а ўзначальвае табліцу па-ранейшаму “Партызан”, які мае 33 балы. У “Славіі” 30, а СКВІЧ мае 29. Дагнаць апошніх можа “Гарадзея”, у якой матч у запасе. У зоне вылету “Белкард” – 12 ачкоў і “Баранавічы” – 1. “ДБК-Гомель”, “Хімік”, “Рудэнск” і “Полацк” зусім побач з безданню.