Апошнія баталіі Чэмпіянату Італіі па футболе ўжо не вырашалі амаль ніякіх таблічных пытанняў, акрамя аднаго: хто трапіць у 3-ці кваліфікацыйны раўнд Лігі Чэмпіёнаў наступнага сезону. Такі гонар выпадае у Італіі чацвёртай камандзе, і ў апошнім туры вырашалася, хто яго зойме. Кандыдатаў было ўсяго два: “Удынэзэ” і “Лацыа”. Прычым “чорна-белыя” знаходзіліся ў проста неверагодна спрыяльнай пазіцыі: на 2 пункты апераджалі сваіх супернікаў, па асабістых гульнях таксама мелі задзел, ды яшчэ і сустрэчу праводзілі дома супраць нематываванага “Мілана”, які сваю задачу на сезон ужо даўно выканаў. У такой сітацыі ад фрыўльцаў патрабаваўся хаця б адзін пункт для станоўчага выніку спрэчкі, марай жа рымлян была параза “зебр” і уласная перамога на выездзе, дзе іх ўжо чакаў “Лечэ”.
Сваю задачу “Лацыа” выканаў: 4 галы ўляцела ў вароты гаспадароў, і толькі два “арлы” атрымалі ў адказ. Але фрыўльцы не здаліся пад націскам выставіўшага на матч асноўны састаў “Мілана”, а, наадварот, мелі некалькі выдатных магчымасцяў забіць. Галоўны герой супрацьстаяння – галкіпер расанэры Марка Амелія, які адбіў пенальці Антоніа Ды Натале і прадэманстраваў яшчэ некалькі неверагодных сэйваў. Таксама на карысць гасцей у гэты вечар гулялі штангі і перакладзіны. 0:0, і такі рэзультат выводзіць “Удынэзе” ў самае прэстыжнае спаборніцтва клубаў Еўропы наступнага сезону, які, несумненна, пойдзе ім на карысць як у фінансавым, так і ў гульнявым плане. “Лацыа” ж тым часам застаецца ў зоне Лігі Еўропы, хаця рымскі клуб амаль увесь сезон прайшоў у чацвёрцы, а некаторы час быў нават лідэрам. Але калі ўспомніць, што год таму бьянкачэлесці ледзь-ледзь захавалі сябе ад вылету ў Серыю Б, цяперашні рэзультат падаецца больш, чым проста станоўчым.
Таксама ў Лізе Еўропы згуляе і другі рымскі клуб – “Рома”. Каманда Мантэллы паскакала на касцях “Сампдорыі” ў апошнім матчы сезону (3:1) і пакінула за бортам еўракубкаў легендарны “Ювентус”. Апошні раз з турынцамі такое здаралася ў 1991 годзе (калі не ўлічваць вымушаны неўдзел з-за Кальчыаполі ў 2006 і 2007 гадах). Ужо заяўлена аб змене галоўнага трэнера Старой Сіньёры, ў наступным сезоне пасаду Луіджы Дэль Нэры займе нехта іншы. Хто будзе гэтым шчасліўчыкам (гэта яшчэ з якога боку паглядзець), пакуль невядома, але, хутчэй за ўсё, той, хто выцягне “Юве” з багны, якая зараз ім валодае, будзе героем фанатаў на доўгія часы. Дарэчы, ў апошняй гульні б’янканэры двойчы адыгрываліся і ўрэшце рэшт вымучылі-такі дамашнюю нічыю з “Напалі”, які па праве будзе прадстаўляць Італію ў Лізе Чэмпіёнаў.
Таксама трэбы вылучыць “груканне дзвярыма” “Бары”. Апошняя каманда Серыі А ў гасцях накалаціла “Балоньі” 4 безадказныя мячы, але ёй гэтае ўжо ніяк не дапаможа. Асабліва ў разгроме вылучыўся малады выхаванец “Бары” Франчэска Грандольфа, зрабіўшы хет-трык, нягдедзячы на тое, што першы раз згуляў у аснове.
Таксама, магчыма, трэба выдзеліць супрацьстаянне страціўшага карону “Інтэра” і “Катаніі”, у якім бясспорна перамаглі гаспадары “Джузэпэ Меаца”. Забілі яны тры галы, а прапусцілі адзін. Аўтарам двух чорна-сініх галоў стаў джампаала Пацыні, а прыгажэйшы мяч дальнім ударам забіў арэндаваны ў “Чэзэны” японец Юта Нагатома. Усе прыгажэйшыя галы туру вы можаце паглядзець на відэа:
З гучных трансферных навін можна выдзеліць непадпісанне “Міланам” кантракту са сваёй легендай – Андрэа Пірла, які становіца вольным агентам і, хутчэй за ўсё, працягне кар’еру ў “Ювентусе”. На мінулым тыдні ён развітаўся з паплечнікамі па камандзе:
Такім чынам, чэмпіянат сезону 2010/11 можна лічыць скончаным. Для кагосьці ён прынёс шмат сюрпрызаў, для кагосьці – не менш расчараванняў. Ну, і як гэта прынята, падвядзем вынікі статыстыкай.
1. Лепшыя бамбардыры: Антоніа Ды Натале (“Удынэзэ” – 28), Эдысан Кавані (“Напалі” – 26), Самюэль Это’О (“Інтэр” – 21).
2. Лепшыя асістэнты: Андрэа Косу (“Кальяры” – 13), Эзэкіэль Лавесі (“Напалі” – 12), Златан Ібрагімавіч (“Мілан” – 11).
3. Лепшыя абаронцы (па колькасці адбораў): Дамініка Крышыта (“Джэнаа”), Мехдзі Бенаціа (“Удынэзэ”), Джузэпэ Вівес (“Лечэ”) – па 97 адбораў.
4. Колькасць пасоў: Крысціян Ледэсма (“Лацыа” – 2115), Цьяга Сілва (“Мілан” – 1981), Хаўер Дзанэці (“Інтэр” – 1957).
5. Лепшыя дамашнія каманды: “Інтэр” – 48, “Мілан” – 43, “Лацыа” – 42.
6. Лепшыя гасцявыя каманды: “Мілан” – 39, “Напалі” – 30, “Удынэзэ” – 29.
7. Лепшая атака: “Інтэр” – 69, “Мілан”, “Удынэзэ” – па 65.
8. Лепшая абарона: “Мілан” – 24, “Напалі”, Лацыа” – па 39.
9. Лепшы унёсак у гульню каманды – Марка Дзі Вая: з 35 галоў “Балоньі” 19 забіта ім (54%).