Адкрываўся тур матчам у Франкфурце. “Айнтрахт” прымаў “Вэрдэр”. Абедзьве каманды змагаюцца за выжыванне, таму перамога, хоць выраз і банальны, азначала здабыццё 6 ачкоў. Адкрыць лік мог брэменец Вагнэр, але патрапіў у штангу. Не здолеў забіць і сапернік: Гекас не рэалізаваў выхад сам-насам. Нарэшце, Вагнэр прабіў па варотах Фэрмана, удар заблакаваў Алтынтоп, але мяч пайшоў у вароты – 0:1. Затым у Гекаса быў яшчэ адзін момант – грэк перакінуў Візэ ў чыстым выхадзе, але прабіў галавой вышэй за пустыя вароты(!) За свае старанні “Айнтрахт” атрымаў узнагароду: удар чэха Марціна Феніна прынес франкфуртцам нічыю.
“Баварыя” рана выйшла наперад у гасцявым матчы з “Нюрнбэргам”. Вядома ж, мала хто акрамя дуэту “Ра-Ры” раздае галявыя перадачы ў гэтай камандзе. Так было і на гэты раз. Рабэн аддаў мяч на Мюлера, той згуляў проста бліскуча і “налічыў” першую прабоіну саперніку. Першая прабоіна і стала адзінай у нюрнбэржскім караблі. Далей Гомэс мог забіваць з выхаду сам-насам, але не атрымалася. На 61-й хвіліне жудасную памылку дапусціў Крафт. Малады брамнік падараваў мяч Айглеру, які скарыстаўся прэзентам – 1:1. Гульня скончылася з такім лікам, над “Баварыяй” рэальная пагроза не трапіць у Лігу Чэмпіёнаў, тым болей у наступным туры на “Альянц-Арэну” прыедзе “Баер”. Пасля няўдачы ў Нюрнбэргу Луі ван Гал датэрмінова быў звольнены з клуба, у астатніх турах мюнхенцаў будзе трэніраваць памочнік галандца Андрэас Ёнкер. Такім чынам, перадаваць эстафету трэнерства ў найпапулярнейшым нямецкім клубе Юпу Хайнкесу будзе не ван Гал. Звальненне паследвала пасля гульні, а да таго Ар’ен Рабэн сказаў арбітру матча Кнуту Кірхнэру ўсё, што думае пра ягоную працу. І быў выдалены пасля фінальнага свістку. Матч з “аптэкарамі” баварцы правядуць без свайго трэнера і без аднаго з лідэраў. Улі Хёнэсу настолькі не спадабалася памылка Крафта, што ён абвінаваціў у гэтым…звольненага трэнера. Ван Гал, паводле меркавання Хёнэса, мусіў ставіць у аснову Бута.
“Кайзерслаўтэрн” хутчэй за ўсё пазбегне вылету ў другую бундэслігу, а вось пра “Штутгарт” гэтага нельга сказаць. Швабы саступілі на сваім полі “чарцям” і “прэтэндуюць” на паніжэнне. Адкрыў лік Лакіч, затым швабам удалося забіць два галы ў адказ – спачатку вызначыўся Кузманавіч з пенальці, а затым гол правёў Паграбняк. Рускі форвард забівае нейкімі серыямі, порцыямі. Можа быць, у ім заключваецца невядомы рэзерв у барацьбе за выжыванне? Другі тайм падапечныя Лабадыі правялі горш і тройчы прапусцілі – Лакіч аформіў дубль, а Хофер і Рывіч забілі па голе. 2:4 – адзін з лепшых зыходаў для аматараў прыгожага футболу. Толькі фанатам “Штутгарта” ад гэтага цяжка, іхні клуб на мяжы раставання з Бундэслігай.
У барацьбе прэтэндэнтаў на месца ў Лізе Еўропы паміж “Гановэрам” і “Майнцам” верх узяў першы клуб. У кампенсаваны да першага тайму час Навескі быў выдалены за парушэнне супраць Штындле, і Конан Я забіў з пенальці, а Пінту ў другой палове падкрэсліў перавагу “96-х”. Па ўсім відно, што Мірка Сломка жадае вывесці сваю каманду ў еўракубкі. У горадзе пачынаюць забываць, што звычайнай працай мясцовай каманды апошнімі сезонамі была барацьба за выжыванне.
“Шальке” знаходзіцца на 9-м месцы і правальвае дзень пры дні матчы нацыянальнага першынства. Нешта ў гэтым ёсць, клуб эканоміць сілы для Лігі чэмпіёнаў і мы бачым плады: “Інтэр” быў разнесены на “Сан-Сіра” з лікам 5:2 і хутчэй за ўсё менавіта “кобальтавыя” здымуць кантынентальную карону з італьянскага клуба, які заваяваў гэты тытул амаль цалкам без італьянскага ўдзелу. І сам “Шальке” шмат у чым падобны па гэтым кампаненце да “Інтэра”. У чэмпіянаце мякка кажучы непераканаўчая гульня “Шальке” перастала здзіўляць. Гельзенкірхенцы прымалі каманду былога трэнера – “Вольфсбург” і тутака можна было чакаць чарговай страты ачкоў. Праўда што, можна было. Але на гэты раз “Шальке” вырашыў згуляць на перамогу і ўсё атрымалася. Гол іспанца Хурада за 14 хвілін да заканчэння прынес вікторыю. “Ваўкі” паказвалі часам добры футбол, але прабіць куміра нямецкіх хлапчукоў Ноера так і не змаглі. Са штабу “Шальке”, зрэшты, ёсць адна кепская вестка – Ян-Клас Хунтэлаар пакуль ніяк не можа залячыць сваю траўму калена, паведамілі клубныя ўрачы, а гэта значыць, што без футбола галандзец будзе яшчэ тры тыдні замест планаванага выхаду на поле ў бліжэйшых матчах.
Антон Пуціла выйшаў у стартавым саставе “Фрайбурга” на матч “Хафенхаймам”. І дзіва што – зноў варта было чакаць ягонай замены, да чаго мы прызвычаіліся. Але на гэты раз Робін Дут даў беларусу ўвесь матч. На 23-й хвіліне Шустэр вывеў “Фрайбург” наперад, але праз дзесяць хвілін Ібішавіч з 11-метровага лік зраўняў. Напрыканцы тайму Бабель зрабіў лік 1:2 на карысць “Хафенхайма”. З самага пачатку другой паловы “Фрайбург” кінуўся адыгрывацца і зарабіў права на пенальці – Сісэ правёў свой 18-ты мяч у сезоне, цяпер ён толькі на адзін гол адстае ад Марыа Гомэса з “Баварыі”. Варта сказаць, што з 33-й хвіліны “Фрайбург” гуляў у меншасці праз выдаленне Кркмаса(за ягоны фол і быў прызначаны пенальці, што рэалізаваў Ібішавіч). Але гэта не зашкодзіла “Фрайбургу” гуляць нібы ў поўным саставе. Болей за тое – Бутшэр на 78-й прынес ім перамогу – 3:2.
“Кёльн” заслугоўвае статус самай непрадказальнай каманды. “Казлы” былі разбітыя на выездзе мёнхенгладбахскай “Барусіяй”. Прычым запісны аўтсайдэр перамог “казлоў” і ў першым коле – тады матч у Кёльне скончыўся з лікам 4:0. Цяпер вынік быў амаль той жа – 5:1! У гаспадароў двойчы вызначыўся Даэмс. Адзіны мяч за “Кёльн” правёў Навакавіч. “Барусію” з ейнымі 26-цю баламі можа нічога не ўратаваць, затое адзначаем цікавы факт – “Кёльн” адзіны на дадзены момант клуб Бундэслігі, які “Барусія” здолела двойчы перагуляць, прычым з разгромам.
“Барусія” “лідэрская” гуляла ў гасцёх супраць “Гамбурга”. Днямі дортмундцы падпісалі таленавітага 19-гадовага абаронцу “Гановэра-96” Марсэля Халстэнбэрга і падоўжылі да 2014 году кантракт з адным з лідэраў каманды 18-гадовым Марыа Гетцэ. На паўабаронцу сталі прэтэндаваць славутыя і, галоўнае, заможныя клубы, у іх ліку і “Манчэстэр Юнайтэд”, аднак сам Марыа заявіў, што нікуды з Дортмунда не паедзе, тым больш усё адно будзе гуляць у Лізе чэмпіёнаў налета. На фоне трансферных поспехаў “Барусія” сустрэла сур’ёзны адпор у матчы. “Гамбург” пасля парушэння правілаў з боку Хумэльса атрымаў шанц забіць з пенальці. Да 11-метровай пазнакі падышоў не пацярпелы Петрыч, а ягоны партнёр па атацы ван Ністэлрой. 1:0! Імгненна гамбуржцы арганізавалі яшчэ адну небяспечную атаку варожых варотаў, але на гэты раз Вайдэнфеллер ліквідаваў пагрозу ад Бэн-Хаціры. Пасля перапынку ў абодвух клубаў былі выдатныя магчымасці забіваць, традыцыйна растранжырыў некалькі момантаў Барыас, у тым ліку парагваец трапіў у папярэчыну. “Гамбург” меў некалькі неблагіх эпізодаў. Урэшце рэшт, Бэн-Хаціра дагуляўся да чырвонай карткі і лідэрам удалося выкарыстаць гэта. На 90+2-й хвіліне Шмельцэр падаў на Авамаелу, той скінуў мяч на Блашчыкоўскі і паляк прынес ачко “Барусіі”. Але ж гэта не перамога!
Зыходу матчу ў Гамбургу леверкузенцы радаваліся быццам свайму. Але ж і самі павінны былі не схібаваць у супрацьстаянні з “Санкт-Паўлі”. У маладога Гіфера, які ў браме “фармацэўтаў” замяніў траўмаванага Адлера, адразу ж знайшлася праца – на першых хвілінах Фабіян адбіў добры ўдар Лемана. На апошніх хвілінах перад перапынкам Барнэта стварыў шыкоўную магчымасць забіць для Артура Відаля, а той не трапіў у пусты вугал. На 58-й хвіліне ў гульні быў забіты першы мяч – Такі выкарыстаў прастрэл справа – 0:1. “Баер” абрынуўся на вароты саперніка з новымі сіламі і агрэсіяй і зраўняў лік. Штэфан Кіслінг граматна завяршыў камбінацыю, распачатую з паса пяткай ад Гансала Кастра. А на 77-й Ларс Бэндэр прынес “Баеру” тры ачкі. Абарона “Санкт-Паўлі” памылілася пры стварэнні штучнага афсайду, Бэндэр выйшаў сам-насам з брамнікам гасцей і растраляў вароты – 2:1. “Баер” да 5-ці ачкоў скарачае адставанне ад “Барусіі” (Дортмунд). Наступны тур павінен стаць болей лёгкім для “жоўта-чорных”. Яны будуць дома прымаць “Фрайбург”. “Баер” паедзе на “Альянц-Арэну” ў Мюнхене на гульню супраць “Баварыі”.