— Як сябе адчувае Антоніа Касана? Пасля матчу з “Ромай” ён быў шпіталізаваны.
Джанлука Дзамброта:
— Уся каманда вельмі перажывае за ягоны стан, мы тэлефануем Антоніа, даведваемся, як ён. Пакуль усё добра і, спадзяемся, хутка ён выйдзе на поле, але дакладныя тэрміны я вам назваць не магу.
— Што наконт Баатэнга? Ягоны выхад таксама стаяў пад пытаннем, ды і ўвогуле, як будзе выглядаць італьянская лінія паўабароны?
Масімільяна Алегры:
— Калі нічога не зменіцца, Кевін заўтра будзе ў стартавым складзе. Таксама згуляе Зеедарф. Што тычыцца лініі абароны, то мы ўбачым Джанлуку Дзамброту і Ін’яцыа Абатэ.
— Ці не хвалююць вас такія шматлікія траўмы напачатку сезона?
Алегры:
— Я не бачу праблем з траўмамі. Іншыя недахопы ёсць, і яны больш важныя.
— Перажываеце перад гульнёй з БАТЭ?
Алегры:
— Не, мы паказалі вельмі добры футбол у суботу з “Ромай” і не збіраемся зніжаць тэмпы. Заўтра вельмі важны матч дзеля нашага лідарства ў групе з пункту гледжання турнірнага палажэння. Мы павінны перамагаць БАТЭ і потым спакойна рыхтавацца да матчу з “Барсай”. Трэба проста, каб нашыя гульцы зразумелі важнасць гэтай сустрэчы, і тады ўсё будзе добра.
— Няма недаацэнкі суперніка?
Дзамброта:
— Не, мы ўсе ведаем, што гэта Ліга Чэмпіёнаў, і слабых клубаў тут няма. Будзем гуляць на поўную моц.
— Як ацэньваеце свае шанцы заняць першае месца ў нашым квартэце?
Алегры:
— У нас вельмі шмат сустрэч, з такой іх колькасцю цяжка нешта прадказваць. Будзем глядзець, што атрымаецца далей, і спадзявацца на лепшае.
— Чаму адмовіліся ад трэніроўкі на “Дынама”?
Алегры:
— Не хачу, каб вы палічылі гэта за знявагу апанента. Гэта нашая звычайная практыка, мы заўжды трэніруемся перад самым вылетам і потым адразу выходзім на матч.
— У аэрапорце вас чакала шмат мясцовых заўзятараў “расанэры”. Чаму вы іх праігнаравалі?
Алегры:
— Мы вельмі спяшаліся хутчэй трапіць у гасцініцу, а свой аўтограф кожны паспее атрымаць каля яе.
— Чаму на поле дагэтуль не выходзіць Філіпа Інзагі? Ён не заяўлены ў Лігу Чэмпіёнаў, але і ў Серыі А пакуль не гуляў.
Алегры:
— Піпа быў без футболу 10 месяцаў. Мы хочам быць да канца ўпэўненымі ў тым, што ягоная траўма залечаная.
—Вашая каманда вельмі шмат забівае, але і прапускае значна больш, чым у мінулым годзе. Чаму так адбываецца?
Алегры:
— Калі вы бачылі нашыя апошнія матчы, то маглі заўважыць, што большасць галоў можна назваць выпадковымі, іх не павінна было быць. Таксама вялікая колькасць забіта са стандартаў. Таму я не перажываю за абарону “Мілана”.
Дзамброта:
— Так, мы прапускаем значна больш, чым год назад. Здаецца, нам проста не хапае ўважлівасці ў асобных момантах. Але мы працуем над сабой і выпраўляем памылкі.