• 07.05.2026

Футбол. Чэмпіянат Беларусі. Першая ліга. Агляд 23 туру: “Рудэнск” выйшаў і прайграў

Окт 10, 2011

Ніводная з трох каманд, якія аднойчы не прыязджалі на выезды не дапусціла другой няяўкі. Перад матчам “Рудэнск” – “Славія-Мазыр” можна было чакаць, што гаспадары не выйдуць на поле. Але матч адбыўся. Прычым “Рудэнск” першы забіў – гэта Наздрын-Платніцкі вызначыўся трапным ударам. Але ўжо праз дзесяць хвілін Юдзянкову ўдалося забіць мяч у адказ – 1:1. Потым “Славія”, якой абавязкова трэба было перамагаць, доўга не магла прабіць брамніка “Рудэнска”. Толькі на 86-й хвіліне Волкаў завёў мяч за лінію – 1:2, з цяжкасцю “Славія” здабывае тры ачкі.

У дзвюх разборках аўтсайдэраў перамогі атрымалі госці. “Хімік” дзякуючы голу Шукеловіча выйграў у “Белкарда”. Гэта толькі ў асобных людзей уражанне, што за “Хімік” адзін Шукеловіч і забівае? “Баранавічы” прымалі “Полацк”. І нават з такім сапернікам галоўны аўтсайдэр турніру нічога зрабіць не змог. Моцны дождж перашкаджаў паказваць хоць нешта цікавае на поле, таму большасць дзеянняў была сумбурам. Нарэшце, палачанін Карніцкі забіў мяч пасля розыгрышу вуглавога. На 39-й хвіліне сапернікі абмяняліся грубымі памылкамі ў абароне, але “Баранавічам” пашчасціла, чаго не скажаш пра “Полацк”. Бакун падвартаваў тэхнічны брак аднаго з полацкіх абаронцаў і закалаціў мяч у сетку – 1:1! На 61-й хвіліне “Полацк” забіў пераможны мяч, “вызначыўся” футбаліст “Баранавічаў” Сіняковіч, які адправіў мяч у свае вароты. 1:2. “Баранавічы” распачалі трэці дзясятак паразаў.

Можа парадавацца нічыёй “ДБК-Гомель”. Гомельскі клуб дома згуляў 0:0 са “Слуцкам”, любое набранае ачко ў падвале табліцы – важнае.

Канчаткова аформілася бездань паміж першым квартэтам і ўсімі астатнімі камандамі, бо ў чарговым “паляшуцкім дэрбі” “Ведрыч-97” не змог перагуляць “Граніт”. Цікава, што “Граніт” ніколі дагэтуль не перамагаў у Рэчыцы ў чэмпіянатах. Толькі раз выйграў у Кубку краіны. На 37-й хвіліне мікашэвічца Бутрамьева фолам апошняй надзеі спыніў Бурдукоўскі, за што быў выгнаны з поля. У другім тайме “Граніт” адкрыў лік – Дзямешка прабіў з-пад абаронцы, Хаткевіч парыраваў мяч прама на Хаміцэвіча, каторы і забіў першы гол у матчы. Зрэшты, неўзабаве з перадачы Барсукова Казловіч зраўняў лік. А потым Мартынец парушыў правілы і быў выдалены з поля – саставы сталі роўныя. На апошніх хвілінах “Граніт” ледзь не звез вікторыю, але дзве ўбойныя магчымасці не былі выкарыстаныя.

“Гарадзея” перамагла “Хвалю”. Прычым пінскі клуб не гуляў абы як. На 13-й хвіліне лепшы бамбардзір гасцей Каралюк забіў мяч, потым ён вызначыцца яшчэ і на 68-й, чым давядзе колькасць забітых галоў да 18 і стане лепшым бамбардзірам чэмпіянату. Аднак паміж двума галамі Каралюка прайшлі тры “Гарадзеі”. Дубль Літвінчука і дакладны стрэл Калядкі прымусілі гасцей прыціснуцца да сваіх варотаў, каб пазбегнуць разгрома. Гол Уладзіміра Макоўскага з перадачы Валадзянкова падкрэсліў перавагу “Гарадзеі” – 4:2! Дарэчы, Валадзянкоў стаў адным з герояў гульні – на яго рахунку тры галявыя перадачы.

СКВІЧ перамог у гасцях “Смаргонь” дзякуючы дублю Юрыя Мархеля.

“Партызан” свой матч з “Клечаскам” папрасіў перанесці і атрымаў ад федэрацыі перанос на 2 лістапада. Просьба была аформлена ў сувязі з занятасцю пяці футбалістаў каманды ў гульнях зборных. Цяпер “Партызан” мае ўжо два прапушчаныя матчы.

Наступны тур рыхтуе для нас мінскае дэрбі паміж “Партызанам” і СКВІЧам. “Партызан” мае дзве гульні ў запасе і пры гэтым усё адно ўзначальвае табліцу з 53 ачкамі. Столькі ж у “Славіі”. “Гарадзея” і СКВІЧ набралі па 49. У зону вылету апусціўся “Рудэнск” з 22 ачкамі. У “Баранавічаў” 3 ачкі.