• 30.11.2023 17:34

Хет-трык Макася

Гомельскі “ДБК” перамог “Ведрыч-97” і гэтым засцярог сябе ад блізкай небяспекі вылету, а рэчычанаў пазбавіў апошніх ілюзій наконт вяртання ў эліту праз доўгія гады. Героем стаўся Максім Дашук, гол каторага на 86-й хвіліне стаў адзіным.

“Слуцк” вядзе спакойнае жыццё ў “балоце” табліцы разам з “Клечаскам” і “Хваляй”, так не скажаш пра “Белкард”. Гродзенцы, вядома, знаходзяцца ў лепшай пазіцыі за сваіх апанентаў па барацьбе за выжыванне, але да канца не ўпэўненыя ні ў чым. “Слуцк” яны прымалі ў сябе дома ў Гродне і забілі гол у раздзявальню – аўтарам мяча стаў Тулінскі. Але другая палова стала кашмарнай для “Белкарда”. “Слуцк” узяў вароты гродзенцаў у шчыльную аблогу і тройчы прабіваў фартэцу саперніка – Грыгараў, Крот і Равіна забівалі. “Белкард” забіў напрыканцы, мяч правёў Вярстак, але лік 2:3 наўрад ці задавальняе гродзенцаў.

“Хваля” у гасцях перамагла “Смаргонь”. На 22-й хвіліне пінчук Валадзько ўвагнаў мяч у сетку чужых варот, потым шанц забіць быў ужо ў смаргонцаў. Пенальці прабіваў Фастаў, але другі брамнік “Хвалі” Рошчын не дазволіў яму вызначыцца. Добрая гульня свайго брамніка дала футбалістам пінскай каманды новы імпульс, яны пайшлі зноў штурмаваць вароты сапернікаў і Каралюк падвоіў лік. Таксама ў саставах каманд былі выдаленні – у “Хвалі” чырвоную картку атрымаў Татарэвіч, у “Смаргоні” Попель. Гаспадары ўсё ж здолелі забіць мяч прэстыжу – Рушніцкі своечасова зарыентаваўся сярод купк чужых абаронцаў – 1:2.

“Баранавічы” вялі ў матчы з “Клечаскам” пасля ўдару Клімашэўскага, але капітулявалі ўжо дзевятнадцаты раз у сезоне, прапусціўшы ад Матарэнкі і Сямёнава. Наступная параза стане юбілейнай.

СКВІЧ і “Гарадзея” яшчэ варушацца ў надзеі дагнаць “Славію”. Мінчане ва ўпартай барацьбе атрымалі верхнад “Рудэнскам” 3:2 саступаючы па ходу матчу 0:1. “Гарадзея” ў гэтым туры перамагла “Граніт”. Ужо на першых секундах матчу Уладзімір Макоўскі выдаў галявы пас на Віталя Валадзянкова – 1:0! На 72-й хвіліне Цярэнцьеў забіў з някепскай перадачы Гаркушы і падвоіў лік.

“Славія” тым часам выйграла ў “Полацка”. Магчыма, што не так упэўнена як магла, але ж выйграла. Адзіным стаў гол Усачова.

Лідар турніру мінскі “Партызан” у сябе дома прымаў светлагорскі “Хімік” і ўпэўнена ўзяў тры ачкі. Хет-трыкам у матчы вызначыўся Макась. Першы раз ён забіў на 8-й хвіліне, потым яшчэ два разы тэхнічна збягаў ад абаронцаў светлагорскага клуба і перакідваў Каморнікава. Паміж першым і другім мячамі ўлез іншы  шыкоўны гол – Ікім бліскуча выканаў штрафны ўдар, Каморнікаў не дацягнуўся да мяча – выратавала папярэчына, мяч ад яе адскочыў у лінію варот з падазрэннем, што ён пабываў цалкам за ёй і выляцеў у поле, тут жа на ім быў Талканіца, які на той момант яшчэ толькі падвоіў лік. У другім тайме ўжо саступаючы 0:4 “Хімік” згубіў яшчэ і Лепіна, які груба падкаціўся пад Бубнова і быў выдалены. Тым не менш якраз у меншасці светлагорцам давялося забіць, гэта Загвоздзін аказаўся самым спрытным і з блізкай адлегласці “праткнуў” Пяцігорца. У канцы гульні “Партызан” мог забіць яшчэ, але фенаменальна стаў гуляць у варотах “Хіміка” Каморнікаў. Капітан прыезджай каманды адбіў два ўдары ва ўпор запар, а потым справіўся з яшчэ адным такім ударам. 4:1 – перамогу святкуе “Партызан”.

Цяпер у “Партызана” 50 ачкоў, у “Славіі” 47, па 43 у “Гарадзеі” і СКВІЧа. У зоне вылету знаходзяцца “Полацк” (19) і “Баранавічы” (3). Футбаліст “Хвалі” Каралюк лідзіре ў бамбардзірскім спісе з 16 мячамі, па 15 у “сквічаўца” Шакава і “партызана” Макася.