• 26.06.2025

Чэмпіянат Нямеччыны. Агляд 4 тура: “Гамбург”: у нас праблемы

Авг 29, 2011

23972_345pxМарыа Гомэс калі толькі прыйшоў у мюнхенскую “Баварыю”, ніяк не мог прыстасавацца да гульні партнёраў. Мінулы сезон Марыа адгуляў выдатна, даказаў, што ён не футбаліст адной каманды. Цяпер Гомэс працягвае спраўна забіваць за мюнхенцаў і ў чацвёртым туры ўчыніў разгром “Кайзерслаўтэрну”. У “Баварыі” былі праблемы з саставам, у прыватнасці, зноў атрымаў траўму Рабэн, прычым тэрміны аднаўлення галандца пакуль невядомыя. Алаба, які замяніў Рабэна і гуляў на правым флангу, натуральна, пакуль раўназначна замяняць зорку не можа. Аднак атака “Баварыі” пацярпела з-за гэтага нязначна. У мюнхенцаў ёсць Рыберы і Мюлер, якія робяць гульню за гульнёй. Атакі баварцаў пачалі несці небяспеку ўжо ў першыя хвіліны, але гол быў забіты толькі пад канец тайму. Родні згуляў рукой у штрафной, а Гомэс з пенальці не прамахнуўся. Потым у штрафной “Кайзерслаўтэрна” адбылося яшчэ адно няшчасце, завалілі Томаса Мюлера. Сумнеўны пенальці. На гэты раз Гомэс Трапа прабіць не змог, але з дабівання падвоіў лік. Затым Гомэс аформіў хэт-трык. Атака пачалася з Рыберы, Мюлер выдатна аддаў перадачу на снайпера, а той не прамахнуўся – 0:3! У кампенсаваны арбітрам час быў выдалены паўабаронца “чарцей” Ілічавіч.

Пра праблемы “Гамбурга” ўжо надакучыла гаварыць. Каманда з партовага горада хоць і забіла тры галы “Кёльну”, усё роўна нічога не паказала і прапусціла ў свае вароты чатыры! Ужо дзесяць матчаў без перамог з улікам мінулага сезону! Апошнія дзесяць хвілін ускрылі ўсе праблемы абароны каманды, і яна, ведучы 3:2, умудрылася саступіць. У “Гамбурга” забівалі Петрыч з 11-метровага, Райкавіч і Сон, у “Кёльна”  – Чыхі і Навакавіч. За апошнія хвіліны спачатку Клеменс, а потым Макенна засмучалі Дробны. 3:4, нават “Кёльн” выйграў у “Гамбурга”…

У Фрайбургу і Вольфсбургу таксама не радаваліся старту сезону, таму ўскладалі надзеі на добры гульнявы дзень у міжсобнай гульні. У “Фрайбурга” у старце выйшаў Папіс Сісэ, які даўно “прасёк” інтарэс да яго з боку іншых каманд і магчымасць зарабіць добры і прывабны кантракт. Сісэ напярэдадні даў вялікае інтэрв’ю, у якім безапеляцыйна адзначыў: “У гэтым горадзе мне гуляць надакучыла, хачу знайсці сабе новы клуб”. Аднак матч з “Вольфсбургам” Сісэ правёў цалкам. Гуляў афрыканец неяскрава, затое партнёры жадалі забіць. “Вольфсбургу” не дапамог нават Кір’якас, які перайшоў з “Ліверпулю”. На 30-й хвіліне Барт першы зрэагаваў на адскок мяча, потым Ендрышэк “садануў” як след, трэці гол у вароты Бэналья даслаў Макіадзі – 3:0!

“Хафенхайм” сустракаўся з “Вэрдэрам”. Ведад Ібішавіч хутка павінен стаць футбалістам “Блэкбёрна”, якому не ўдалося раней падпісаць Рауля. Хафенхаймцы пасля голу Фірміна выйшлі наперад, тут жа Арнаутавіч зраўняў лік. Марка усё яшчэ збіраецца пакідаць Брэмэн, хоць здзелка з ПСВ правалілася. Так ці іначай, Арнаутавіч забіў ужо другі гол у чэмпіянаце. У канцы гульні Розэнбэрг прыгожым ударам забяспечыў перамогу “зялёным”. Таксама матч азнаменаваўся бойкай на сектары стадыёна, дзе знаходзіліся ультрас “Вэрдэра”. Паводле паведамленняў нямецкай прэсы, нешта не спадабалася сцюардам, якія паспрабавалі прагнаць з сектару асабліва неспакойных фанаў брэмэнскай каманды. Сцюарды атрымалі сур’ёзны адпор, былі прагнаныя з сектару, а затым там з’явілася паліцыя, якая хутка арыштавала некалькіх удзельнікаў “замесу”.

“Нюрнбэрг” дома прымаў “Аўгсбург”, клуб, з якім у траўні 2010 года гуляў у пераходных матчах. Тады “Нюрнбэрг” выйграў абодва, цяпер падтрымаў традыцыю. 21-гадовы экс-форвард дрэздэнскага “Дынама” Эсвайн забіў бліскучы гол, які і стаў адзіным.

Мудрагелістая сістэма Лігі чэмпіёнаў не разглядае інтарэсы саміх чэмпіёнаў. Там больш важна мець высокі рэйтынг, які вылічваецца на працягу гадоў. Таму бронзавы прызёр Бундэслігі “Баварыя” трапіла ў першы кошык пры лёсаванні, віцэ-чэмпіён Нямеччыны “Баер-04” – у трэці, а каманда, якая іх летась “абставіла” – дортмундская “Барусія”, –  толькі ў апошні, чацвёрты. Дзіва! У чацвёртым туры якраз і быў матч “Баера” з “Барусіяй”. Дортмундцы, як і раней, не могуць разлічваць на Лукаса Барыаса, а ў “Баера” зноў застаўся на лаўцы запасных Міхаэль Балак. Прычым на тыдні Робін Дут публічна сказаў, што ў цэнтры паўабароны “аптэкарам” хапае футбалістаў, і кінуў намёк, што гуляць у тры апорнікі “Баер” не збіраецца нават з самым сур’ёзным супернікам і выслоўе “трэці нялішні” не для яго каманды. Як вынік – трэцім лішнім з’яўляецца Балак, ветэран сядзіць на лаве, пакуль выходзяць на поле Сімон Рольфэс і Свэн Бэндэр. Па чутках, Балак збірае валізы ў “Вольфсбург”. На першы погляд падалося, што ў гульні няма нічога цікавага, каманды адведвалі штрафныя пляцоўкі адно аднаго, хоць гэта нячаста прыносіла небяспечныя сітуацыі. Тым часам і Лена, і Вайдэнфелер былі задзейнічаны ў сустрэчы даволі актыўна. Шурле, нарэшце, разварушыўся і стаў паказваць эпізод за эпізодам добрыя флангавыя праходы, выкшталцоныя перадачы і многае іншае. А самы сур’ёзны нерэалізаваны эпізод быў упушчаны Райнартцам. Штэфан шыкоўна прабіў штрафны, Вайдэнфелер цудам змог адбіць мяч. Ужо ў першай палове далася ў знакі нервовасць Кадлеца. Папраўдзе, Кадлец не так і груба фаліў, аднойчы Вольфганг Штарк нават паставіў штрафны пасля лёгкага дотыку да Гетцэ. Тым не менш, чэх моцна нерваваўся і неўзабаве зарабіў жоўтую картку. Потым, ужо на 65-й хвіліне, Кадлец грубым чынам спыніў Гетцэ – выдаленне. Усе апеляцыі футбалістаў “Баера”, маўляў, за грубасць не выдалілі абаронцу “Барусіі” Хумельса, не мелі станоўчага выніку. Праз пяць хвілін выдаленне ў саставе “Барусіі” ўсё ж адбылося. Пагнаны з поля быў Гетцэ, які быццам адмахнуўся ад Баліча. Нават сам пацярпелы гаварыў арбітру, што нічога сур’ёзнага не было, але Штарк выгнаў дыспетчара “Барусіі” з поля. Нягледзячы на безліч небяспечных эпізодаў, галы так і не былі забітыя – 0:0. Тым часам, з Леверкузена прыйшла непрыемная навіна – Транкільа Барнэта па-ранейшаму мае праблемы з меніскам, які швейцарац пашкодзіў перад сезонам, ягонае вяртанне на поле чакаецца толькі ў студзені.

Фанаты “Гановэра-96” зладзілі авацыю сваім футбалістам, якія прайшлі ў групавы этап Лігі Еўропы. Была абгуляная іспанская “Севілля”, прычым затрацілі на гэта энергіі гановэрцы нават менш, чым футбалісты “Шальке” ў гульнях з “ХІКам”. У 4-м туры “Гановэр-96” прымаў “Майнц-05”. Госці планавалі дзейнічаць на контратаках, хаця для забітага голу контратака ім не спатрэбілася. Ужо на 70-й секундзе забіў Алагуі. На 30-й хвіліне “Гановэр” зраўняў лік, прастрэл Раўша на Абдэлаўэ – 1:1! Аднак, хоць далей “96-я” мелі перавагу, забіць больш не змаглі. Нічыя.

“Шальке-04” коштам неверагодных намаганняў агораў бар’ер “ХІКа” і прайшоў у групу Лігі Еўропы. А потым выйграў у лідараў – мёнхенгладбахскай “Барусіі”. Варта ведаць, што больш несаступлівага апанента ў гладбахцаў няма – апошні раз “Барусія” перамагла “Шальке” 19 гадоў таму(!). І серыя працягваецца, бо Рауль прабіў тэр Штэгена, які выступіў бліскуча. Гэта здарылася на 64-й хвіліне, калі іспанец з некалькіх метраў паразіў вароты. Гельзенкірхенцы перамагаюць 1:0.

Яшчэ ў адным матчы “Герта” перамагла “Штутгарт”. Берлінцы карысталіся толькі безвынікова навесамі Эберта, у “Штутгарта” з’явіліся прэтэнзіі да рэферы, калі той не паставіў відавочны пенальці за фол на Харніку. А перадача верхам Эберта ўсё ж прынесла тры ачкі “Герце”. На 86-й хвіліне ягоным навесам скарыстаўся Рафаэль – 1:0!

На першых радках табліцы – трыумвірат. “Баварыя”, “Шальке” і “Вэрдэр” маюць па 9 ачкоў. А гэта значыць, што ў сёлетняй Бундэслізе ўжо не засталося каманд, якія не маюць пройгрышаў. Ранейшы лідар мёнхенгладбахская “Барусія” пасля сваёй першай паразы ўжо адкацілася на 6-е месца. Унізе знаходзяцца “Аўгсбург” і “Кайзерслаўтэрн”, у якіх па 2 ачкі. А найгоршыя вынікі ў “Гамбурга” – 1 ачко.

Спіс бамбардзіраў не такі шырокі. Лепшыя – Сісэ (“Фрайбург”), Гомэс (“Баварыя”), Хунтэлаар (“Шальке-04”). У іх па 4 мячы, прычым кожны па разу вызначыўся з пенальці.