Роўны чэмпіянат

Нават трох  тураў не вытрымалі нямецкія клубы, каб застаўся хаця б адзін са стопрацэнтным багажом ачкоў. Усе паспелі нешта згубіць. Затое няма і каманд з “0” у графе “ачкі”.

А табліцу ачоліла “Барусія”. І зусім не чэмпіёнская. А з Мёнхенгладбаха, якая ледзь не развіталася ўвесну з элітай. Прычым на першае месца ў чэмпіянаце гладбахцы не выходзілі ўжо 13 гадоў! Сумна для шматразовага чэмпіёна, але такія рэаліі. І тое, у сезоне 1998/99 “Барусія” была лідарам толькі пасля першага туру, дзе, вядома, узначаліць табліцу не так і складана. І вось прайшло амаль паўтара дзясятка гадоў перад тым, як сітуацыя паўтарылася. А паўтарылася пасля ўпэўненай перамогі ў 3-м туры над “Вольфсбургам”. “Ваўкі” былі элементарна бездапаможнымі. У іх саставе дэбютаваў Хітцльшпергер, але гэта не ўратавала. Спачатку ўсё было няблага – пас Трэша на Хасэбэ, бліскучы ўдар азіята – Штэген нічога не можа зрабіць – 0:1! І тут жа дацкі абаронца “ваўкоў” К’яр паслізнуўся на роўным месцы, мяч аказаўся у Бабадзіллі, перадача на Ройса, растрэл рамкі – 1:1! Затым Ройс ужо ў другі раз у гэтым сезоне зарабіў пенальці, прабіваў яго штатны пенальціст “Барусіі” Даэмс – 2:1! А тут яшчэ і просты гол Бабадзіллі. У другой палове гладбахцы супакоіліся і толькі аднойчы завялі мяч за лінію чужых варот – другі гол у матчы правёў Ройс з перадачы Аранга – 4:1.

“Баварыя” робіцца вусцішшу для футбольнага Гамбурга. Летась баварцы разграмілі другую каманду гэтага партовага горада “Санкт-Паўлі” 8:1, “Гамбург” быў разнесены крыху больш “сціпла” –  6:0. Аднак падумаць, што “сіня-белыя” зноў прайграюць падобным чынам ніхто не мог. Аднак каманда Енінга праводзіць старт сезону на вельмі слабым узроўні. Бездапаможнасць першага туру з дзейсным чэмпіёнам змянілася выпакутаванай нічыёй з “Гертай”, трэці тур стаў найбольш жахлівым. “Баварыя”, наадварот, разганяецца, матч Лігі Чэмпіёнаў з “Цюрыхам” мала што прынёс перамогу, дык яшчэ пакінуў прыемныя ўражанні ад усяго саставу баварцаў. Узаемадзеянне паміж імі было добрым і ў матчы з “Гамбургам”. Мюнхенцы амаль з першых жа хвілін пачалі аблогу варотаў Дробны. Енінг насыціў цэнтр поля Яралімам, Рынконам і Вэстэрманам, але насычанасць была выключна ўдаванай, а не рэальнай. Мюнхенцы рабілі ў цэнтры поля ўсё, што жадалі. Урэшце, Рабэн навесіў з правага флангу на ван Бюйтэна, а бельгіец лёгка адаслаў мяч у сетку. Праз пару хвілін Мюлер выдае перадачу на Рыберы – 2:0. Барацьбы не было, паходаў “Гамбурга” за цэнтр поля таксама. Зусім сумна выглядалі госці і заканамерна прапусцілі яшчэ. На 34-й хвіліне Рабэн увайшоў у штрафную, абгуляў як дзяцей пару абаронцаў і забіў свой дзяжурны мяч. Выхад Анатоля Цімашчука ў асноўным саставе “Баварыі” стаў для ўкраінца элементарна трэніроўкай, ягоныя знакамітыя візаві з “Гамбурга” нагадвалі толькі фішкі трэніровачнага поля для ягоных партнёраў-дрыблёраў, якіх у мюнхенцаў хапае. Спраўна пароў моманты ля варотаў гасцей Мюлер, затое зрабіў асістэнцкі дубль. Пра ягоную перадачу на Рыберы ўжо было напісана, на 56-й хвіліне ён забяспечыў шыкоўным момантам Гомэса, які не падвёў. Цырк у Мюнхене скончыўся пасля голу Оліча. Харват выйшаў на замену Рыберы і праз сем хвілін стаў аўтарам пятага голу баварцаў – 5:0! Складана нешта казаць пра становішча “Гамбурга”, калі Міхаэль Енінг не знойдзе нічога новага ў тактыцы, то хутка застанецца беспрацоўным.

Бліскучым відовішчам стаў матч на “Вэзэрштадыёне” ў Брэмэне. “Вэрдэр” перамог “Фрайбург” з лікам 5:3! Па ходу матча “Фрайбург” вёў 0:1, калі прайграваў, здолеў зраўняць лік, але на канцоўку сіл не хапіла. “Вэрдэр” перамагае, за яго забіваюць Фрыц, Пісарра, Арнаутавіч, Хант і Уэслі. У “Фрайбурга” дублем вызначаецца Сісэ, яшчэ аднойчы забівае Райзінгер. Драматычны матч, нічога не сказаць. Дарэчы, адзін з аўтараў брэменскіх галоў Арнаутавіч днямі павінен прайсці медабследванне ў Галандыі, куды ён прыехаў для падпісання кантракту з ПСВ. Марка незадаволены, што Томас Шааф больш давярае іншым форвардам, вось і вырашыў пакінуць Брэмэн.

У Штутгарце пашкадавалі, што аддавалі ў арэнду маладога кіпера Лена. Той у матчы з клубам, якому належаць правы на яго, адгуляў выдатна. А клуб, дзе маладзён гуляе на правах арэнды, – “Баер” здабыў важную перамогу, прабіўшы калегу Лена Ульрайха. Прычым Ульрайх сам прывез гол. На 28-й хвіліне ён адбіў мяч прама на Кіслінга, якому засталося толькі дабіць мяч у сетку. Швабы маглі адыграцца спробамі Паграбняка і Какау, але ў цэлым “Баер” сапраўды выглядаў лепшым за “Штутгарт”. Зрэшты, Шурле зноў нічым не парадаваў наперадзе, а Кіслінг самастойна не стварыў вялікай колькасці небяспечных эпізодаў. Так што толькі 0:1, а ці многа трэба? Галоўнае, што “чырвона-чорныя” працягваюць набор ачкоў. А “Штутгарт” нажыў дадатковыя праблемы на наступны тур, бо Булахруз зарабіў чырвоную картку.

Ультрас дортмундскай “Барусіі” былі ўведзеныя ў шал паводзінамі кіраўніцтва стадыёна “Хафенхайма”. Скандал здарыўся ў матчы мінулага туру. Справа ў тым, што актыўныя прыхільнікі “жоўта-чорных” сталі паводле традыцыі спяваць абразлівыя песні пра прэзідэнта “Хафенхайма” Дытмара Хопа і пра ягоны клуб, але іхнія галасы былі імгненна заглушаныя нейкім “мацюгальнікам”. Ніхто не знайшоў вінаватага, які падставіў прыладу пад сектар дортмундцаў, але, вядома ж, падазрэнне ляжыць на самім кіраўніцтве мясцовага клуба, якое магло такім чынам “падрыхтавацца” да візіту ненавісных дортмундцаў. Цяпер варта чакаць падстаўленага мегафона ў матчы другога кола. У 3-м туры “Барусія” справілася з “Нюрнбэргам”. Забівалі і выступалі асістэнтамі адныя і тыя ж асобы, да якіх усе мы прывыклі з мінулага чэмпіянату. На 50-й хвіліне Гетцэ выдаў бездакорную перадачу на Левандоўскі, а паляк прабіў Ракоўскі. Ракоўскі выйшаў на поле, бо асноўны брамнік “Нюрнбэрга” і па сумяшчальніцтве капітан 32-гадовы Рафаэль Шэфэр перанёс аперацыю на сухажыллі паміж вялікай і малой бярцовымі косткамі і ў сувязі з тым прапусціць каля трох месяцаў. Дублёр не вінаваты, проста “Барусія” валодала вялікай перавагай і справядліва перамагла. За дзесяць хвілін да заканчэння матчу Гроскройц падвоіў лік – 2:0.

У “Аўгсбурга” не вызначыўся Мэльдэрс, напэўна, таму дэбютанты Бундэслігі прайгралі свой матч “Хафенхайму”. У першых двух турах “Аўгсбург” набраў два ачкі. Ужо на 5-й хвіліне Раян Бабел вывеў наперад “99-х”, потым Мэльдэрс не забіў пенальці – Штарке бліскуча згуляў на лініі. Гэта і стала пераломным момантам. Пасля нерэалізаванага пенальці (а здарылася гэта на 59-й хвіліне) гаспадары не мелі істотных магчымасцяў хаця б зраўняць лік. А вось Саліхавіч пенальці рэалізаваў. Штатны “выканаўчы работнік па стандартах” прабіў Енцша – 0:2. Так матч і скончыўся.

“Кёльн” гуляў без двух лідараў у матчы з “Кайзерслаўтэрнам”. Міхаэль Рэнзінг і Лукас Падольскі прапускалі гульню, добра, што хоць дыскваліфікацыя бамбардзіра Навакавіча скончылася. Рэнзінга ў рамцы замяніў Варводзіч, замест Падольскі на поле з’явіўся Яяла. Менавіта апошні прынёс першае ачко чэмпіянату свайму “Кёльну”. Навакавіч жа выглядаў дужа інэртна, затое ў другім тайме славенец цудам не прынес “казлам” перамогу. Да ўсіх праблем з нездароўем гульцоў дадалася і траўма Айхнэра ўжо на 6-й хвіліне. Айхнэр паспеў за такі кароткі тэрмін, праведзены на поле,  зарабіць жоўтую картку. Ну, а галы былі забітыя рана. Спачатку Ілічавіч на 17-й хвіліне вывеў “Кайзерслаўтэрн” наперад, але Яяла праз некалькі секунд лік зраўняў.

“Гановэр-96” у Лізе Еўропы перамог іспанскую “Севіллю” 2:1. Перамагчы сціплую “Герту” ў чэмпіянаце не атрымалася, хоць гановэрцы і валодалі ініцыятывай на працягу гульні. На 33-й хвіліне Пінту адкрыў лік са штрафнога. Да варотаў было каля трыдцаці метраў, аднак дыспетчар “Герты” Рафаэль выйшаў са сценкі і дэзарыентаваў Крафта – 1:0 на карысць “96-х”. Далей бразілец не аднойчы меў шанец злавіць-такі “Гановэр” на контратацы, але вызначыўся Ласога, які выйшаў на замену. Гол быў праведзены за сем хвілін да канца і пазбавіў “зялёных” магчымасці аднаасобна ўзначальваць табліцу.

“Шальке-04” у Лізе Еўропы ганебна саступіў фінскаму “ХІКу” 0:2, цяпер на “Арэне аўф Шальке” гельзенкірхенцам давядзецца прыкладаць вялікія намаганні. Парадаваў “кобальтавых” Рауль, які адвергнуў добры кантракт, прапанаваны яму “Блэкбёрн Ровэрс” і застаўся ў камандзе. У чэмпіянаце “Шальке” гуляў у гасцях з “Майнцам”. Экс-футбалісты “карнавальшчыкаў” Холтбі і Фухс былі бязлітасна асвістаныя фанатамі “Майнца”, а іх былая каманда разрывала абарону гельзенкірхенцаў. Ужо на 7-й хвіліне Іваншытц адкрыў лік, потым Сота падвоіў яго. Аднак другі тайм перакуліў усё дагары нагамі. Маравэк і Хурада пасля перапынку былі адпраўленыя на лаўку, замест іх на поле выйшлі Фарфан і Дракслер. Гэта і змяніла сітуацыю. Флангі “Шальке-04” забегалі, пачалася напруга каля варотаў Мюлера. Ужо да 64-й хвіліны Хунтэлаар і Хювэдэс зраўнялі лік, прычым забівалі яны з блізкай адлегласці. Апошнія дзесяць хвілін вырашылі ўсё. Маціп прабіў Мюлера – ўжо 2:3, а затым Фухс перадаў “гарачае прывітанне” былой камандзе бліскучым штрафным. Шыкоўная перамога “Шальке”, ды яшчэ і валявая! Звычайны кантраст гульні “кобальтавых” цягам аднаго тыдня!

Лідарамі пасля стартавых трох тураў з’яўляюцца “Барусія” з Мёнхенгладбаху і “Гановэр-96”, у іх па 7 ачкоў. “Фрайбург”, “Гамбург” і “Кёльн” маюць толькі 1 ачко. Наступны тур падорыць нам цікавае супрацьстаянне “Баера” і “Барусіі”.

Будзем адсочваць і падзеі ў другой Бундэслізе. Там пасля пяці тураў лідзіруе “Гройтэр Фюрт”, які ўжо некалькі год ёсць адным з лідараў падэлітнага дывізіёну, але самыя верхавіны яму не пакараюцца. У “Гройтэр Фэрта” і котбускай “Энэргі” па 12 балаў. “Айнтрахт” з Франкфурта і “Фартуна” з Дзюсельдорфу маюць па 11. Асабліва цікава адзначыць поспехі апошніх, на перамогі гэтай каманды ўсе даўно паспелі забыцца.

От admin