• 29.06.2025

Чэмпіянат Беларусі. 1 ліга. Агляд 17 тура

Авг 22, 2011

“Партызан” зноў выйграе прынцыповы матч

Так сёлета атрымліваецца, што лідар першай лігі мінскі “Партызан” губляе ачкі ў матчах з сераднякамі, а вось гульні з суседзямі па табліцы нязменна праходзяць для сталічных футбалістаў удала. “Чырвона-белыя” ў першым коле расправіліся і са “Славіяй”, і са СКВІЧам, цяпер прабівацца на вядучыя ролі стала “Гарадзея”, матч з “Партызанам” чакаўся напружаны, аднак такім не стаў. Мінчане дужа ўпэўнена вялі свае атакі на вароты суперніка і ўрэшце давялі яму, што на адных ветэранах у “вышку” не ўедзеш. Дубль аформіў Бубноў, яшчэ аднойчы вызначыўся Макась – 0:3.

Аднак апаненты “Партызана” ачкоў таксама не гублялі, а таму захавалі ранейшае адставанне. СКВІЧ перамог у гасцях “Хвалю”. Напярэдадні туру здавалася, што будзе моцная бойка за тры ачкі, аднак і тут адбыўся збольшага пшык. На 2-й хвіліне Тарашчык памыліўся пры прыёме мяча, у выніку “плямісты” дастаўся Мархелю, які паклаў яго ў вароты – 0:1. Далей былі атакі з абодвух бакоў, а вось вызначыцца давялося толькі аднойчы, калі Шакаў з дзвюх спробаў даслаў мяч у сетку, прычым ракавы адскок быў якраз ад шматпакутнага Віталя Тарашчыка – 0:2. Да гэтае паразы “Хваля” шэсць тураў запар набірала ачкі. “Славія-Мазыр” у гасцях адужала “Граніт”. На 15-й хвіліне Усачоў адкрыў лік, затым аўтагол Волкава прынес поспех мікашэвіцкаму клубу, і ўсё ж вырашальнае слова дасталося Казаку, які на 65-й хвіліне правёў пераможны гол – 1:2.

“Ведрыч-97” прычакаў на паразу “Гарадзеі” і наблізіўся да чацвёркі лідараў. Матч з “Баранавічамі” стаў прасценькім шпацырам – 4:0! Хэт-трык на рахунку Бяганскага, яшчэ аднойчы вызначыўся Бандарэнка, а перадачу аддаваў, вядома ж, Бяганскі, дакладней, мяч пасля менавіта ягонага заблакаванага ўдару дабіў у сетку Бандарэнка. “Баранавічы” за цэлы матч стварылі максімум пару сур’ёзных момантаў.

“Белкард” здабыў дужа важныя ачкі, абгуляўшы дома “Смаргонь”. Вікторыю прынес трапны ўдар Козіча на 74-й хвіліне. Важныя балы зарабіў на свой рахунак і яшчэ адзін аўтсайдар – “ДБК-Гомель”. Гамяльчане вынікова выехалі ў Нясвіж, у якім выступае “Клечаск”. Пасля 17-й хвіліны, калі забіў клятчанін Лапшын, у многія нерамантычныя галовы прыйшла думка аб тым, што ў “ДБК” няма асаблівых шанцаў і не мінуць чарговага “абаранка”. Але Удодаў і Дашук прадэманстравалі справаю сваю нязгоду – 1:2!

Аўтсайдар мусіў выйграць і яшчэ ў адным паядынку, бо там іх было двое. “Хімік” супраць “Полацка”. У Светлагорску пра перамогі забылі яшчэ раней за Полацк. Хутчэй за ўсё, рэзюмэ пасля матчу мусіць быць такое: “перамог той, хто гэтага больш хацеў”. Мяч Шукеловіча стаў пераможным – 1:0, і “Хімік” нарэшце набірае тры ачкі!

А тур і насамрэч быў унікальны: амаль усе насельнікі падвалу разжыліся ачкамі. Адзін бал зарабіў у сваю скарбонку “Рудэнск”, які ажно на 6-й хвіліне паразіў вароты “Слуцка” ў гасцявым матчы. Забіў Самахвал. Намаганнямі Равіны слуцкія гульцы адыграліся яшчэ да сканчэння тайму, але на большае аказаліся няздольныя.

“Партызан” мае 37 ачкоў, у “Славіі” 36 ачкоў, 35 мае СКВІЧ, а “Гарадзея” 33. Два апошнія радкі займаюць “Полацк” (14) і “Баранавічы” (2).

Звернемся і да бамбардзірскіх справаў. 15 галоў у мінчаніна Шакава са СКВІЧа, 10 разоў дабіваліся поспеху пінчанін Каралюк і футбаліст “Партызана” Макась.