• 30.11.2023 17:28

Футбол. Чэмпіянат Нямеччыны. Агляд 34 туру: аб самым папулярным

Редакция

Автор:Редакция

Май 16, 2011

Гэты чэмпіянат Нямеччыны ўвайдзе ў гісторыю як самы папулярны. Ягоныя гульні паглядзелі 13 мільёнаў 57 тысяч чалавек! Сярэдні паказчык прысутных на гульні раўняецца 42 тысячам 673 гледачам. І, вядома ж, першае месца сярод самых наведваемых клубаў заняла дортмундская “Барусія”. Яе гульні наведвала ў сярэднім 79.141 чалавек. Ніякія камп’ютары не могуць адвабіць немцаў ад матчаў на стадыёнах!

Інтрыг у апошнім туры было няшмат, але затое вострыя. Стаяла, нарэшце пытанне, хто развітаецца з Бундэслігай. “Вольфсбург” меў лепшы за апанентаў шанц застацца і скарыстаўся ім. Гульня супраць нематываванага “Хафенхайма” была, тым не менш, цяжкой. Адкрылі лік “сінія” – Фірміна забіў чарговы гол у чэмпіянаце. Аднак Магату ўдалося настроіць каманду, і дубль Манджукіча разам з мячом Графітэ прынеслі “ваўкам” вікторыю 3:1, а заадно прапіску ў эліце на наступны сезон. Нядаўні чэмпіён застаецца ў першай Бундэслізе. “Вольфсбург” захаваў прапіску без аднаго са сваіх лідэраў. Дыега адмовіўся ехаць на стадыён, калі Магат абвясціў стартавы састаў каманды, у якім бразільца не было. Яшчэ толькі прайшлі і былі ўлагодненыя папярэднія скандалы, што здараліся з паўабаронцам у бягучым сезоне, як наступіў новы. У клубе прызнаюць, што разглядаюць магчымасць не толькі як мага хутчэй прадаць Дыега, але і пакараць яго за падобныя паводзіны. “Барусія” з Мёнхенгладбаха так і не выйшла з зоны вылету. Матч з “Гамбургам” склаўся для каманды няпроста. Давід Аранга вывеў “Барусію” наперад, аднак Бэн-Хаціра адыграў гэты мяч – 1:1. Цяпер “Барусія” згуляе 19 і 25 траўня пераходныя матчы з “Бохумам”, што заняў трэці радок у другой Бундэслізе. “Барусія” дортмундская вырашыла не сканчваць чэмпіянат на мінорнай ноце. Хаця таго вельмі хацелася “Айнтрахту”. На 46-й хвіліне франкфурцкія госці адкрылі лік намаганнямі Радэ, але спробы “Айнтрахта” аказаліся марнымі – чэмпіёны ўключылі наступную перадачу і вызначыліся тройчы – спачатку Барыас правёў свой гол, затым Рус адправіў мяч у свае вароты, і мы атрымалі апошні ў сезоне аўтагол Бундэслігі. А на апошняй хвіліне Барыас забіў 14ты гол у чэмпіянаце. “Айнтрахт” напрамкі накіроўваецца ў падэлітны дывізіён. Адтуль вяртаюцца берлінская “Герта” і “Аўгсбург”. Прычым апошнія выходзяць у эліту ўпершыню ў сваёй гісторыі!

“Баварыя” плануе зрабіць некалькі сур’ёзных трансфераў. У прыватнасці, мюнхенцы хочуць атрымаць перспектыўнага форварда Нільса Пэтэрсэна. Цяпер футбаліст яшчэ выступае за котбускую “Энэргі”, у якой забіў 24 галы. Але наўрад ці форвард маладзёжнай зборнай Нямеччыны застанецца ў цяперашнім клубе, бо “Энэргі” і на наступны год застаецца ў другой Бундэслізе, а ад прапаноў “Баварыі” ўнутры краіны амаль ніхто не адмаўляецца. Пайсці на перамовы з “Энэргі” баварцаў прымусіла не добрая выніковасць Пэтэрсэна, а жаданне ўзмацніць лінію атакі. Трэба прызнаць, што вырашальную ролю ў атацы клуба іграюць усё ж не нападнікі, а паўабаронцы, пераважна Рыберы, Рабэн, Мюлер, Швайнштайгер.  Сярод форвардаў стабільна правёў сезон толькі Гомэс, які стаў лепшым бамбардзірам чэмпіянату. Олічу заміналі траўмы, Клозэ далёкі ад старой эфектыўнасці. Вось і шукаюць мюнхенцы. Гульня са “Штутгартам” не несла вялікай інтрыгі, але ўсё ж стала прыгожай. Акадзакі ў першым тайме прыгожым ударам вывеў швабаў наперад. Затым Гомэс рэалізаваў выхад сам-насам і зраўняў лік, а тым часам забіў свой 28-ы гол у чэмпіянаце. Пасля таго Швайнштайгер скарыстаўся навесам са стандарту – ягоны ўдар галавой быў дакладны. Перамога “Баварыі”. А “Штутгарт” тым часам паводле чутак хоча набыць у “Дэн Хаага” Дзмітрыя Булыкіна, расійскі форвард сёлета забіў 21 гол у галандскім чэмпіянаце. Выніковасць Дзмітрыя настолькі неўласцівая, што ён забіў больш, чым за некалькі апошніх сезонаў! Калі чуткі спраўдзяцца, а перамовы будуць удалымі, то мы можам убачыць у саставе швабаў расійскі дуэт Булыкін – Паграбняк. Павел нікуды не збіраецца сыходзіць, няхай і праскоквала пэўная інфармацыя пра зацікаўленасць у ім іншых клубаў Бундэслігі.

“Гановэр-96” прайграў “Баварыі” барацьбу за месца ў Лізе чэмпіёнаў, але згуляе ў Лізе Еўропы. У “Нюрнбэрга” ўжо на 17-й хвіліне адбылася вымушаная замена – адзіны форвард у старце Шыбер атрымаў пашкоджанне і не працягнуў гульню. Мак, які выйшаў на замену, дапамог Вісмаеру вывесці “Нюрнбэрг” наперад на 25-й хвіліне, аднак пасля таго голу ініцыятыва перайшла ў ногі “Гановэра”.  Раўш і Конан з пенальці прынеслі “96-м” перамогу. Конан правёў найлепшы сезон у кар’еры і забіў 14 галоў.

“Кёльн” прымаў “Шальке-04”, і адзінае вартае ўвагі ў гэтым матчы – супрацьстаянне бамбардзіраў. Тут па голу ў апанентаў забілі Навакавіч і Рауль. Для славенца гол стаў 17-м, і ён заняў трэці радок у снайперскім спісе пасля Сісэ (“Фрайбург”, 22 мячы) і Гомэса (“Баварыя”, 28). Іспанец забіў 13. А ўлічваючы, што Рауль сёлета зноў стаў лепшым бамбардзірам Лігі чэмпіёнаў за ўсю гісторыю – дэбютны сезон у прафесіянальнай кар’еры па-за межамі “Рэала” стаўся ўдалым.

“Санкт-Паўлі” правёў апошні матч у эліце, ён выйшаў наперад намаганнямі Лемана ў матчы з “Майнцам-05”. У цэлым, гамбуржцы згулялі значана лепей, чым у матчы з “Баварыяй” (1:8), але выйграць не ўдалося. “Майнц” атрымаў валявую перамогу – 2:1.

“Баер” не дазволіў “Баварыі” пасягнуць на свае пазіцыі – прамая пуцёўка ў ЛЧ здабытая! Гульня супраць “Фрайбурга” скончылася мінімальнай перавагай леверкузенцаў, гол забіў Баліч. Антон Пуціла правёў на полі за “Фрайбург” 71 хвіліну.

Надта прыгожым матчам стала сустрэча “Вэрдэра” і “Кайзерслаўтэрна”. Немец вывеў “чарцей” наперад ужо на 7-й хвіліне, праз дзве хвіліны чарговая камбінацыя “Кайзерслаўтэрна” завяршылася мячом Родні – 2:1. На 30-й вызначыўся Лакіч, і лік стаў зусім кепскім для брэменцаў. Сканчваць сезон такім чынам каманда не пажадала і забіла двойчы – Фрынгс і Арнаутавіч. Прычым Фрынгс у прамежку паміж галамі яшчэ і не забіў пенальці за снос Арнаутавіча! 3:2 – перамога “Кайзерслаўтэрна”.

Чэмпіянат скончаны, і каманды ідуць у адпачынак. Усе, апрача “Барусіі” з Мёнхенгладбаха. Наперадзе яшчэ пераходныя матчы.