• 01.07.2025

Чэмпіянат Беларусі. 2-я ліга. Агляд 2 тура

Май 10, 2011

Адзінай камандай, якая прайшла першыя два матчы без страты ачкоў, сталася “Ліда”. Відаць, каманда хоча вярнуцца ў першую лігу назад, а таму стараецца напоўніцу. Ад “Вігваму” са малявічаў не засталося нічога. “Ліда” метадычна забівала гол за галом, і толькі на апошніх секундах дазволіла сабе рэлакс, у выніку чаго прапусціла гол вігвамскага прэстыжу – 4:1.

Цэлы шэраг каманд набраў 4 ачкі. А зусім няма балаў у “Камунальніка” са Слоніма, “Вігвама”, калінкавіцкай “Вертыкалі” і “Асіповічаў”. “Камунальнік” саступіў на родным полі “Юнацтва” другой камандзе мінскага “Дынама” 0:1. Другі свой гол у чэмпіянаце тут забіў дынамавец Камароў. “Вертыкаль” змагалася дома з мастоўскім “Нёманам”. Сімончык і Жытко ў першым тайме засмучалі “Вертыкаль”, але на пачатку другой паловы калінкавіцкія футбалісты намаганнямі Клімчанкі адгулялі адзін мяч. Далей былі моманты з абодвух бакоў, але забіў толькі “Нёман” – на 85-й хвіліне Міхалюк дабіў саперніка – 1:3. Маладзечанская “Забудова” разамнулася на “Асіповічах”. Тамтэйшая каманда чамусьці правальна правяла стартавыя паядынкі. Матч супраць “Забудовы” стаў поўным правалам. Маладзечанцы забівалі на любы густ і выйгралі 5:0.

А вось “Зорка-БДУ”, як шмат разоў здаралася з ёй летась, ледзь дамаглася нічыі ў хатнім матчы супраць “Жлобіна”. Прычым менавіта “армейцы” на 18-й хвіліне адкрылі лік – адзначыўся Трапашка з пенальці. Затым мінчанам двойчы давялося прапусціць ад жлобінца Сухавенкі, і толькі на 4-й дададзенай хвіліне, калі ў суддзі свісток быў ужо ў руках, Острыкаў зраўняў лік – 2:2. “Бяроза-2010” разышлася “па нулях” з “Белтрансгазам” са Слоніма, з тым жа лікам дзяржынская “Лівадыя” завяршыла свой матч супраць “Гомельчыгункатрансу”.

Першую перамогу атрымала “Орша”. Нягледзячы на верагоднасць сыходу з каманды, форвард аршанцаў Мікалай Кітаёў застаўся выступаць за свой родны клуб і аформіў у матчы з мінскім “Партызанам-2” хэт-трык. Мінчане адказалі двума трапнымі ўдарамі – 2:3. Кітаёў выйшаў у лідэры сярод снайпераў.