Мінскі “Партызан” упэўнена разбіў у гасцях гродзенскі “Белкард” і мае стопрацэнтны вынік у табліцы. Макась і Горнак паступова становяцца галоўнымі забіваламі свайго клуба, і ў Гродне яны забілі па мячы.
Але адарвацца “Партызану” не дазваляе “Славія-Мазыр”. Праслаўлены клуб звёз тры ачкі са Светлагорску. Прынцыповы сапернік быў абгуляны, дзякуючы галам Волкава з пенальці і Хількевіча. Светлагорцы адказалі адзіным голам Шукеловіча.
“Ведрыч-97” атрымаў другую перамогу ў чэмпіянаце і выйшаў на чыстае 3-е месца. Прычым рэчычанам у сустрэчы са “Смаргонню” трэба было спачатку зраўняць лік. У “Смаргоні” другі матч запар забіў Фастаў. Але ж “Ведрыч” падабраў ключы да брамы гасцей і ажно тройчы прымушаў тых даставаць мяч са сваёй сеткі. На 63-й адзначыўся Казловіч, на 68-й скарыстаўся чужой памылкай Бяганскі, а на 77-й кропку паставіў Барсукоў. “Ведрыч” выйшаў на чыстае трэцяе месца.
Уражвае сваёй гульнёй “Полацк”, які стаў адным з лідэраў. У гэтым туры палачане годна змагаліся з пінскай “Хваляй”. Але ж атрымалі першую паразу. Каралюк, Рагавік і Валадзько не пакінулі гасцям шанцаў, у якіх вызначыўся адзін Філіпаў. Тым не менш, адзначаем, што ў першай лізе з’явіўся яшчэ адзін канкурэнтаздольны клуб.
“Гарадзея” разышлася мірам – 1:1- з гомельскім “ДБК”, таксама ўнічыю завяршыўся паядынак паміж “Гаранітам” і “Рудэнскам”.
СКВІЧ пажадаў застацца ў лідэрскім “пуле” і ўпэўнена перамог на выездзе “Клечаск”. Гульня, што праходзіла ў Нясвіжы на “Ўраджаі”, не прынесла намінальным гаспадарам нічога добрага – СКВІЧ тройчы паразіў іхнія ўладанні. Слізкі лік трымаўся доўга, але пад канец Міхнюк і Шуманаў з 11-метровага давялі яго да разгромнага.
Пасля двух “абаранкаў” перамог “Слуцк”. Зрэшты, каманда была тая, якая найбольш да перамогі падыходзіць – “Баранавічы”. Усім вядома, у якім стане знаходзіцца гэты клуб, таму вінаваціць баранавіцкіх гульцоў у бязвольнасці ніхто не мае права. У “Слуцка” вызначыліся Бабко і двойчы Макараў – 3:0. “Баранавічы” прапусцілі ўжо 8 галоў – больш за ўсіх і займаюць апошняе 16-е месца. Апошняй камандай, якая яшчэ не забівала, застаецца “Граніт”.