• 30.06.2025

Футбол. “Напалі” – гісторыя вялікага адраджэння

Апр 28, 2011

napoliДа апошніх матчаў Серыі А 2010/11 застяецца яшчэ тры туры, але, як гэта заўсёды бывае, падводзіць вынікі і рабіць высновы можна ўжо зараз. Адным з такіх вынікаў з’яўляецца прысутнасць у лідыруючай групе адной каманды, якую да пачатку сезона наўрад ці хто чакаў там убачыць. Канешне, я зараз маю на ўвазе “Напалі”. Каманда Аўрэліа Дэ Лаўрэнціса, насумненна, галоўнае адкрыццё гэтага чэмпіянату. Згадзіцеся, лідэрства “Мілана” і “Інтэра”, падзенне “Ювентуса” і “Сампдорыі” былі даволі прадказальнымі, а вось ад азурры, пэўна, ніхто падобнага не чакаў. Так, у мінулым сезоне “Напалі” заняў больш чым годнае шостае месца, але гэтай каманды яшчэ 7 гадоў таму не існавала па факце. Так, не існавала, клуб з вялікай гісторыяй быў знішчаны і нельга было нават думаць аб яго адраджэнні. Але буду распавядаць па парадку, і пачнем мы з канца. Канца гісторыі вялікага Напалі…

1990 год. Чэмпіянат свету па футболе праходзіць у Італіі. Да яго завяршэння застаецца ўсяго тры гульні: два паўфіналы і фінал. У першым з гэты матчаў сустракаюцца сборныя Італіі і Аргентыны. Гульня праходзіць на трэцім па ўмяшчальнасці стадыёне Італіі – “Сан-Паала”, які знаходзіцца ў Неапалі і з’яўляецца дамашняй арэнай тутэйшага “Напалі”. Вядома, большая частка італьянскай тарсіды на гэтым матчы была мясцовай, неапальскай. Але з заўзятарамі сборнай Аргентыны іх аб’ядноўваў агульны кумір. Кумір, які быў лідэрам як італьянскага Напалі, так і прыехаўшай на матч сборнай з Паўднёвай Амерыкі. Імя яму – Дыега Арманда Марадона. Трэба сказаць, што Неапаль, верагодна, самы інтэрнацыянальны горад Італіі. Такім і павінен быць горад-порт. Таму расісцкіх настрояў тут ніколі не было (няма і зараз). Вялікая частка жыхароў з нацяжкай лічыць сябе італьянцамі. А таму ад капітана бела-галубых (дарэчы, колеры “Напалі” і сборнай Аргенціны аднолькавыя, не супадае толькі тое, што Марадона не “капітаніў” у сваім клубе) паступіла прапанова неапалітанцам: па ходу гульны падтрымліваць менавіта сборную яго роднай краіны. Але фанаты “Напалі” мякка адмовіліся, іх лідэр Джэнара Мантуоры сказаў наступнае: “Мы будзем падтрымліваць Італію, паважаючы пры гэтым Аргентыну і апладыруючы ёй”.

Уявіце сабе выбар, які паустаў перад неапалітанцамі: падтрымаць краіну ці падтрымаць горад, галоўнай футбольнай зоркай якога ёсць Марадона? Выбар, як ужо было сказана, яны зрабілі на карысць краіны.

Перамаглі ў сустрэчы аргентынцы. Перамаглі ў мучэннях, потам і крывёю, у серыі пенальці. Пасля гульні невядомы сарваў сцяг Аргентыны ў месцы базіравання сборнай. Марадону гэта прывяло ў ярасць. Да таго ж, фінал ягоная каманда ўрэшце рэшт прайграла немцам. Хутчэй за ўсё, з таго часу Дыега і затаіў злобу на мясцовую тарсіду. Часам ён спазняўся на матчы, у якіх потым “Напалі” безнадзейна прайграваў. А потым была знакамітая гісторыя з пробай на допінг, якая выявіла ў крыві напалітанскй зоркі какаін. Замест таго, каб адбываць пакаранне ў 15 месяцаў без футболу, Марадона змяніў клуб, пакінуўшы “Напалі” без лідэра. З гэтым сыходам скончылася і вялікая эпоха ў гісторыі клуба.

Дыега Марадона яшчэ не ўся каманда, але рэзультаты “Напалі” пасля 1991-га году няўхільна папаўзлі ўніз. Зоркі Напалі таго часу – Фабіа Канавара, Чыра Ферара, Паала Дзі Каніа не спасалі сітуацыю. Спачатку “партапеі” выбылі са спісу каманд, якія заўжды прэтэндавалі на чэмпіёнства, а потым увогуле сталі аўтсайдэрам. Што за гэтым бывае – вы ведаеце. У сезоне 1997/98 клуб перамог у двух матчах за сезон і пакінуў Серыю А. Акцыі клуба ў той час былі раскіданыя паміж рознымі мелкімі ўладальнікамі, якія не маглі прыйсці да агульных рашэнняў па дзейнасці клуба. “Напалі” тануў у дрыгве. Праз два гады пасля вылету клуб вярнуўся ў Серыю А, але гэта была апошняя канвульсія – зноў вылет і апусканне ўніз табліцы Серыі Б. Гэты сезон быў апошнім з’яўленнем таго, старога “Напалі” ў вышэйшым дывізіёне італьянскага футболу. Клуб павольна паміраў, забыўся на перамогі, павялічваў пазыкі. “Сан-Паала” апусцеў, на трыбунах заставаліся толькі ультрас. Звычайныя гараджане, якія раней найвялікшай радасцю лічылі паход на стадыён, цяпер бачылі “Напалі” абразай гораду.

Усё ішло да гібелі клуба, і 2 жнівеня 2002 года смерць была канстатавана: “Напалі” быў аб’яўлены банкротам з-за агульнай пазыкі памерам у 79 мільёнаў еўра. Клуб яшчэ быў заяўлены ў турніры, у жараб’ёўцы якіх ён значыўся як таемны “Х”, але спыніў сваё існаванне…

У Італіі футбольныя клубы рэдка знікаюць проста так. Неапалю ў гэтым плане пашанцавала, горад знайшоў свайго Месію. Кінапрадзюсэр Аўрэліа Дэ Лаўрэнціс, мульцімільянер, чамусьці вырашыў заняцца футболам. Патрыётам Неапаля ён быць не мог, бо нарадзіўся ў Рыме, таму ягоны “Напалі” – праект выключна камерцыйны. У 2004 годзе у Серыі Ц1 пачала выступаць каманда пад назвай “Napoli Soccer”. У Італіі нават слова “футбол” непрымальнае для фанатаў, а тут “соккер”. Гэтая назва не была сапраўднай для клуба і вяртанне старой было справай часу. Дэ Лаўрэнціс спачатку выкупіў у былога прэзідэнта правы на назву, эмблему і гісторыю (у 2006 “Напалі” пачаў выступаць пад сваёй гістарычнай назвай – Societa Sportiva Calcio Napoli) і, канешне, разлічыўся з пазыкамі клуба. Пачыналася новая эпоха.

Казка казкаю, але з першага разу выкарабкацца з трэцяга дывізіёну не атрымалася, у стыкавых матчах перамог “Авеліна”, але трансферная палітыка ужо ў наступным сезоне вывела “Напалі” ў Серыю Б з чыстага першага месца. Мала таго – у наступным сезоне каманда ўрываецца у Серыю А, саступіўшы ў другім дывізіёне вяршыню толькі адбываючаму там пакаранне “Ювентусу”. Летам 2007-га клуб перажывае новае уліванне грошай Дэ Лаўрэнціса – ягонымі гульцамі становяцца таленавітыя Марэк Гамшык і Эсэк’ель Лавесі. Першы ж сезон завяршаецца адносным трыумфам – восьмым месцам у Серыі А. Прадаваць сваіх лідэраў прэзідэнт “Напалі” адмовіўся, замест гэтага запрасіў у клуб новых маладых талентаў, а таксама некалькіх ветэранаў італьянскага футболу (напрыклад, Марсэла Салайету), у наступным сезоне Напалі апусціўся на 12-ю пазіцыю, але Лаўрэнціс не апускаў рукі. Прыйшоў на трэнерскі мосцік Раберта Данадоні, потым яго змяніў Вальтэр Маццары, Квальярэлла быў прададзены ў “Юве”, але замест яго набыты той, дзякуючы каму Напалі зараз там, дзе ён ёсць. Эдынсан Кавані, верагодна, новы Марадона для “Напалі”, альбо халіф на гадзіну… Не мае сэнсу, бо ўдарнае трыа наперадзе плюс сплаў маладосці і вопыту ў абароне і апорнай зоне далі рэзультат: сення “Напалі” ідзе на трэцім месцы Серыі А і свае пазіцыі наўрад ці здасць. Гэтая каманда хутка можа вярнуцца ў склад флагманаў футбола Аппенінаў, а, магчыма, і тым каталізатарам, які верне італьянскаму футболу былыя пазіцыі ў Еўропе і свеце.

Моцны і амбіцыёзны прэзідэнт, яго паступовае і сістэматызаванае адраджэнне клуба – вось што дазволіла “Напалі” вярнуцца з нібыцця. Але колькі гадоў і нерваў заўзятараў сыйшло на гэта, колькі грошай… Выснова з гэтай гісторыі вельмі простая – ніколі не страчвайце сваіх Марадон. А калі страцілі – чакайце і не пераставайце верыць, і ўрэшце рэшт з’явіцца і ў вас свой Аўрэліа Дэ Лаўрэнціс!