Мы працягваем паведамляць Вам аб тым, як клубы першай лігі “перажылі” палову чэмпіянату. Некалькі дзён таму ў першай частцы мы расказалі аб камандах, якія занялі месцы з 16 па 9. Сёння ж пагаворым пра самых моцных, пра тых, хто па выніках першага круга размясціўся ў першай васьмёрцы.

8. Смаргонь – 23 балы

На пачатку сезона каманда са Смаргоні паставіла перад сабой даволі высокія мэты. “У мінулым сезоне мы былі шостымі, — расказваў галоўны трэнер каманды Павел Бацюта. – Мэта гэтага года – быць чацвёртымі. Трэба развівацца. У любой справе і ў любым узросце.”

Не пагадзіцца са словамі трэнера нельга. Праўда, “Смаргонь” на старце турніру не паказвала такі вынік, з якім можна разлічваць на самыя высокія вынікі: пасля першых чатырох тураў каманда пацярпела тры паразы і адзін раз згуляла ў нічыю. Праўда, у наступных турах каманда-такі падняла настрой сваім заўзятарам, перамогшы чатыры паядынкі запар.

Нельга сказаць, што гульцы “Смаргоні” маладыя. Наадварот, у сярэднім па першай лізе склад гэтай каманды адзін з самых узроставых. Але так атрымалася, што першы круг каманда гуляла перыядамі: некалькі паядынкаў прайграе, потым збярэцца з сіламі і выдасць серыю з некалькіх перамог.

Атрымалася, што з 45 магчымых балаў на ліку смаргонскай дружыны 23 балы. Сабралі палову балаў з усіх магчымых і знаходзяцца ў самай сярэдзіне турнірнай табліцы. Згадзіцеся, усё справядліва.

6-7. Ліда – 24 балы

Няблага выступае ў гэтым сезоне і “Ліда”. Каб лепш разабрацца ў сітуацыі з гэтай камандай, мы пагаварылі з яе заўзятарам:

—          Пасля леташняга чацвёртага месца і пасля навіны аб пашырэнні вышэйшага дывізіёна, — тлумачыць Цімур, – мэтай каманды было трапіць у вышэйшую лігу. Такую задачу ставілі і трэнер, і мясцовы мэр, які пасля поспехаў “Ліды” ў мінулым годзе, павярнуўся да каманды тварам і пачаў дапамагаць фінансава. На жаль, у трансфернае акно згубілі адзінага нападаючага, які мае вялікі вопыт выступлення ў вышэйшай лізе – Кавалёнка (ён вярнуўся ў родны “Неман”), а ўзяты замест яго ў арэнду Артур Бомбель ніяк не можа ўліцца ў стыль гульні нашай каманды. Пачалі першы круг дрэнна, шмат і пастаянна прапускалі, і толькі ў апошнім матчы згулялі на нуль. Але, як казаў наш трэнер, уся справа ў тым, што ніяк не мог на поле выйсці аптымальны склад, пастаянна нехта знаходзіўся ў лазарэце. У апошніх жа турах гульня пачала стабілізавацца: у гольцоў атрымлівалася як у атацы, так і ў абароне. Калі ў трансфернае акно ўзмацнімся, то, мяркую, за 3 месца зможам пазмагацца!

Спадзяёмся, што такі разгорнуты адказ даў вам магчымасць зразумець, што ў “Лідзе” ўсё добра і каманда ставіць перад сабой самыя высокія мэты. Мы ж для “паўнаты” карціны падкінем вам некалькі цікавых фактаў. Так, адным з самых любімых лікаў каманды быў даволі рэдкі лік 4:2. У паядынках з удзелам “Ліды” чатыры разы канчатковы лік на табло паказваў гэткія лічбы. Цікава і тое, што ў сезоне-2013 лідчане, як і ў гэтым, пасля першага круга дзялілі 6-е месца са “Смалявічамі-СТІ”. Тады па заканчэнні чэмпіянату “Ліда” апынулася вышэй. А як будзе на гэты раз?

6-7. Смалявічы-СТІ – 24 балы

6-е месца з “Лідай” на дадзены момант раздзяляе  заўсёды амбіцыёзная каманда “Смалявічы-СТІ”. Пакуль у гэтым сезоне падапечныя Альберта Рыбака не сказаць, каб многа забіваюць, але даволі часта дамагаюцца станоўчага выніку. Праўда, гэтага не хапае, каб паспяваць за лідарамі: на дадзены момант каманда са Смалявіч ужо на 8 балаў саступае мазырскай “Славіі”, якая зараз знаходзіцца на першым месцы.

Але пры ўсім гэтым “Смалявічы-СТІ” рана выключаць з прэтэндэнтаў на першую тройку і на выхад у “вышку”. Каманда прапаведуе атакуючы футбол, і калі трэнер здолее наладзіць рэалізацыю момантаў і гульню сваёй каманды ў абароне, то смалявічскія заўзятары змогуць смела разлічваць на тое, што іх каманда ў выніку апынецца на версе турнірнай табліцы.

5. Віцебск – 26

Усё вышэй і вышэй рухаемся мы па турнірнай лесвіцы! Падышлі і да пяцёркі мацнейшых! Футбольны клуб “Віцебск у 2011 годзе апынуўшыся за бортам вышэйшай лігі, кожны год ставіў перад сабой мэту вярнуцца ў яе. У сезоне-2014 у віцябчан ёсць цудоўная магчымасць здзейсніць сваю мэту: вядома, што вышэйшая ліга расшыраецца і ажно тры клубы могуць трапіць у яе.

Нельга сказаць, што ў “Віцебска” ў гэтым сезоне ўсё атрымоўваецца. На дадзены момант да трэцяга месца яму не хапапе ўсяго два балы, аднак для таго каб гарантавана ісці на павышэнне, трэба займаць мінімум другое. Віцебская ж каманда пакуль не паказвае той гульні, з якой можна разлічваць на гэтыя месцы.

Напэўна, па гэтай прычыне і быў на днях звольнены галоўны трэнер віцябчан Юрый Канаплёў. Паводле афіцыйнага сайта каманды, звольнены “па выніках выступлення “ФК “Віцебск” у першым крузе”. Гэта значыць, што кіраўніцтва самага наведвальнага клуба сезона-2014 цяперашняе 5-е месца не задавольвае. Галоўным трэнерам зацверджаны Сяргей Вехцеў. Ці атрымаецца ў яго дамагчыся лепшых вынікаў, пабачым у другой палове чэмпіянату!

4. Рэчыца-2014 – 28 балаў

У гэтым сезоне клуб “Рэчыца-2014” – амаль што галоўная сенсацыя нашага чэмпіянату. З самых першых тураў падапечныя Аляксандра Бразевіча занялі месца ў групе лідараў і працягваюць ў ёй заставацца і зараз. Усё б выдатна, але нядаўна стала вядома аб тым, што ў клубе пачаліся сур’ёзныя праблемы.

Мяркуем, што ўсім, хто хаця б мала-мальскі сочыць за другім дывізіёнам, вядома, што “Рэчыца-2014” – той жа “Ведрыч-97”. Але мала хто ведаў, дзеля чаго клуб пайшоў на такія змены. Зараз жа ўсё высветлілася. У мінулым годзе стала вядома, што рэчыцкая каманда не здолела зарабіць за сезон 20% свайго бюджэту. З-за гэтага “Ведрыч-97” павінен быў пазбавіцца дзярждапамогі на наступны сезон. Але ў клубе знайшлі выйсце і стварылі новую юрыдычную асобу – “Рэчыцу-2014”.

Некалькі ж дзён таму з’явілася зварот да заўзятараў галоўнага трэнера каманды Аляксандра Бразевіча. Вось што ў ім гаварылася:

—          Футбольны клуб «Рэчыца-2014» знаходзіцца ў вельмі цяжкай сітуацыі. Каманда не мае права атрымліваць дзяржаўную падтрымку, паколькі Міністэрства спорту адмаўляецца падпісваць наш план развіцця. Такім чынам, увесь першы круг клуб жыў толькі на ўласна заробленыя сродкі…

Далей паведамлялася аб тым, што Міністэрства спорту ў сваім звароце паведаміла, што лічыць “Рэчыцу-2014” не новым клубам, а ўсё тым жа “Ведрычам”. І вось хутка адбудзецца пасяджэнне, на якім і будзе вырашана сітуацыя з клубам.

На дадзены ж момант усе гульцы напісалі заявы на звальненне. Калі нічога не зменіцца, то ў другім крузе мы ўжо не ўбачым адну з самых яркіх і моцных каманд другога дывізіёна. Спадзяемся, што ўсё вырашыцца добра і “Рэчыца-2014” працягне сваё існаванне!

3. Гарадзея – 28 балаў

Наступная каманда, аб якой мы вам паведамім, таксама некалькі сезонаў запар ставіць перад сабой мэту пайсці на павышэнне.

Пачала “Гарадзея” сезон вельмі няўдала: за першыя 5 тураў каманда перамагла толькі ў адным паядынку. Кіраўніцтва клуба, канешне, на такія дрэнныя вынікі не настройвалася, і паволіць са змяненнямі яны не сталі: ужо 14 мая стала вядома, што каманду ўзначаліў новы галоўны трэнер – Сяргей Яромка.

З ім каманда паступова стала набіраць ход і ў хуткім часе апынулася на звыклым для сабе месцы – у групе лідараў. Пасля 15-га тура Сяргей Яромка падвёў вынікі сваёй працы і выказаў думку, што ўвогуле “Гарадзея” выступіла няблага:

—          Пасля таго, як мы прынялі каманду, была пастаўлена задача: аднавіць ачковы дысбаланс, які прысутнічаў. У прынцыпе, спрацавалі нядрэнна, хоць пазбегнуць ачковай страты не ўдалося. Маглі трохі лепш выступіць. Па персаналіях нікога вылучаць не хачу — на вынік спрацавалі ўсе. Далёка лідарам мы не далі адысці, таму ў другім крузе шанцы ва ўсіх застаюцца роўнымі.

І сапраўды, толькі на 4 балы саступае “Гарадзея” “Славіі”, аб якой мы пагаворым крыху ніжэй…

2. Граніт (Мікашэвічы) – 31 бал

У гэтым сезоне свой фаварыцкі статус пакуль пацвярджае і мікашэвіцкі “Граніт”. Адзін з самых стабільных клубаў вышэйшай лігі пасля першай паловы размясціўся на другім месцы. І нельга сказаць, што не па справе. На дадзены момант у каманды 9 перамог, 4 нічыі і ўсяго дзве паразы.

Зусім нядаўна галоўны трэнер каманды Валерый Бохна высказаўся на конт мэтаў “Граніта” перайсці ў першы дывізіён:

—          Абапіраючыся на такое прадпрыемства, як «Граніт», мы проста абавязаны быць часткай эліты. Гульцы не патрабуюць высокіх заробкаў. Для завода гэты артыкул выдаткаў — толькі драбніца. А папоўніць вышэйшую лігу гатовыя даўно. Для гэтага маем усё: і дзіцячы футбол, і стадыён, і добрае фінансаванне, і велізарнае жаданне.

Са слоў трэнера становіцца зразумелым, што ў гэтым сезоне “Граніт”, як ніколі хоча пайсці на павышэнне. Канешне, калі клуб мае грошы і ўсё пералічанае трэнерам, чаму б не ўзмацніць вышэйшую лігу?

Ведаючы, што ў другім дывізіёне ёсць такія каманды, як “Граніт”, разумееш, што рашэнне пашырыць першы апраўданае. Але яшчэ рана гаварыць аб тым, хто ў канчатковым выніку пойдзе на павышэнне, але мікашэвіцкая дружына – адна з галоўных прэтэндэнтаў!

  1. 1. Славія (Мазыр) – 32 балы

Нарэшце, падабраліся і да цяперашняга лідара – мазырскай “Славіі”! Каманда з Гомельскай вобласці, якой у мінулым сезоне не хапіла месца ў “вышцы”, на сённяшні момант вельмі блізка да таго, каб зноў у яе вярнуцца.

Аб магчымасці выйсці ў вышэйшую лігу пагаварыў 37-гадовы галкіпер мазыран Уладзімір Гаеў:

—          Калі ідзем у тройцы, значыць шанцы на вяртанне ў элітную лігу высокія. Не будзем губляць балы ў гульнях з аўтсайдарамі — і наш план спрацуе. Другі круг будзе яшчэ цяжэй. Перад намі ніхто не ставіў задачы абавязкова прабіцца ў вышэйшую лігу, але Юрый Іосіфавіч Пунтус і ўся каманда вельмі жадаюць гэтага. Інтуіцыя падказвае: усё ў нас атрымаецца!

Асабліва добра заўважыў вопытны галкіпер пра страту балаў у двубоях з аўтсайдарамі: менавіта з камандамі, якія зараз знаходзяцца “на дне” турнірнай табліцы, у “Славіі” склаліся цяжкія адносіны. Так, падапечныя Юрыя Пунтуса не набралі ніводнага бала ў гульнях са “Слонімам” і “Хваляй”, якія, нагадаем, зараз знаходзяцца на 15-м і 16-м месцы. Увогуле ж статыстыка лідара пасля першага круга такая: 10 перамог, 2 нічыі і 3 паразы.

Вось і завяршыўся наш двухчастковы агляд! Спадзяёмся, тым, хто за першай лігай зусім не сачыў, было цікава даведацца аб становішчы спраў у клубах. А для тых, хто заўсёды “ў тэме”,  чыя каманда выступае ў другім дывізіёне, мяркуем, не лішнім было яшчэ раз асэнсаваць усё, што мы расказалі аб камандах!

Табліца лепшых бамбардыраў:

1. Дзяніс Лапцеў (Славія Мазыр)              12

1. Аляксандр Хадневіч (Зорка-БДУ)         10

3. Антон Сарока (Гарадзея)                            8

3. Андрэй Лясюк (Хваля)                                 8

3. Дзмітрый Лебедзеў                                      8

от admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.