Яны думаюць, што ім даюць, але насамрэч – забіраюць.

Нельга спартоўцам у Беларусі дазваляць быць сляпымі і глухімі. Вось што можа ўратаваць іх ад халуйства

І ўсё ж такі яны не прыкідваюцца, не ламаюць камедыю – калі ў адказ на важнае, лёсавызначальнае для сябе, для сваіх дзяцей, для ўсёй краіны пытанне ці то дурнавата ўсміхаюцца і маўчаць, ці то мямляць нешта неакрэсленае, ці то завучана выпальваюць, што ў гэтым (вайна, выбарчае права, грамадзянскія свабоды, Канстытуцыя) павінны разбірацца прафесіяналы, але не яны.

Таму не дзіўна, што 60-гадовы трэнер беларускіх вяслярак Генадзь Галіцкі у кантэксце санкцый за ўварванне ва Украіну заяўляе, што час пакажа, хто меў рацыю, а хто не, і шчыра радуецца добрым прэміяльным, што плацяць на спаборніцтвах у Расіі. Пра што яшчэ хвалявацца, як не пра прэміяльныя?

32-гадовая чэмпіёнка-паралімпійка Святлана Саханенка, якая, заўважу, мае абмежаванні не з прычыны дысфункцыі мозга, лічыць, што не кожны здольны разабрацца ў палітычных падзеях (як гэта складана ў Беларусі!), але яна сама – за палітыку лукашэнкаўскага рэжыму, і жаліцца, што ў грамадстве яе ненавідзяць за такую пазіцыю, а некаторыя сябры адвярнуліся.

Многія нашыя атлеты сапраўды па-за палітыкай (гэта не пазёрства) і нават па-за грамадствам. І гэта тое, да чаго іх штурхаюць з дзяцінства, ад самай школы. Штурхаюць да пачуцця абранасці і асаблівасці, калі можна прапускаць урокі і іспыты, штурхаюць да нейкага міфічнага ўнікальнага статусу, які быццам бы выбачае неабазнанасць у самых розных, у тым ліку вельмі важных, сферах.

Спартоўцам дазваляюць быць такімі. Ім дазваляюць быць глухімі і сляпымі. Дазваляюць быць неадукаванымі.

Мяне ўразіў кавалачак біяграфіі нашага заўважнага футбаліста Паўла Савіцкага, які выступае ў вышэйшай лізе з 16 гадоў. Неяк упусціў гэтыя дзіўныя факты, а як на днях прачытаў, дык адразу падумаў: ну хіба гэта не разгадка?

Значыць, экзамены ў школе Савіцкі не здаваў, бо быў у зборнай Беларусі – таму яму па прадметах праставілі сярэднія балы. Тым не менш, футбаліст вырашыў паступаць у гарадзенскую ВНУ на факультэт фізічнай культуры. Тэст па рускай мове здаў на 16 балаў са 100 (а можна было і на 10), а па біялогіі набраў 24 – і «спакойна прайшоў» па конкурсе. Нават страшна ўявіць, як Савіцкі вучыўся ва ўніверсітэце, бо футбольных спраў пасля школы ў яго значна паболела. А як Савіцкі адрэагаваў на падзеі ў Беларусі пасля выбараў і на вайну ва Украіне? Ды ніяк не адрэагаваў.

Гэта выглядае як прывілей – магчымасць філоніць, ленавацца, унікаць інтэлектуальных высілкаў. Але ў выніку мы бачым, як прывілей абарочваецца кабалой. У абмен на вынікі спартоўцам не даюць, а ў іх забіраюць. Забіраюць магчымасць атрымліваць адукацыю і, адпаведна, магчымасць свабодна вызначаць сваю будучыню. Яны змушаныя ўсё ставіць на спорт і ўпадаюць у самую ганебную, да адмовы ад свайго меркавання, залежнасць ад працадаўцы, якім у канчатковым вынiку з’яўляецца не самая адэкватная дзяржава.

Так страчваецца повязь з грамадствам, бо, такое адчуванне, спартоўцы асацыiруюць сябе не з ім, а з калектывам, у якім трэніруюцца, дзе, у асноўным, знаходзяцца такія ж адарваныя ад рэальнасці калегі – натрэніраваныя і разам з тым выдрэсіраваныя на сацыяльную бездапаможнасць. Яны лёгка мяняюць сумленне на ежу/машыну/кватэру. Ну і, канешне, яны ў пераважнай большасці па-за палітыкай і ўвогуле ні ў чым не разбіраюцца (нават дзіўна, як здолелі засвоіць банкамат).

На жаль, трэнеры спартоўцам тут ні разу не памочнікі (ну чым здольны дапамагчы ўзгаданы вышэй Галіцкі акрамя парады маўчаць, не высоўвацца ды лічыць грошы?), бо самі былі ўзгадаваныя ў такой жа сістэме. Яны вучыліся прыкладна гэтак сама і прайшлі такі ж шлях па страце сацыяльных кампетэнцый.

Спартсмен павінен толькі трэніравацца і паказваць вынік і больш ні пра што не думаць. Неадукаванасць, вузкалобасць вітаюцца ў беларускай спартыўнай індустрыі і ўзводзяцца ў ёй у абсалют.

Увогуле, можа скласціся ўражанне, што адукацыя і спорт – з’явы несумяшчальныя. Але ж мы ведаем, што гэта не так.

Не сакрэт, што да людзей, з якімі супадаеш па поглядах, маеш больш прыхільнасці, чым да ўмоўных апанентаў, але папраўце мяне, калі я дзесьці перакручваю. Давайце возьмем актыўных спартоўцаў, што зараз па розныя бакі.

Баскетбаліст Ягор Мешчаракоў не проста меў шансы на драфт у НБА, а з поўнай аддачай вучыўся ў Вашынгтонскім універсітэце імя Вашынгтона (нават прыпыняў кар’еру, каб скончыць адукацыю). Выкладчыкі з яго патрабавалi гэтак сама, як з астатніх студэнтаў. Спартыўныя актыўнасці дазвалялі не плаціць за навучанне (вось у чым крыецца сапраўдны бонус за спартыўны талент!), але лайдачыць, быць невукам нікому не дазволена. Не хочаш вучыцца – нагой пад зад, нават калі ты плаціш грошы, і вельмі малаверагодна, што нейкія спартыўныя дасягненні абібока ад такога фінала ўратуюць.

Адукацыю ў ЗША атрымлівала Наталля Марчанка – і зараз, калі яна жыве па той бок акіяну, гэта ёй ні разу не замінае.

Аляксандра Герасіменя пасля школы паступіла не ў халяўны ўніверсітэт фізкультуры, а ў БДЭУ. Магчыма, у «наргасе» і быў нейкі дысконт па патрабаваннях з улікам статусу спартоўкі, але ж пасля ВНУ Герасіменю не раз бачылі на розных адукацыйных курсах, куды яна хадзіла дзеля ўласнага развіцця.

Не вельмі ўяўляю сабе Максіма Недасекава або Анастасію Мірончык-Іванову ў амерыканскім каледжы. Ды што там – нават у беларускім ВНУ ўяўляю іх з цяжкасцю (хаця, напэўна, абое ўжо маюць так званыя «корачкі» – напэўна, гэта і ёсць мэта адукацыі большасці беларусаў). Па Аляксандру Багдановічу бачна, што ён скончыў Акадэмію кіравання пры Лукашэнку. А калі б не скончыў, то наступным летам проста павінен быў бы даслаць туды дакументы. Ну які дэпутат, няхай і былы, без Акадэміі кіравання?

Натуральна, адукацыя сама па сабе не дае ніякіх гарантый. Доктар Менгеле вывучаў медыцыну ў Мюнхене, Вене і Боне, а пасля ставіў эксперыменты над вязнямі ў Асвенцыме і, па некаторых звестках, да канца жыцця (а жыў ён ажно да 1979 года) заставаўся перакананым нацыстам. Таксама адукаванасць не стала перашкодай для таго, каб подпіс за Лукашэнку рэктара БДУФК Сяргея Рэпкіна стаяў побач з подпісам таго ж Недасекава, хаця наўрад ці іх веды можна параўнаць (праўда, і не сказаць, што якасць навучання ў БДУФК кацiруецца вельмі высока).

Да адукацыі ў сённяшняй Беларусі шмат пытанняў, і праблемы з яе атрыманнем тычацца не толькі спартоўцаў, а ўсіх беларусаў за партай, якім пагражае і ідэалогія лукашызму, і наўмыснае скажэнне гісторыі, і імкненне чыноўнікаў ад самага дзяцінства застрашыць, атупіць. Але якая б гэтая адукацыя ні была, яна пакідае спадзеў узгадаваць чалавека, які думае. Пры дапамозе калі не школы, то асобных настаўнікаў. Пры дапамозе бацькоў, якія сёння проста не могуць сабе дазволіць ленавацца.

Вельмі доўга нашыя спартоўцы хаваліся за прыдуманым прафесіяналізмам, які быў падмацаваны выключна дзяржаўнымі грашыма, у абмен, як высветлілася, на душу. Яны расказвалі пра цяжкасці і нагрузкі, а насамрэч толькі апраўдвалі сваю ляноту і невуцтва. А пасля – ехалі на міжнародныя спаборніцтвы, дзе вельмі часта супернічалі з амерыканскімі і еўрапейскімі студэнтамі, якія сумяшчалі спорт з адукацыяй (а часам яшчэ і з працай) і далёка не заўжды выглядалі ад гэтага слабейшымі.

Источник

от admin