Віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, начальнік аддзела па развіцці алімпійскага руху ў НАК Беларусі Дзмітрый Даўгалёнак распавеў пра ўражаннi ад Aлiмпiады-1992 у Барселоне.
Пра гэта сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе Даўгалёнак расказаў “Звяздзе”.
Праз 30 гадоў што ўспамінаецца аб той Алімпіядзе? У 1992 годзе прэзідэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэта быў іспанец Хуан Антоніа Самаранч. Таму свае Алімпійскія гульні іспанцы імкнуліся правесці на максімальна высокім узроўні. Атмасфера панавала неверагодная. Была выдатная алімпійская вёска. Яна размяшчалася на беразе мора і мела свой закрыты пляж. Спартсмены жылі практычна ў пяцізоркавым атэлі. З аднаго боку, гэта расслабляла, але каманда з СНД была сур’ёзная і не думала ні пра што, акрамя выступлення. У Барселоне аказаўся вельмі добры канал — зроблены пад байдарку і каноэ. Канал адкрыты, і я вельмі баяўся, каб не было ветру. Ветру не было, затое стаяла 40-градусная спякота. А чым цяплейшае паветра, тым лягчэйшая вада.
Паветра было цёплае, а сам канал пабудаваны па ўсіх тэхнічных патрабаваннях, таму веславаць было зручна. Пасля спаборніцтваў у нас быў адзін вольны дзень да закрыцця і яшчэ адзін дзень мы чакалі вылету. Паспелі паглядзець Барселону, найпрыгажэйшы горад. Вельмі добра памятаю закрыццё Алімпійскіх гульняў. І, што самае цікавае, на закрыцці я нёс беларускі сцяг. Хоць мы і выступалі пад сцягам Міжнароднага алімпійскага камітэта, на закрыцці мы пранеслі сцягі сваіх постсавецкіх краін.
Дарэчы, аб сцягах. Як вядома, на тых Гульнях вы выступалі ў складзе Аб’яднанай каманды СНД і пад сцягам Міжнароднага алімпійскага камітэта. На спартсменаў гэта неяк уплывала? Шчыра сказаць, аб сцягах мы асабліва не задумваліся. У першую чаргу, спартсмены не хацелі страціць гэту Алімпіяду. Маёй галоўнай задачай быў п’едэстал. Аднак калі мы стаялі на п’едэстале, я падумаў, што зараз павінны падняць беларускі сцяг, а не алімпійскі. Але не… А ў мяне ўнутры была такая эйфарыя, што я ні на што не зважаў.