• 24.06.2025

Футбол. Першая ліга. Агляд адзіннаццатага тура

Июл 1, 2013

Усе каманды, акрамя “Іслачы” і “Смаргоні”, сыгралі свае матчы адзіннаццатага тура ў рамках першай лігі. Гэты тур адзначыўся стратай балаў моцных (па мерках першай лігі) каманд. Так, “Ліда” прайграла “Граніту”, “Слуцк” разышоўся мірам з “Слонімам” і інш. Агляд гэтых матчаў чытайце ніжэй.

Раней за ўсіх пачалі гуляць у Светлагорску, дзе мясцовы “Хімік” прымаў “Смалявічы-СЦІ”. На жаль, забітых мячоў аматары футбола так і не ўбачылі – каманды разышліся безгалявым мірам. Але і пры такім раскладзе можна знайсці станоўчы вынік. Напрыклад, галкіпер “Хіміка” Дзмітрый Дудар не прапускае ўжо 3 сустрэчы запар, што дазваляе камандзе, якая пачала не вельмі шустра, паступова паднімацца па трунірнай лесвіцы.

Найбольшая колькасць гледачоў (прыкладна 1350 чалавек) прысутнічала на сустрэчы “Хваля” – “Граніт”. Як вядома, сустрэчы ў Пінску і так наведваюцца няблага, а тут яшчэ і лідар першынства прыехаў! Футбалісты ў сваю чаргу прадэманстравалі цікавы якасны футбол. З першых хвілін гаспадары пайшлі ў атаку, не звяртаючы ўвагі на грозных сапернікаў. Ствараючы шмат галявых момантаў, яны так і не здолелі іх рэалізаваць. У гэты момант спрацавала прыказка “не забіваеш ты – забіваюць табе”, і на 19 хвіліне лік на табло “размачыў” Дзмітрый Герман – 0:1. Праз некалькі хвілін Раману Гаркушы ўдалося падвоіць перавес гасцей. Але “Хваля” нядоўга прыходзіла ў сябе: на 30 хвіліне ў межах штрафной быў збіты Ілья Каўпачук, а пенальці рэалізаваў Аляксандр Рэпецкі. У другім тайме каманды паказалі прыкладна роўны футбол, з вялікай колькасцю мелкіх фалоў. Але фартуна была на баку гасцей, якія забілі яшчэ адзін мяч на 89 хвіліне.

У Рэчыцы праходзіла сустрэча аўтсайдараў – “Ведрыч-97” прымаў СКВІЧ. Гульня паказала, што на дадзены момант падапечныя Міхаіла Ерэмчука знаходзяцца на больш высокім узроўні. Адкрылі лік гаспадары на 32 хвіліне – штрафны ўдар рэалізаваў Яўгеній Барсукоў.  На 80 хвіліне Сяргей Філіпаў павялічыў перавес, а давесці лік да разгромнага дапамог другі мяч Барсукова, які быў забіты ўжо ў дадатковы час. З-за гэтага паражэння СКВІЧ аднаасобна замацаваўся на апошнім месцы.

Паглядзеўшы на апошнія вынікі “Віцебска”, можна было б зрабіць вывад, што ў клубе ўсе добра. Але гэта зусім не так. Па словах Эдуарда Жаўнярова, футбалістам амаль два месяцы не выплачваюць зарплату, а прэміяльных у клубе зусім няма. Па гэтай прычыне, каб звярнуць на сябе ўвагу кіраўніцтва клуба, віцебскія футбалісты затрымалі гульню “Віцебск” – “Мінск-2” на 15 хвілін. Таксама вядома, што гульцы хацелі выйсці на поле ў футболках з надпісам «Играем бесплатно». Але прыйшлі нейкія людзі, якія паабяцалі, што ўсе будзе добра. Няглзедзячы на ўсе гэта, віцебскія футбалісты працягваюць дабівацца добрых вынікаў і атрымоўваць перамогу за перамогай. Ужо на 13 хвіліне лік у сустрэчы “Віцебск” – “Мінск-2” быў адкрыты: вызначыўся Аляксей Халецкі. Больш галоў гледачы (а іх было каля 1000 чалавек) не ўбачылі, сустрэча завяршылася з лікам 1:0.

Нечакана страціў балы “Слуцк”. 29 чэрвеня на “Гарадскім стадыёне” яны прымалі “Слонім”. Увесь матч перавагу мелі гаспадары, але забілі першымі не яны. На 39 хвіліне гол забіў Арцем Гузік, і “Слонім” нечакана выходзіць наперад. Пасля гэтай падзеі ціск на вароты Яўгенія Мяліка толькі павялічыўся. І гэта прынесла пэўныя плады. На 79 хвіліне “Слуцк” адыграў адзін мяч, але на большае каманды Юрыя Крата не хапіла – вельмі добра абараняліся слонімчане. Пасля адзіннаццатага тура “Слуцк” застаўся на трэцім месцы, але адставанне ад “Віцебска” павысілася да трох балаў.

На полацкім стадыёне “Спартак” мясцовая каманда прымала “Бярозу-2010”. На 9 хвіліне лік адкрыў футбаліст “Бярозы-2010” Арам Абд Аль-Маджыд. Гэты хлопец нарадзіўся на Беларусі – яго бацька прыехаў з Сірыі, маці – беларуска. Вось чым тлумачыцца такое незвычайнае для нашых мясцін імя. Падвоіў перавес бярозаўскага клуба Ілья Ноздрын-Платніцкі. Дзякуючы гэтай выязной перамозе, “Бяроза-2010” паднялася на 6 месца.

А мікашэвіцкі “Граніт” зрабіў першы крок для здзяйснення сваёй мэты: падняцца ў групу лідараў чэмпіянату. Прымаў ён аднаго з лідараў – “Ліду”.  На 27 хвіліне гаспадары выйшлі наперад. Вызначыўся Дзмітрый Ігнаценка. А кропка ў сустрэчы была пастаўлена на 5 дабаўленай да другога тайма хвіліне – забіў Аляксандр Дземідовіч. Характэрна, што да гэтага матча “Ліда” не капітулявала ні разу!

Вынікі адзіннаццатага тура:

“Граніт” – “Ліда” – 2:0

Галы: Ігнаценка, 27; Дземідовіч, 90+5.

“Хімік” – смалявічы-СЦІ” – 0:0

“Ведрыч-97” – СКВІЧ – 3:0

Галы: Барсукоў, 32, 90+4;  Філіпаў, 80.

“Слуцк” – “Слонім” – 1:1

Галы: Гузік, 39;  Цветніцкі, 77.

“Полацк” – “Бяроза-2010” – 0:2

Галы: Аль-Маджыд, 9; Ноздрын-Платніцкі, 32.

“Віцебск” – “Мінск-2” – 1:0

Галы: Халецкі,13.

“Хваля” – “Гарадзея” – 1:3

Галы: Герман, 19; Гаркуша, 26; Рэпецкі, 30; Пухаў, 90.