У суботу пройдзе чарговы тур Чэмпіяната Беларусі па футболе сярод каманд першай лігі. Нягледзячы на тое, што ФК “Іслач” завяршыла выступленне ў Кубку Рэгіёнаў УЕФА (у гэтым турніры падапечныя Уладзіміра Макаўскага занялі 3 месца), матч “Іслач” – “Смаргонь” перанесены на 10 жнівеня. Аб астатніх сустрэчах чытайце ніжэй.
Пачнем з Светлагорска. Тут мясцовы “Хімік” будзе прымаць амбіцыёзныя “Смалявічы-СЦІ”. Па набраных балах клубы знаходзяцца прыкладна на аднолькавым узроўні – у падапечных Юрыя Пунтуса на адзін больш. “Хімік” у апошні час “дабавіў”, аб чым і сведчаць дзве перамогі запар у мінулых турах. Вызначаць фаварыта гэтай сустрэчы мы не возьмемся. Усе вырашыць гульня.
У апошнім туры сустракаліся лідары чэмпіяната – “Гарадзея” і “Слуцк”. Як вы ведаеце, матч завяршыўся нічыёй, у выніку чаго абедзве каманды страцілі балы. Гэтым скарыстаўся “Віцебск”, які, дзякуючы перамозе над “Смалявічамі-СЦІ”, падняўся на другое месца. З такім развіццем падзей наўрад ці пагодзіцца “Слуцк”, які 29 чэрвеня прымае “Слонім”. Мала хто мае сумненні ў тым, што перамогу атрымаюць гаспадары.
Мікашэвіцкі “Граніт” у гэты дзень будзе прымаць “Ліду”, якая знаходзіцца ў групе лідараў. Даволі нядаўна мы чулі выказванне галоўнага трэнера мікашэвіцкага клуба Валерыя Бохна аб тым, што “Граніт” яшчэ спадзяецца на выхад у “вышку” ў гэтым сезоне. Калі гэта сапраўды так, то перамагаць “Граніту” трэба і ў такіх паядынках, таму што да прахаднога другога месца ім яшчэ далёка.
У 18:00 у Рэчыцы пачнецца сустрэча аўтсайдараў – матч “Ведрыч-97” – СКВІЧ. Немалыя перастаноўкі пачаліся ў рэчыцкім клубе. Змяніўся галоўны трэнер – замест Леаніда Савіцкага камандай будзе кіраваць Міхаіл Ерэмчук. Гэта адбылося пасля таго, як Леанід Савіцкі расказаў пра праблемы клуба, пра даўгі перад футбалістамі. Але ў СКВІЧа становішча не лепшае: каманда знаходзіцца на апошнім месцы, узяўшы ўсяго чатыры балы за дзесяць матчаў. Няма сумненняў, што абодва клубы будуць гуляць у гэтай сустрэчы на перамогу, таму мы маем права чакаць цікавай сустрэчы. Прыходзьце на стадыён “Цэнтральны”!
У мінулым туры з-за вялікіх затрымак па выплаце зарплаты футбалістам і трэнерскаму штабу, “Полацк” не паехаў на выезд у Смаргонь. Як вынік, клубу было залічана паражэнне з лікам 0:3. У выпадку паўторнай няяўкі на гульню “Полацк” знімуць з чэмпіянату. У рамках 11 тура каманда павінна прымаць “Бярозу-2010”. Апошнія ў мінулым туры разышліся мірам з пінскай “Хваляй”. Цікава будзе паглядзець, з якім настроем выйдуць на гульню полацкія футбалісты, ці змогуць навязаць барацьбу падапечным Ігара Гурыновіча.
У гэты дзень вялікі футбол прыедзе і ў Пінск. Мясцовая “Хваля” будзе прымаць лідара чэмпіянату “Гарадзею”. Можна чакаць, што на пінскі стадыён прыйдзе нямала аматараў футбола: на сённяшні дзень па паказчыку наведвальнасці клуб займае другое месца, саступаючы толькі “Віцебску”. Тым больш што прыедзе моцная (па мерках першай лігі) каманда – “Гарадзея”. Улічваючы гэты фактар, можна спадзявацца, што пінскія футбалісты ў гэтым матчы будуць весці барацьбу за тры балы, тым больш што перамагчы яны не могуць ужо 5 тураў запар. Але спыніць чэмпіёнскі ход “Гарадзеі” будзе вельмі цяжка.
Яшчэ адзін удзельнік чэмпіёнскай гонкі – “Віцебск” – будзе прымаць “Мінск-2”. Каманда Юрыя Канаплева не прайграе ўжо шмат матчаў, дзякуючы чыму ім удалося падняцца на рэкорднае для сябе ў гэтым сезоне 2 месца. Мала хто верыць, што мінскай камандзе па сіле спыніць гэтую выдатную серыю. На дадзены момант клуб знаходзіцца на 12 месцы з 9-цю набранымі баламі. Але, як гавораць, “мяч круглы” – здарыцца можа ўсе.
Усе сем сустрэч адбудуцца 29 чэрвеня, у суботу. За развіццем падзей вы можаце сачыць на нашым партале champ.by.
29 чэрвеня 2013 года, субота
“Хімік” – “Смалявічы-СЦІ”
ПАЧАТАК 17:30
«Ведрыч-97» – СКВІЧ
ПАЧАТАК 18:00
«Слуцк» – «Слонім»
ПАЧАТАК 18:00
“Граніт” – “Ліда”
ПАЧАТАК 18:00
“Полацк” – “Бяроза-2010”
ПАЧАТАК 18:30
“Віцебск” – “Мінск-2”
ПАЧАТАК 19:00
“Хваля” – “Гарадзея”
ПАЧАТАК 19:00
10 жнівеня
“Іслач” – “Смаргонь”