“Барселона” рабілася чэмпіёнам свету сярод клубаў, а іх гістарычныя ворагі – “Эспаньёл” ехаў у госці да “Спортынга” і ў Хіхоне здабыў тры ачкі. Матч складваўся для падапечных Маўрысіа Пачэціна нялёгка, хаця “папугайчыкі” адчувалі сябе добра з 2-й хвіліны, калі Т’еві адправіў мяч у сетку варотаў Хуана Пабла. Штатны бамбардзір хіхонцаў Давід Бараль у другім тайме зраўняў лік, але Сэрхіа Гарсія за сем хвілін да канца прынес вікторыю “Эспаньёлу”.
“Хетафэ” таксама прывез гасцявую перамогу, пад камандай з прыгарада Мадрыда зламілася “Мальёрка”. Астраўныя футбалісты пасля голу Раміса лідзіравалі, але дубль Абдэля Барады вырашыў лёс матчу на карысць “Хетафэ”. “Сарагоса” шчыльна асела на апошняй паліцы чэмпіянату, цяпер арагонцы саступілі баскскаму “Атлетыку”. Матч у Більбаа ледзь не скончыўся нічыёй. На 7-й хвіліне памылкай Хуарэса скарыстаўся Сусаэта – 1:0. Але хутка каманда Марсэла Б’елсы прапусціла ад Понсіа з пенальці. Прычым капітан “Атлетыка” быў выдалены з поля. Нечакана рэзкае рашэнне суддзі перашкодзіла “Атлетыку” захоўваць спакой. У сёлетнім сезоне баскі страцілі нямала ачкоў, калі вялі ў ліку, а потым прапускалі. На 90-й хвіліне “чырвона-белыя” вырвалі перамогу, калі Гаіска Такера замкнуў перадачу партнёра – 2:1 на карысць “Атлетыка”. “Сарагоса” не перамагала на “Сан Мамэс” ужо 10 год, гульні з баскамі ў іх лагавішчы не ўдаюцца арагонцам.
“Рэал” не бачыў ніякіх бар’ераў у Севіллі. Перамога над мясцовым аднаіменным клубам стала вельмі лёгкай. Прычым “Севілля” спрабавала атакаваць і парой гэта няблага выходзіла. Але ў першым тайме “Севілля”, маючы некалькі бліскучых момантаў, умудрылася не забіць. Мараль двойчы біў міма з убойных сітуацый! Крышціяну Раналду аформіў ужо пяты хэт-трык у Прымеры, а ў першай палове ён забіў “толькі” два разы. Яшчэ гол на рахунку Кальехона, які не згубіўся сярод зорных партнёраў. Потым у камандзе Маўрыньё паўсталі праблемы – Пэпэ быў выдалены за адмашку. У другой палове са старту севільцы кінуліся адыгрывацца – Хесус Навас прарваўся і прабіў Касільяса. Праўда, да гэтага забіў мадрыдыста Ды Марыя, таму гол пры 0:4 наўрад ці мог парадаваць гаспадароў. А затым яшчэ і Мараль выкінуў выбрык – мала таго, што ён упусціў два шанцы забіць у першым тайме, на 70-й ён быў выдалены за фол супраць Арбелоа. Крышціяну Раналду і Алтынтоп забілі па голу, лік стаў зусім непрыгожым. Нэгрэда забіў былому клубу, але ганьбу было не сцерці – 2:6! “Рэал” сур’ёзны і безкампрамісны.
Іншы севільскі клуб “Бетыс” згуляў супраць яшчэ аднаго мадрыдскага – “Атлетыка”. Матч на “Вісэнтэ Кальдэрон” у Мадрыдзе стаў цікавым відовішчам, але выправіцца перад вачыма сваіх прыхільнікаў “Атлетыка” не змог – каманда саступіла тыднем таму “Эпаньёлу”, прапусціўшы чатыры мячы. Цяпер “матраснікі” не змаглі выйграць у “агуркоў”, а болей за тое, прайгралі ім. У “Атлетыка” два неблагіх эпізоды мог рэалізаваць Радамэль Фалькаа, аднак форвард прамахваўся. На 54-й севілец Пасуэла адкрыў лік, а за святкаванне атрымаў жоўтую картку. Неўзабаве Пасуэла быў выдалены за гульню рукой, але “Бетыс” не скарыўся і падвоіў лік – Санта Крус прабіў у папярэчыну, але потым падабраў мяч і забіў Куртуа – 0:2, “Бетыс” пасля рэзкага і ўдалага старту ішоў сярод лідараў, заняпад прывёў клуб у другую палову турнірнае табліцы, і цяпер “зялёна-белыя” хоць і дэманструюць годны футбол, ідуць толькі 11-мі. Трэба падзякаваць і галкіперу “Бетыса” Каста – выхаванец “Альбасэтэ” неаднаразова ратаваў сваіх у самых складаных сітуацыях.
“Левантэ” працягвае займаць высокае 4-е месца. У гэтым туры валенсійцы аказаліся слабейшымі за “Гранаду”. Матч на “Нуэва Лос-Кармэнэс” стаўся для “Левантэ” непад’ёмным. Андалусійцы адчувалі сябе па-гаспадарску і далі “выскачкам” рады. Пасля першай паловы “Гранада” вяла 2:0 – Сікейра з пенальці за гульню рукой і Абэль Гомэс рабілі гандыкап. Канэ адыграў на 60-й хвіліне адзін мяч, на большае валенсійцаў ужо не хапіла. Адзначым, што Набіль Эль Жар, які не так даўно гуляў за “Ліверпуль”, пакуль не праходзіць у аснову “Левантэ” – ён з’явіўся толькі на апошнія 15 хвілін. 2:1 – перамога “Гранады”. “Асасуна” саступала ў Памплоне “Вільярэалу” пасля прапушчанага ад Марка Рубэна голу, але паказала фэнам, што здавацца не збіраецца – Ібраіма і Сэрхіа забілі мячы ў заключную чвэрць гадзіны – 2:1 на карысць “Асасуны”.
Хаакін Санчэс прыехаў на родную “Месталью”, але цяпер як футбаліст каманды, што супрацьстаяла “Валенсіі”. Цяпер Хаакін выступае за “Малагу”, але стараннасць паўабаронцы не дапамагла гасцям звезці хаця б ачко. Дубль Рабэрта Сальдада давёў колькасць забітых галоў да 11-ці, а “Валенсіі” прынес вікторыю 2:0. “Расінг” так і не забіў “Рэалу Сасьедаду”, хоць той і гуляў удзесяцёх з 53-й хвіліны, за дзве жоўтыя карткі быў выгнаны з поля Ініга Марцінэс. Нічыя 0:0.
“Барселона” свой матч 16-га туру правяла яшчэ 29 лістапада супраць “Райа Вальекана”, у якім перамагла 4:0. Каталонцы выйгралі клубны чэмпіянат свету, а ў чэмпіянаце ўнутраным “блауграна” саступае 3 ачкі “Рэалу”. У мадрыдыстас 40 балаў, у каталонцаў 37. Дзве валенсійскія каманды “Валенсія” і “Левантэ” ідуць наступнымі – 33 і 29 адпаведна. На 5-м месцы нечакана ідзе “Асасуна”, 25 ачкоў. Ніз табліцы выглядае наступным чынам: “Вільярэал”, “Спортынг” (Хіхон) набралі па 15 ачкоў, у “Расінга” 14 (ёсць над чым задумацца прыхільнікам дружыны з Сантандэру), у “Сарагосы” толькі 10 ачкоў.
Спіс бамбардзіраў традыцыйна ачольваюць двое – у Крышціяну 20 галоў, у Мессі 17. Ігуаін з “Рэалу” забіў 12 разоў, у Сальдада з “Валенсіі” 11 мячоў. Дарэчы, Мессі паўтарыў рэкорд свайго партнёра Пэдра і забіў у 6-ці (!) розных турнірах цягам аднаго году.
Трэба паглядзець і за падзеямі ў Сегундзе. Тут у лідарах “Эльчэ” – 34 ачкі, “Эркулес” з Алікантэ і “Дэпартыва” з Ла-Каруньі набралі па 33. Відаць па ўсім, што легендарны “Дэпор” вернецца ў Прымэру за год. Далей па табліцы – “Вальядалід”, “Альмерыя” і “Кордава”.