• 26.06.2025

Чэмпіянат Нямеччыны. 17 тур. Брэмэнцы развальваюцца

Дек 19, 2011

Мікаэль Рэнзінг нічым не здолеў дапамагчы свайму цяперашняму клубу – “Кёльну” ў гульні супраць былога – “Баварыі”. Цяпер “Баварыю” можна віншаваць са званнем зімовага чэмпіёна, а гэта ў Нямеччыне часта – прамы ўказальнік на будучага чэмпіёна. Напярэдадні матчу супраць “Баварыі” ў прэсе разгаварыўся яшчэ адзін экс-мюнхенец, Лукаш Падольскі. Форвард адзначыў, што калі адбудзецца ягоны пераход з “Кёльна”, то яўна не ў нямецкі клуб. Гульня для “Баварыі” праходзіла спярша няпроста – у мюнхенцаў глупае выдаленне зарабіў Франк Рыберы. Але кёльнцы не скарысталіся колькаснай перавагай, якасць аказалася на баку “Баварыі”. На 48-й хвіліне яна выйшла наперад пасля ўдару Гомэса, затым Алаба і Кроас пацвердзілі больш высокі ўзровень клуба, колеры якога абараняюць – 3:0.

“Барусія” з Дортмунду не адчувала ніякіх праблем з “Фрайбургам”. Аўтсайдэры цяпер правальваюць матч за матчам, ужо можна не сумнявацца, што “чырвона-чорныя” да самага канца будуць біцца за выжыванне. Дортмундцы, наадварот, робяць усё, каб не даваць “Баварыі” адрывацца ў гонцы за “сярэбранай салатніцай”. Зрэшты, у апошнім туры рурцы не перамаглі “Кайзерслаўтэрн”, але ў адчаі не знаходзіліся, а прыняліся шкамутаць фрайбуржскіх “арлоў”. І абтрапалі ім крылы. На 6-й хвіліне госці разыгралі добрую атаку, пас Кагавы замкнуў Левандоўскі. Затым у віры падзей апынуўся наш Антон Пуціла – класны пас на Разэнталя, і той зраўнівае лік. Але гэта быў першы і апошні гол у вароты Вайдэнфелера ў матчы. Далей “Барусія” акупавала палову поля “Фрайбурга”. Затым здарыўся спрэчны гол Ілкая Гюндагана. Футбалістам гаспадароў падалося, што павінен быць зафіксаваны афсайд, аднак арбітры не прасігналізавалі – як вынік – 1:2. Варта сказаць дзеля справядлівасці – гол быў забіты чыста, бо Разэнталь аддаваў пас назад, а ён адскочыў да дортмундцаў. Лепшым футбалістам другога тайму, які фактычна і “зрабіў” гульню, стаў Робэрт Левандоўскі. Бойся, Еўропа! Тое, што робіць гэты футбаліст амаль у кожным матчы, даўно зрабіла яго адным з найбольш яскравых гульцоў Бундэслігі. Таму, калі Левандоўскі падыйдзе да Еўра ў добрым гуморы, без траўмаў і годнай фізічнай форме, мы можам атрымаць зорку міжнароднага маштабу ў саставе зборнай Польшчы. Стаць зоркай у Лізе Чэмпіёнаў Левандоўскі пакуль не ўдаецца, затое ў зборнай усё можа здарыцца. У Бундэслізе ўжо даўно ўсе пляскаюць у далоні, калі Левандоўскі з’яўляецца на полі. На 59-й хвіліне Робэрт аддаў пас на Гроскройца, які закалаціў мяч у сетку метраў з 18-ці. Праз дзесяць хвілін суаўтары гола абмяняліся функцыямі, на гэты раз забіваў паляк – 1:4.

Леверкузенскі “Баер” прынёс нечаканую разгубленасць сваім фанатам. У сябе дома леверкузенцы прайгралі “Нюрнбэргу” 0:3! На 8-й хвіліне Айглер закінуў мяч наперад на Дзідаві, а той дагнаў мяч і з паўлёту вынікова прабіў па варотах Лена. Падвоіць лік “Нюрнбэрг” змог на 22-й хвіліне, калі мяч пасля вуглавога прыляцеў да Енса Хегелера, каторы стаяў самотны ў штрафной. Трэці гол таксама быў забіты пасля вуглавога ўдару, калі Томаш Пекгарт галавой апярэдзіў абаронцаў “Баера”. Напэўна, не раз і не два папярэджвалі леверкузенскую абарону пра Пекгарта, але ўтрымаць чэха тая так і не змагла.

Заяд Саліхавіч даўно звярнуў на сябе ўвагу аглядальнікаў Бундэслігі шыкоўнымі і бездакорнымі ўдарамі з дальняй дыстанцыі. Гэта, прызнаемся, заварожвае – рукі галкіпера на паўторы здаюцца зусім блізкімі да мяча, аднак яго-ткі не кранаюць! Вось і на 21-й хвіліне матчу з “Гертай”, адкуль пасля сезону сыйдзе  Маркус Бабель, Саліхавіч паказаў усім “трук”. Шыкоўны ўдар метраў з 30-ці – самая “дзявятка”! Пасля прапушчанага голу не вытрымаў Рафаэль – плэймейкер “Герты” зарабіў выдаленне. Зрэшты, гэта “футбольная хітрасць” з боку саперніка, які ўпаў на траву нібы мёртвы, без кантакту. Так ці іначай Рафаэль быў выгнаны з поля, і “Герце” стала яшчэ цяжэй. Але на 61-й хвіліне Айзэк Ворса быў выдалены за фол апошняй надзеі – каманды падраўняліся колькасцю. Берлінцы сышлі ад паразы і зноў згулялі ўнічыю. Ібішавіч мог забіваць пры выхадзе сам-насам, і тады пра нічыю б ніхто не думаў – басніец сам вінаваты. “Герта” не забіла тады, калі Роні страляў здалёк – штанга. Гол жа ў адказ “Герта” правяла на 90+2-й хвіліне, атрымаўся ён кур’ёзным, Губнік ледзь не па руках Штарке пайшоў шыпамі, і дабіўся свайго. 1:1.

“Гамбург” сустракаўся з “Аўгсбургам”. Младэн Петрыч паспрабаваў на старце засмуціць Амсіфа ўдарам цераз сябе – брамнік быў на месцы. Потым небяспечна біў Герэра – мяч зноў у руках брамніка. Быў эпізод і ў “Аўгсбурга” – удар Ілічавіча прыняў на лініі Хасагаі. Першымі выйшлі наперад госці – Вэрнэр паспеў і аддаў перадачу на Эрля, мяч прайшоў паміж двума абаронцамі, і Эрль з развароту паклаў яго ў далёкі ніжні вугал. Гол у адказ правёў Герэра – традыцыйны ўдар галавой. Перуанец забіў важны мяч, але ж гэта толькі 1 ачко для ягонай каманды.

“Вольфсбург”, які ўзімку развітаецца з Аляксандрам Глебам, мінімальна перамог “Штутгарт”. Перамогу, якую, магчыма, далёк не ўсе чакалі ў стане “ваўкоў”, прынес “зялёным” Полтар за 16 хвілін да канца.

“Шальке” не схібіў у паядынку з “Вэрдэрам”. Брэмэнцы лішні раз сцвярджальна пахіталі галавой на фразу: “а гуляць нармальна вы не можаце…” Дзякуючы старому, яшчэ восеньскаму запасу брэмэнцы трымаюцца на 5-м месцы, аднак ніякае веры ў тое, што “Вэрдэр” там надоўга. Калі, вядома ж, не адбудуцца з камандай істотныя перамены падчас трансфернага вакна. Гельзенкірхенцы здзекваліся з “Вэрдэра” як маглі – хэт-трык аформіў Рауль, Пападопулас і Хунтэлаар далучыліся да іспанца. Глядзіш табліцу Бундэслігі, і задаеш сам сабе пытанне: “а можа тут статыстыка памыляецца, ці можа гэта табліца нейкага іншага чэмпіянату?” Разгромы ад “Барусіі” (Мёнхенгладбах), “Баварыі”, цяпер чарговыя 0:5 ад “Шальке”, што ж, “Вэрдэр” займае яўна не сваё месца ў табліцы. Займае толькі таму, што тыя, хто ідзе далей, а гэта “Баер”, “Гановэр” і “Штутгарт”, самі выступаюць няроўна. Яны, канечне, не прайграюць па 0:5, але ачкоў набіраюць не так шмат, як могуць.

“Гановэр”, дарэчы, не перамог і на гэты раз. І пры гэтым, звезці тры ачкі з “Фрытц-Вальтэр-Штадыёна” “96-м” дапамагла спадарыня Фартуна. На старце матчу Шахед выдаў галявую перадачу на Абдэлауэ, і той прабіў брамніка гаспадароў. “Кайзерслаўтэрн” забіў свой гол на 68-й хвіліне, калі трапна прабіў Немец. Ізраільскі нападнік “чарцей” Ітай Шэхтэр, які тыдзень таму дапамог свайму клубу адабраць ачкі ў дзейнага чэмпіёна, цяпер толькі падвёў каманду. Ітай растранжырыў за гульню некалькі выгадных момантаў, а ў канцы і ўвогуле атрымаў чырвоную картку. Нічыя 1:1, а форвардам “Кайзерслаўтэрна” пасля матчу можна было жартаўліва параіць раўняць ногі аб адзін агрэгат за прорву страчаных галявых момантаў. І не толькі ногі. Нервы супакойваць ім трэба, іначай “Кайзерслаўтэрн” дачакаецца вылету. І гуляе ж каманда не ў самы сумны футбол у дывізіёне, але выбрацца з нізу ніяк не атрымоўваецца.

Марка Ройс вярнуўся ў шыхт мёнхенгладбахскай “Барусіі”, і ўжо на 5-й хвіліне прадэманстраваў бліскучы дрыблінг, пасля чаго выдаў перадачу на Хермана – 1:0 у матчы “Барусія” – “Майнц”. Гладбахцы не дазволілі “карнавальшчыкам” гаспадарыць на полі, але ў канцы згубілі з-за траўм Ройса (падазрэнне на рэцыдыў) і тэр Штэгена. Брамнік пакідаў поле змушана, пасля цяжкага прызямлення. Пірава перамога гладбахцаў.

“Баварыя” мае 37 ачкоў, у “Барусіі” з Дортмунду і “Шальке” па 34 ачкі, “Барусія” з Мёнхенгладбаху мае 33. Унізе “Кайзерслаўтэрн” (16), “Аўгсбург” (15) і “Фрайбург” (13).

Марыа Гомэс, які ў гэтым туры вызначыўся аднойчы, узначальвае табліцу бамбардзіраў – 15 галоў, другім ідзе Хунтэлаар, галандзец стаў адным з магільшчыкаў Вэрдэра ў туры – 14 галоў. 13 разоў забіваў Падольскі з “Кёльна”.