Нямецкі чэмпіянат саступае іспанскаму і англійскаму па сумах на трансферы футбалістаў. Аднак зусім не саступае па інтрызе. Але ў інтрызе ёсць і яшчэ адзін нюанс: жудасная нестабільнасць мясцовых клубаў. А каціроўкі нацыянальных чэмпіянатаў часцяком залежаць ад выступленняў клубаў на еўраарэне. Наколькі дортмундская “Барусія” цудоўна выступае ў чэмпіянаце ўжо два гады запар, настолькі кепска ідуць справы ў клуба ў Еўропе. Потым крывыя паспяховасці закранаюць і чэмпіянат. Сёлета нестабільнай можна назваць таксама і “Барусію” з Мёнхенгладбаху. “Прусы” сваімі вынікамі збіваюць з панталыку ўсю футбольную Нямеччыну.
Спецыялісты ўжо і не могуць узгадаць, калі называлі “Шальке-04” роўнай камандай. У гэтым туры гельзенкірхенцы выйгралі ў “Герты”, аднак што будзе на наступным тыдні можа сказаць толькі Бог. Фінскі футбаліст Цеему Пукі ўдала выступае, набраў цудоўную спартовую форму і спраўна дапамагае клубу атрымліваць перамогі. “Герта” ў апошнім месяцы трапіла пад град нічыіх, у матчы з “кобальтавымі” таксама быў відавочны разлік на барацьбу і набор балаў. Хунтэлаар на 19-й хвіліне вывеў кнапэнаў наперад, але берлінцы намаганнямі Рафаэля і Рамаса зраўнялі лік: навес дыспетчара – Рамас выскоквае вышэй за астатніх і паражае вароты – 1:1! На 44-й здарыўся эпізод, які і вызначыў пераможцу ў матчы – удар Пукі з межаў штрафной, і мяч у сетцы. 1:2.
Мёнхенгладбахская “Барусія” прыехала ў Аўгсбург без свайго распасоўніка Марка Ройса, і атрымала “абаранак”. Усе астатнія значныя для “прусаў” футбалісты былі ў гульні, але ані Дантэ, ані Даэмс, ані Нойштэдтэр, ані Ханке дапамагчы не змаглі. Усё вырашыў штрафны, які выканаў Кальсэн-Бракер на 51-й хвіліне. Тэр Штэген не здолеў адбіць удар, і гэта вылілася ў паразу для гладбахцаў. Пра якую стабільнасць тут можна гаварыць? Пакуль ёсць сумныя думкі наконт “Ройсазалежнасці” гладбахцаў. Без Марка “Барусія” гуляе не так, зусім не так, хаця той жа Дантэ часам можа выканаць на полі падобныя функцыі.
“Майнц” разышоўся мірам з “Гамбургам”. Томас Тухель даручыў Іваншытцу функцыі форварда, аўстрыец не справіўся з задачай. Не тое, каб Андрэас адчуваў сябе нязручна. Проста гэта не яго пазіцыя. Відаць, больш такіх эксперыментаў не будзе. “Гамбург” нічога не прапанаваў гаспадарам – нічыя 0:0.
Гарачы матч адбыўся ў Нюрнбэргу. Мясцовыя прымалі гасцей з Хафенхайма. На 39-й Ібішавіч прабіў Шэфера. Кіперу падалося, што басніец забіваў у яго вароты з афсайду, але арбітр не паслухаў. Жоўтую за сваю празмерную актыўнасць Шэфер не атрымаў, затое партнёр па камандзе Чэндлер атрымаў выдаленне праз пару хвілін. На 56-й “Хафенхайм” забіў у другі раз – Фірміна пазбегнуў афсайднае пасткі на левым флангу, прабег з мячом некалькі метраў і аддаў дакладны пас на Ібішавіча – ёсць дубль! 0:2. На 90+1 – й хвіліне Компэр зарабіў прамое выдаленне і саставы на апошнія секунды падраўняліся. Але розніцы тут не было, “Хафенхайм” перамагае, гульня “Нюрнбэрга”, як і заўсёды, пакідае пытанні.
“Вэрдэр” паздзекваўся з “Вольфсбурга”. Ужо на 18-й хвіліне Бэналья вымушаны быў выняць мяч з-за лініі. Пісарра традыцыйна добра прабіў пасля падачы са штрафнога, складаны мяч з адскокам ад газона Бэналья парыраваў, але на шляху снарада апынуўся Сакраціс Папастатопулас, які і забіў свой першы гол у сезоне. Другі гол быў забіты на апошніх секундах першай паловы і стаў плодам майстэрства Пісарра. Перуанец добра абыграўся злева каля штрафной з Ігнёўскі, увайшоў як таран у штрафную, і прабіў па варотах, тэхніка+майстэрства = 2:0! Трэба аддаць належнае Ігнёўскі, які праявіў сапраўдныя якасці змагара ў тым моманце, пайшоў да канца і вырваў мяч для бамбардзіра. Невядома, зрэшты, чаму нямецкія журналісты запісалі ў асістэнты Розэнбэрга, швед не аддаваў завяршальны пас, гэта відавочна, Маркус чакаў перадачы ад перуанца, а той прабіў самастойна. А вось на 55-й Розэнбэрг сапраўды законна трапіў у пратакол – атрымаўшы перадачу з глыбіні поля, ён накруціў абаронцу Марсэля Шэфэра і стрэліў міма брамніка – 3:0! Але і гэта не было канцом для “ваўкоў” – каманда Магата прапусціла яшчэ, прычым памылілася пра стварэнні штучнага афсайду – Арнаутавіч з перадачы пяткай ад Пісарра забіваў чыста. Дарэчы, Аляксандр Глеб удзелу ў гульні не прыняў. Хапіла “Вольфсбург” толькі на мяч прэстыжу – Трэш аддаў пас на Шэфэра, а той выправіў сваю памылку ў эпізодзе з голам Розэнбэрга прыгожым мячом з дальняй дыстанцыі – 4:1.
Клеменс і Падольскі дэкласавалі “Фрайбург”. “Кёльн” паказаў усё на што здольны. Хаця гэтая гульня не паказчык. Усё ж такі зараз “Фрайбург” вельмі слабы, а ў “Кёльна” толькі асобныя людзі гуляюць па-сапраўднаму стабільна. І тым не менш, перамагчы 4:0 – добры вынік, з кім бы “Кёльн” не гуляў. У цяперашнім становішчы “казлам” важныя ачкі. Ён ужо на 10-м месцы, а гэта не так і кепска. Антон Пуціла зноў выйшаў у старце “Фрайбурга”, і на 85-й быў заменены на Абдэсадкі.
Ад матчу “Гановэр” – “Баер” чакалі большага, чым убачылі. Нічыя 0:0 пры поўнай адсутнасці стопрацэнтных момантаў. Апошнія вынікі гановэрцаў не тое, што “падводзяць пад манастыр” іх фанатаў, але яўна іх не радуюць – ужо цяпер “96-я” апусціліся на 9-ты радок. “Баер” па сваёй бязглуздзіцы страціў перамогу ў лігачэмпіёнскай групе, аддаўшы яе “Чэлсі”, а цяпер не выйграў у важным матчы, таму і застаецца толькі 6-м.
“Баварыя” толькі парадавалася няўдачы “Барусіі” ў гульні з “Аўгсбургам”. І сама не схібіла. Матч са “Штутгартам” быў для мюнхенскага суперклуба цяжкім, і ўсё ж яны вытрымалі гэтую барацьбу. Гентнэр забіў за швабаў хуткі гол. Гэта засмуціла “Баварыю” ў вельмі малой ступені, і яна пачала атакаваць. Неўзабаве Гомэс аднавіў статус-кво, а на 29-й баварцам здорава дапамог Малінара – італьянец атрымаў другую жоўтую картку і адправіўся адпачываць. Пачатак другога тайму “Баварыя” правяла ўдарна і Гомэс аформіў дубль- перамога мюнхенцаў. На выніку адбілася яшчэ і Ліга чэмпіёнаў – асноўныя сілы “Баварыі” адпачывалі замест гульні супраць “Манчэстэр Сіці”.
Плюс да ўсяго – “Баварыя” гуляла апошняй, ужо ведаючы пра паразу гладбахскай “Барусіі” і нічыю “Барусіі” дортмундскай. Дортмундцы на родным “Вэстфаленштадыёне” не змаглі перагуляць “Кайзерслаўтэрн”. Ужо трэці матч запар “Барусія” не можа выйграць. Нічыя з аднаклубнікамі з Мёнхенгладбаху, жудасная параза ад “Марсэля” ў еўракубку, і вось – нічыя з “чарцямі”. Удар, які атырмала “Барусія” ў гульні з французамі доўга будуць памятаць – весці 2:0, не адчуваць вялікіх праблем, потым прапусціць першы гол – усё было няблага, а магло быць яшчэ лепш. Але пропуск двух галоў у апошнія пяць хвілін – гэта трагедыя. Трагедыя футбольнага Дортмунда. Як вынік – вылет з еўракубкаў, нават у Лігу Еўропы не праходзяць “жоўта-чорныя”. У Бундэслізе “шварц унд гельб” (чорны і жоўты) выглядалі не так, як маглі. Таму зыход матчу з “Кайзерслаўтэрнам” справядлівы. На 27-й хвіліне Кагава адкрыў лік. Здавалася б, што пасля галявога поспеху японца праблем перад “Барусіяй” не паўстане. Але Шахан на 60-й зраўняў лік. Спрацаваў прынцып: не забіваеш ты – забіваюць табе. Моманты былі ў Гроскройца, Хумэльса, але ніхто іх не прабіў Трапа. А вось Вайдэнфелер не дапамог з ударам Шахана – 1:1. У канцы мог вырваць перамогу для “Барусіі” Гётцэ – спроба няўдалая.
“Баварыя” адкрые наступны тур гульнёй з “Кёльнам” у пятніцу. А пакуль мюнхенцы наперадзе ў табліцы – ў іх 34 ачкі. У “Шальке” 31, у дзвюх “Барусій” па 30. На іншым полюсе табліцы ідуць “Кайзерслаўтэрн” і “Аўгсбург”, у якіх па 14 ачкоў, у “Фрайбурга” 13.
У бамбардзіраў двоеўладдзе. Гомэс дагнаў Хунтэлаара – абодва форварды забівалі ў туры, аднак Гомэс забіў двойчы, цяпер яны маюць па 13 забітых галоў. У Пісарра і Падольскі па 11, Ройс забіў 10.
Герта – Шальке 1:2
Нюрнбэрг – Хафенхайм 0:2
Кёльн – Фрайбург 4:0
Аўгсбург – Барусія М 1:0
Майнц – Гамбург 0:0
Вэрдэр – Вольфсбург 4:1
Гановэр – Баер 0:0
Барусія Д – Кайзерслаўтэрн 1:1
Штутгарт – Баварыя 1:2