Адкрываў 15 тур чэмпіянату Нямеччыны матч “Баера-04” з “Хафенхаймам”. Тыднем раней “аптэкары” згулялі цікавую нічыю з “Гертай” 3:3, але паўтараць падзеі той гульні з берлінцамі ў сустрэчы супраць “сялянаў” леверкузенцы не захацелі. Эрэн Дзердзіёк набраў у апошні месяц бліскучую форму, менавіта ён і скончыў выніковым стрэлам адну з першых атак “Баера” ў матчы – Эрэн удала згуляў на дабіванні пасля ўдару са штрафнога. За некалькі хвілін да таго Штарке парыраваў складаны ўдар натуралізаванага швейцарца адной левай! На 79-й Сэм павялічыў адрыў да 2:0. Так сустрэча і скончылася.
На дэрбі дзвюх “Барусій” глядзелі не толькі як на матч лідараў турніру, але і як на супрацьстаянне двух зорных футбалістаў, таленавітых Ройса і Гётцэ! Гэтую парачку паўабаронцаў ужо цяпер усе ў Нямеччыне называюць будучыняй нямецкага футбола, а калі яны яшчэ і застануцца ў сваіх цяперашніх камандах, то могуць забяспечыць ім трыўмфальную будучыню – кіраўнікам дзвюх “Барусій” застанецца толькі падбіраць годных партнёраў для сваіх дыспетчараў і чакаць вынікаў. Матч пачаўся атакамі гладбахцаў, Дантэ вырашыў прабіць штрафны замест Даэмса і ледзь не прабіў пры гэтым Вайдэнфелера. А за пяць хвілін да канца першага тайму Робэрт Левандоўскі вывеў дортмундцаў наперад. Ягоны ўдар галавой – і тэр Штэген ужо нічога не можа зрабіць. Але ў другім тайме Майк Ханке на 72-й хвіліне зраўняў лік. Мажліва, Роман Вайдэнфелер заняў няправільную пазіцыю і дазволіў форварду “чорна-бела-зялёных” паразіць бліжні вугал. Былі ў матчы і нерэалізаваныя моманты. Пасля таго, як лік стаў 1:1, забіць мог Гётцэ, але ўдар Марыа адбіў тэр Штэген, а потым вызначыцца маглі гаспадары, але ўпусціў свой шанц Дантэ. Нарэшце, шыкоўны эпізод упусціў Барыас, забіў бы парагваец, дортмундцы маглі б з’ехаць з Мёнхенгладбаху з трыма ачкамі. А так, не атрымалася, нічыя.
“Баварыя” не змарнавала магчымасць вырвацца на першы радок. Дзякуючы нічыйнаму выніку ў матчы дзвюх “Барусій” мюнхенцам дастаткова было з любым вынікам перамагчы “Вэрдэр”. Брэмэнцы цяпер не такая страшная сіла, не так даўно “музыкі” саступілі 0:5 гладбахскай “Барусіі”, а таму подзвігаў ад іх у Мюнхене ніхто не чакаў. Тым больш у асноўнага брамніка “Вэрдэра” Ціма Візэ памёр бацька, і таму Цім у Мюнхен не прыехаў. Практыку ў “рамцы” атрымаў Мілітц, які на 24-й хвіліне нічога не змог зрабіць з Рыберы. Француз атрымаў перадачу ад Алабы і перагуляў кіпера – 1:0! У другой палове Розэнбэрг зраўняў лік. Аднак нядоўга музыка іграла. Рабэн з пенальці, прызначанага за знос Мюлера, выводзіць баварцаў наперад – 2:1! Потым Рыберы завяршае бліскучую камбінацыю, а пасля гэтага за грубы падкат чырвоную картку атрымлівае Хант. Прычым падкат супраць Рабэна ён робіць у сваёй штрафной. Пенальці Рабэн зноў забівае – 4:1! Поўны разгром брэмэнцаў у Мюнхене. Калі “зялёныя” прыязджаюць да “Баварыі” у такім разабраным стане, то заўсёды атрымліваюць поўны кошык мячоў.
“Герта” чарговы матч скончыла ўнічыю. Аднак на гэты раз берлінцы абмежаваліся “сціплымі” 1:1. У гасцявым матчы з “Кайзерслаўтэрнам” берлінцам спачатку сапсаваў настрой уласны абаронца Хубнік, што забіў у свае вароты, аднак Рафаэль хутка выправіў гэтую “недарэчнасць” сваім мячом з перадачы Ціферта.
Каманды Фелікса Магата звычайна слаўныя сваёй дысцыплінай, якую ім ставіць нашчадак пуэртарыканца. Але ў гэтым чэмпяінаце асаблівай волі “ваўкі” не паказваюць, а наадварот, саступаюць каму заўгодна ды ідуць 13-мі. На гэты раз дома яны вялі з лікам 2:0, але дазволілі “Майнцу” сквітаць абодва мячы. Манджукіч і Мадлунг падумаць не маглі, што абарона іх каманды звядзе на нішто іхнюю стараннасць і выніковасць. У другім тайме “Майнц” скараціў адставанне пасля рэалізаванага Іваншытцам пенальці, да якога прывёў фол Бэналья. На 81-й забіў Чупа-Моцінг, нічыя 2:2. Пад канец сустрэчы чырвоную картку зарабіў Хасэбэ – цалкам няўдалы другі тайм для “Вольфсбурга” і мінус адзін ключавы футбаліст перад наступным паядынкам супраць “Вэрдэра”.
Антон Пуціла ў адрозненні ад Аляксандра Глеба згуляў у гэтым туры, і правёў на полі 87 хвілін. Хатні матч “Фрайбурга” з “Гановэр-96” праходзіў даволі спакойна, пакуль “96-я” не забілі “мяч у раздзявальню”. Абдэлаўэ прастрэліў, а Бастыянс пераправіў снарад у сетку за спінай Баўмана, вароты каго ён мусіць абараняць. На 67-й Сісэ зраўняў лік. На гэтым цікавыя падзеі практычна скончыліся. Што важна, “Гановэр” чарговы матч зводзіць толькі ўнічыю.
“Штутгарт” не перамог дома “Кёльн”. Паядынак скончыўся з лікам 2:2. У гаспадароў дубль на рахунку Гентнэра, у гасцей двойчы забіў Падольскі. А вось Торстэн Фінк павінен ганарыцца сваімі хлопцамі, “Гамбург” атрымаў новыя 3 ачкі. Пераможаным у партовым горадзе стаў “Нюрнбэрг”. Больш за тое, “Гамбург” не прайграе ўжо восем матчаў запар! На 23-й забіў Герэра, які адправіў мяч у вароты Шэфэра з лёгкасцю, а потым вызначыўся Марцэль Янсэн – удар абаронцы Шэфэр адбіць таксама не змог. 2:0!
Цікавы матч адбыўся ў Гельзенкірхене. У мінулым туры “Аўгсбург” выйграў, але на тэрыторыі “Шальке” цяжка было верыць у перамогу, тут хаця б адзін бал звезці! На 16-й хвіліне Цеему Пуккі выдаў пас на Хунтэлаара, а галандзец не падвёў парнёраў, па-хакейнаму пераправіў мяч у сетку – 1:0! Прычым да перадачы фіна былі смешныя падзеі з абаронцам “Аўгсбурга” Райнхардам, які двойчы паспеў паслізнуцца, у выніку чаго і не дагнаў легіянера з поўначы. Госці адыгралі гэты мяч у самым старце другога тайму, калі Мэльдэрс таксама па-хакейнаму завёў мяч у сетку Унэршталя. І ўсё ж такі клас “кобальтавых” даўся ў знакі. На 66-й Фухс бліскуча прабіў здалёк і трапіў! Прычым забіваў Фухс з-пад таго самага Райнхарда, а мяч эфектна прайшоў пад рукой Амсіфа. Бадай што лепшы гол у 15-м туры. Так “Шальке” забіў пераможны гол. Напрыканцы забіць удалося Раулю. Іспанец як толькі не забіваў за сваю кар’еру. Відаць, і такія моманты былі, як цяпер, бо Рауль зусім не разгубіўся ў напружанай сітуацыі і з блізкай адлегласці адправіў мяч у вароты. Тры секунды маўчання – і суддзя прымае рашэнне залічыць гол, бо мяч перашоў паўз лінію варотаў. 3:1 – перамога “Шальке”!
“Баварыя” вярнулася на першы радок табліцы і мае цяпер 31 ачко. Па 30 у дзвюх “Барусій”. “Шальке” мае 28, а “Вэрдэр”, які стаў прайграваць часцей, усё адно трымаецца на 5-м радку, 26 ачкоў. У канцы табліцы “Кайзерслаўтэрн” з 14 баламі, у “Фрайбурга” 13, а ў “Аўгсбурга” 11. Гомэс і Хунтэлаар забілі 13 і 12 галоў адпаведна, у Пісарра 11.
У другой Бундэслізе тым часам “Айнтрахт” з Франкфурта-на-Майне перамог 2:0 “Карлсруэ”, а “Фартуна” з Дзюсэльдорфу перамагла 2:1 суседа па табліцы “Гройтэр Фюрт”. Цяпер у гэтых каманд па 28 ачкоў. “Гройтэр Фюрт” ідзе наступным і мае 36 ачкоў. Столькі ж у “Санкт-Паўлі”. Дарэчы, “Фартуна” можа стаць адзінаасобным лідарам, калі выйграе вочны матч у “Дуйсбурга”. Дрэздэнскае “Дынама”, якое за ўчынкі фанатаў выключылі з Кубка Нямеччыны, зорак з неба не хапае, але і не выглядае пакуль на тое, што дрэздэнцы вернуцца назад у трэцюю Бундэслігу. Дынамаўцы ідуць 11-мі. Бадзёра. А вось “Ганза” лёгка можа ўпасці зноў, бо ідзе перадапошняй.