Плач Луіса Энрыке.
Сустрэчай “Удынэзэ” і “Ромы” пачынаўся чарговы тур Чэмпіянату Італіі па футболе. Выезд ува Фрыўлі абярнуўся дзеля “ваўкоў” чарговым правалам. Калі не браць ва ўвагу лік — 2:0, то трэба сказаць, што “Рома” ў пятніцу ўступіла па ўсіх пунктах сваім супернікам. Колькасць стопрацэнтных момантаў, якія былі ў гаспадароў у першым тайме наўрад ці атрымаецца пералічыць па пальцах рук, а вось госці за ўсю гульню толькі 1 (!) раз трапілі па варотах. Гэта Дэ Росі ў дэбюце другога тайму, пэўна, адчуваючы, што пахне смажаным, адважыўся на ўдар. Першы і апошні раз за ўвесь матч Ханданавічу прыйшлося папрацаваць.
Луіс Энрыке не здаваўся да апошняга, але думаць галавой ўпарта не хацеў. Чаго каштуе адзін выхад на поле экс-блаугранас Бояна замест Гага за 15 хвілін да канца сустрэчы. Пасля гэтай замены прайшло роўна 5 хвілін, як лік адкрыў, як вы думаеце, хто? Правільна, Антоніа Ды Натале працягвае папаўняць свой галявы багаж, на гэты раз дзякуючы безалабернай гульні “Ромы” ў абароне. Трэба сказаць, што гэтая самая абарона прывозіла моманты не толькі ў канцоўцы, але і на працягу ўсёй гульні.
“Роме” б пабегчы адыгрывацца, у апошнія сезоны “ваўкі” не раз ратавалі свае шкуры за лічаныя секунды да фінальнага свістка, але куды пайшоў гэты байцоўскі дух з прыходам Луіса Энрыке — невядома. Мала таго, на апошняй хвіліне асноўнага часу “Удынэзе” забіў другі гол, зрабіў гэта Маўрыцыа Ісла. 2:0, і “Рома” апускаецца на 6-е месца, а “Ўдынэзе” ў сваю чаргу ўздымаецца на трэці радок.
Неперамож(а)ны «Юве»
Безумоўна, самай цікавай гульнёй суботы стала сустрэча лідэраў: “Лацыа” і “Ювентуса” на “Стадзіа Алімпіка”. Да гонару гаспадароў, матч не стаў гульнёй “у адны вароты”. “Арлы” мелі шмат магчымасцей, але нязменны Джыджы Буффон быў на вышыні. “Юве” да сваіх шанцаў падыйшоў больш рацыянальна, і быў за гэтае ўзнагароджаны: на 34-й хвіліне пасля маланкавай камбінацыі Вучыніч-Матры-Пепе мяч апынуўся ў варотах “лацыале”. Гаспадары рук не апускалі, спрабавалі атакаваць, часам вельмі востра, пацеў у сваёй браме Буфон, мяч абстукваў штангі (дарэчы, і рымскіх варот таксама), але ўпарта не ішоў у сетку. Гэтак матч і завяршыўся — 0:1, і “Юве” не прайграе ўжо 11 матчаў, а “Лацыа” падае на 4-е месца. Трэба сказаць, што заслужана, каманда Рэі вельмі добра выглядае ў гэтым сезоне.
Лямпачка Эдынсана
А вось “Напалі” ніяк не можа нарэшце зайграць і ў Чэмпіянаце Італіі. Пасля неверагоднай і вельмі важнай перамогі над “Манчэсцер Сіці” ў Лізе Чэмпіёнаў, падапечныя Вальтэра Мацары ледзь-ледзь уратаваліся ад паразы ў сустрэчы з “Аталантай”. “Бергамаскі”, вядомыя Германам Дэнісам, закрыліся на сваёй палове поля ў першым тайме, і ўвесь крэатыў атакуючага трыа “партапеі” сыходзіў на нуль. Асабліва выпадаў з канструкцыі напалітанцаў Горан Пандзеў, якога за паўгадзіны да канца гульні змяніў Лавесі. Гаспадары сядзелі на сваёй палове да часу, а потым ўдарылі, ды так, што ў гасцей толькі іскры з вачэй пасыпаліся. Спачатку Дэніс выкруціўся са складанай сітуацыі і пальнуў у перакладзіну, а потым ён жа завяршыў сваю працу і забіў гол.
“Напалі” кінуўся адыгрывацца, і зрабіў гэта, прычым у той момант, калі суддзя ўжо паднёс да вуснаў свісток, каб зафіксаваць канец сустрэчы. Думаю, не трэба нават казаць, хто зрабіў гэта, скарыстаўшыся сумбурам у штрафной пляцоўцы “Аталанты”. Лямпачка Эдзінсана працягвае гарэць, асвячаць шлях Вальтэру Мацары і ратаваць напалітанцаў у складанейшых сітуацыях. Вось толькі перамог такія ўратаванні не прыносяць. 1:1, “Аталанта” абжываецца ў сярэдзіне табліцы, “Напалі” паспяхова каціцца ўніз — 8-е месца.
Міланскія дэбюты
З астатніх сустрэч 13-га туру выдзяляюцца гульні міланскіх каманд. “Інтэр” упершыню за гэты чэмпіянат перамагае два разы запар, цяпер мінімальна церпіць “Сіена”. Дэбютны гол за “нэрадзурры” на 89-й хвіліне забіў малады Лук Кастэньяс, які ўвогуле адпрацаваў за ўсю каманду, ды яшчэ і за адсутных Снайдэра, Майкана і Лусіа. Але такі расклад не можа радаваць прыхільнікаў чорна-сініх, каманда выбіраецца з нізоў табліцы, але ўпэўненай гульні няма дагэтуль.
А вось “Мілан” на “Сан-Сіра” яшчэ ў першым тайме не пакінуў аніякіх шанцаў “К’ева”. На перарыў каманды ішлі з лікам 4:0, дубль на свой лік запісаў Ібрагімавіч, які, дарэчы, забіў 100-ты гол ў Серыі А. Агляд найбольш знамянальных галоў шведа можна паглядзець тут. Нарэшце адзначыўся ў Чэмпіянаце Італіі і Пату, які дабіў мяч у вароты Сарэнціна пасля ўдару Аквілані. А адкрываў лік Цьяга Сілва прыгожым ударам метраў з 25-ці, і тут не абыйшлося без сімвалічнасці. Справа ў тым, што бразілец ўпершыню атрымаў капітанскую павязку ў адсутнасці на полі Зеедарфа, Гатуза, Аб’яці і Амбразіні. У другім тайме гаспадары маглі некалькі разоў павялічыць перавес, але не скарысталіся стопрацэнтнымі магчымасцямі і апошнія 30 хвілін проста даігрывалі. 4:0, і “Мілан” разам з “Удынэзэ” застаюцца адзінымі даганяючымі “Юве”.