Мёнхенгладбахская “Барусія” адкрывала тур матчам на выездзе супраць “Кёльна”. У мінулым туры гладбахцы здорава далі рады “Вэрдэру”, разграміўшы тытулаваных брэмэнцаў 5:0, цяпер не пакінулі ніякіх шанцаў “казлам”. Дубль Майка Ханке і мяч Давіда Аранга шмат пра што кажуць – 0:3, “Кёльн” саступае.
“Барусія” з Дортмунду гуляла Рурскае дэрбі. Любіць жа “Шальке” псаваць настрой гаспадарам “Вэстфаленштадыёна”! Дортмундскія фанаты, як і заўсёды, кідалі праклёны ў адрас прыезджых, а тыя, таксама традыцыйна, пасля небяспечнай дарогі з Гельзенкірхена ў Дортмунд паводзілі сябе смела. Каманды таксама не гулялі асцярожна. І гол не давялося доўга чакаць. Унэршталь ужо на 17-й хвіліне змушаны быў даставаць мяч з сеткі і выбіваць яго ў цэнтральны круг. Гэта ўвішны Левандоўскі апярэдзіў гельзенкірхенскага брамніка пасля штрафнога ўдару і дакладна прабіў галавой. Увогуле, колькі б не пісалася тут пра гэта дэрбі, напісаць мала – такое трэба бачыць. Тым больш што матчы паміж гэтымі сапернікамі амаль ніколі не сканчваюцца лікам 0:0. Потым Фухс вынес мяч з самай лініі варотаў, а Дракслер і Холтбі абвастралі сітуацыю ля варотаў Вайдэнфелера, не ўсё ж аднаму Унэршталю працаваць у рамцы! На 63-й хвіліне ў дом “Шальке” зноў прыйшла бяда – Барыас стрэліў, брамнік адбіў мяч, але на дабіванні быў Сантана – 2:0! Перамога ў дэрбі! Два выйграных прынцыповых матчы запар! Шкада толькі, што “жоўта-чорныя” не гуляюць настолькі вынікова на еўраарэне.
“Аўгсбург” атрымаў другую перамогу ў Бундэслізе. Матч супраць “Вольфсбурга” стаўся няпростым, але гэта і натуральна – для “Аўгсбурга” ў цяперашніх рэаліях не існуе простых матчаў. Каманда Магата па-ранейшаму ў крызісе, гэта і даказаў паядынак. “Ваўкі” нідзе не былі лепшымі за гаспадароў, а па сутнасці роўную сустрэчу прайгралі. На 62-й хвіліне Брынкман прыгожа забіў са складанага становішча, мячы з вострых вуглоў заўсёды цэняцца! Ёс Лухукай не рабіў замен у сваёй камандзе да самага канца і не баяўся, што вольфсбуржцы зменяць слізкі лік. Нарэшце, дзве тактычныя, на першы погляд, замены трэнера прывялі да падваення выніку. Каплані і Сінкала выходзілі на поле дзеля дадатковых апладысментаў Вэрнэру і Мэльдэрсу, а ў выніку зарганізавалі яшчэ адзін мяч у вароты Бэналья – албанец Каплані адгукнуўся на перадачу партнёра і 2:0.
“Герта” згуляла ўжо звыклы для сябе матч. Зноў баявая нічыя! На гэты раз з “аптэкарамі” з Леверкузена. Прычым зноў берлінцы былі наперадзе! Ужо на 5-й хвіліне Леван Кабіяшвілі не рэалізаваў пенальці, аднак на 7-й Ласога адкрыў лік і выправіў памылку партнёра. На 18-й Амэр Тапрак забіў аўтагол і лік стаў 2:0 на карысць берлінскай каманды. Аднак потым стаў саліраваць Эрэн Дзердзіёк. Адзін з герояў выйгранага матчу ў “Чэлсі” хутка зарыентаваўся ў рэаліях матчу і адыграў адзін гол. У другой палове турак са швейцарскім пашпартам забіў яшчэ два мячы і вывеў “Баер” наперад. Нядоўга музыка іграла, на 82-й Ласога аформіў дубль і прынес нічыю “Герце”. 3:3!
Фірміна прыгожым ударам даў “Хафенхайму” надзею на перамогу, але потым сам жа сваімі нерэалізаванымі магчымасцямі паставіў вікторыю пад пытанне. Не забіваеш ты – забіваюць табе. Дэмбеле на 90-й вырваў нічыю для “Фрайбурга”. “Нюрнберг” святкаваў перамогу над “Кайзерслаўтэрнам”. Чэндлер у пачатку скраў мяч у Бугеры і адправіў яго ў вароты Трапа – 1:0.
Вельмі цікавым атрымаўся матч “Гановэра” супраць “Гамбурга”. Падапечныя Мірка Сломкі крыху спусцілі пару і апусціліся ў сярэдзіну табліцы, а футбалісты Торстэна Фінка ўжо не выглядаюць безнадзейна ў канцы табліцы. У першым тайме каманды галоў не забілі, аднак перавага была ў асноўным на баку “Гамбурга”. Добрыя моманты мелі Янсэн і Герэра. У другім тайме Брума пасля падачы з вуглавога выцягнуў нагу гуляючы на апярэджанне і адкрыў лік. Аднак “96-я” не здаліся і Шлаўдраф шыкоўным ударам пасля падачы злева прабіў злёту, Ян нават не даў мячу апусціцца! Бліскучы гол аднаго з лідараў прыносіць “Гановэру” нічыю. Аднак Мірка Сломка павінен задумацца – нешта зусім часта ягоная каманда стала траціць ачкі, цяпер месца клуба ў табліцы толькі 8-е.
Сціплы “Майнц” выйшаў на 13- месца пасля сенсацыі, якую ён стварыў на сваім полі ў матчы з “Баварыяй”. Што такое перамагаць “Баварыю” ў родным горадзе Ёгана Гутэнбэрга ведаюць, двойы за апошнія чэмпіянаты гэта ўдавалася. Толькі цяпер чамусьці не было ніякай упэўненасці ў тым, што матч можа скончыцца кепска для мюнхенскага гранда. Аднак суровыя “карнавальшчыкі” элегантна перагулялі фаварыта. Іваншытц ужо на старце адкрыў лік у матчы. На 56-й хвіліне ван Бюйтэн пасля розыгрышу штрафнога зраўняў лік, але Каліжуры бліскучым і чароўным дальнім ударам прымусіў Ноера зноў капітуляваць – 2:1! Потым баварцам забіў яшчэ і Бунгерт! Ван Бюйтэн, як вядома, любіць рабіць дублі, і на гэты раз абаронца мюнхенцаў аказаўся з двума мячамі ў пратаколе. Гол бельгійца не дапамог, 3:2, перамогу святкуе “Майнц”.
Дортмундская і мёнхенгладбахская “Барусіі” маюць па 29 балаў і ўзначальваюць табліцу. У “Баварыі” засталося 28. Далей следуе “Вэрдэр” з 26 ачкамі. У канцы табліцы “Кайзерслаўтэрн”, “Фрайбург” і “Аўгсбург”, якія маюць 13, 12 і 11 ачкоў адпаведна.