• 28.06.2025

Футбол. Чэмпіянат Беларусі. Першая ліга. Агляд 30 туру: дакаляндарылі

Ноя 20, 2011

Заключны тур першай лігі ўвайшоў у гісторыю, як і ўвесь сезон у цэлым. Апошні тур ужо нічога істотнага не змяняў у турнірнай табліцы, а таму каманды проста згулялі матчы перад доўгай паўзай.

“ДБК-Гомель” прымаў пінскую “Хвалю” і гэты матч запомніўся купай галоў. На 7-й хвіліне “Хваля” выйшла наперад – Каралюк, які ўзімку можа змяніць серадняка нашай першай лігі на пермскі “Амкар”, прыгожым ударам цераз сябе прымусіў Кавалёва капітуляваць – 0:1! Але ў сярэдзіне тайму Дашук вярнуў назад статус-кво. На 45-й хвіліне пінчукі праваліліся ў абароне, Забалоцкі выйшаў сам-насам з Лукашам і паразіў цэль – 2:1! У пачатку другой паловы Калацэй зраўняў лік, а потым Валадзько зрабіў 2:3, аднак на 90+2-й хвіліне Дашук зраўняў лік – 3:3, баявая нічыя! Летась “ДБК” біўся за выхад у “вышку”, цяпер гаманец у другога гомельскага клуба зусім не вялікага памеру, таму тут радыя, што проста застаюцца ў лізе. Па пінскаму клубу можна сказаць банальна: серадняк, прычым даволі трывалы і перспектыўны. Самабытная каманда.

“Хімік” не засмуціў хуткі мяч, прапушчаны ад Віскушэнкі ў матчы з “Клечаскам” – светлагорцы даволі хутка прыбралі ініцыятыву да сябе, і Шукеловіч аднавіў раўнавагу. Потым удалося забіць Лепіну і “Хімік” выйшаў наперад. Усе спробы “Клечаска” змяніць абстаноўку на поле і ўрэшце лік на табло, не мелі поспеху. Атакі светлагорцаў таксама доўга не былі выніковымі, аднак на 68-й хвіліне Шукеловіч аформіў дубль. Правальны сезон для каманды, якая заўсёды гуляла ў дывізіёне. “Хімік” застаўся, але што будзе ў Светлагорску на наступны год – невядома нікому. “Клечаск” першы сезон у 1-й лізе правёў згодна з магчымасцямі, можна лічыць, што 9-е месца – справядлівы вынік, але можна было і вышэй.

“Граніт” у апошнім туры сустрэўся з гасцямі з Мінска. Як і чакалася, нематываваны СКВІЧ паказаць добры футбол не змог, як вынік – 0:0. “Граніт” заняў заканамернае 8-е месца, СКВІЧ і ў гэтым сезоне быў адным з наймацнейшых у лізе, аднак летась усё ж выступіў лепей – мінчане прайгралі права выступаць у вышэйшай лізе ў пераходных матчах жодзінскаму “Тарпеда”. Цяпер 4-е месца, прайграныя амаль усе матчы сваім суседзям зверху.

“Слуцк” прыняў на сваім полі “Полацк” і дабіўся мінімальнай перамогі – вызначыўся Крот. Футбол не стаў цікавіць каманды, як толькі яны скончылі хоць за нешта змагацца. Таму замест расповеду пра сумны матч трэба падвесці падрахунак сезону для клубаў. “Слуцк” стаў 5-м, што для каманды, якая летась толькі паднялася з 2-й лігі, даволі няблага. “Полацк” адарваўся ад зоны вылету недалёка, аднак месца, якое заняла каманда, уражвае – 10-е! А на пачатку другога кола чэмпіянату здавалася, што палачане – першы кандыдат на вылет. У “Полацка” не было грошаў і сітуацыю атрымалася ўлагодзіць толькі ў апошні момант. Акрамя таго, каманда займала 14-е месца, ніжэй былі толькі “Хімік” і “Баранавічы”. У выніку – “Полацк” сярод усіх аўтсайдэраў правёў найлепшую другую палову.

“Ведрыч-97” прымаў мазырскую “Славію”. “Славія” праводзіла заключную гульню перад трыўмфальным вяртаннем у эліту, а таму паспрабавала забіць паболей. Але ж і рэчычане не здаваліся проста так. Нават мелі перавагу. На 40-й з перадачы Бяганскага Званкоў адкрыў лік. Футбалісты стараліся, але прыдумаць нешта выкшталцонае на поле рэчыцкага стадыёна складана – добра, што сезон скончыўся, бо на такім полі цяжка нават проста бегаць. У канцы першай паловы “Ведрыч-97” мог неаднаразова падвоіць лік – выратавала майстэрства рэзервовага галкіпера каманды Савінскага. Юрый Малееў даў шанец запасному брамніку, а асноўнага – Гаева перасадзіў у запас. І без звыклага капітана “Славія” спраўлялася ў абароне. Увогуле, менавіта ў мазырскага клуба найлепшая абарона – толькі 15 галоў прапушчана за ўвесь сезон. На старце другога тайму на поле ў саставе “чырвона-чорных” выйшаў Волкаў, які ўжо на 49-й зраўняў лік. А на 60-й Юдзянкоў з перадачы Волкава паразіў “дзявятку” – 1:2! Мазыране нярэдка ў гэтым чэмпіянаце забівалі па тры галы, не стаў выключэннем і гэты матч. На 74-й Голік галавой забіў і канчаткова стала зразумела – гэтае дэрбі за фаварытам. Вяртанне “Славіі” – трыўмф у Мазыры, які калісьці быў футбольнай сталіцай краіны, калі пра Барысаў ніхто толкам і не думаў. Пасля першага кола “Славія” ішла на трэцім месцы і ніхто не мог падумаць, што мазыране здольныя на большае, чым пераходныя матчы. Зыход матчу з “Партызанам” і іншыя няўдачы сталічных футбалістаў дазволілі “Славіі” вырвацца наперад, а далей мазыране гулялі ўпэўнена і пастаянна перамагалі. Таму выхад каманды ў эліту не трэба называць выпадковым, чэмпіянатную дыстанцыю менавіта “Славія” правяла лепш за ўсіх. Цяпер “Славіі” трэба знайсці нармальныя грошы і добра ўмацавацца ў міжсезонні, іначай вяртанне будзе кароткім. Здаецца, у клуба з такімі традыцыямі ўсё павінна атрымацца. “Ведрыч-97” няблага правёў сезон, у вярхі асабліва не лез, а ў апошнім туры выпаў з пяцёркі, спрычынілася да гэтага “Славія”. Тым не менш – гэты сезон для рэчыцкага клуба скончыўся добра.

“Белкард” перамог “Рудэнск” 2:0, Вярстак і Козіч забівалі за гродзенскую каманду. А тут трэба сказаць, што пра “Белкард” ніхто не думаў, як пра каманду, здольную выляцець. Пасля першага кола яна ішла на 11-м месцы, а потым прайграла занадта шмат, каб застацца. У выніку – другая ліга. “Рудэнск” ледзь не ўвесь сезон правёў пад акампанемент размоў пра магчымае расфарміраванне клуба. Але клуб выстаяў і застаўся ў 1-й лізе, прайграўшы роўна палову ўсіх матчаў – 15.

“Гарадзея” на экватары сезону была 2-й, аднак ў выніку стала толькі 3-й з адставаннем у 10 ачкоў ад “Партызана”. Але ж не трэба гаварыць пра гэта з сумам – для каманды, якая праводзіла дэбютны год у 1-й лізе, ды яшчэ і абапіралася пераважна на ветэранаў трэці радок з’яўляецца добрым вынікам. Калі ніякіх пературбацый са знакам “мінус” у камандзе не адбудзецца, то на наступны сезон клуб можна будзе разглядаць як патэнцыйнага кандыдата на выхад. У апошнім туры гарадзейцы ледзь перамаглі “Баранавічы”. Гол быў забіты Харытончыкам на трэцяй кампенсаванай хвіліне, 2:1!

“Партызан” канец чэмпіянату праваліў. У ліпені ніхто не меў пытанняў, якая каманда з першага месца выйдзе наверх. Аднак адна нічыя і чатыры паразы ў другой палове сезону апусцілі мінскі клуб на другі радок. Цяпер “Партызану” трэба будзе правесці два матчы за права выступаць у вышэйшай лізе. Магчыма, з “Віцебскам”, магчыма з “Мінскам”. Расчараванне ў камандзе відавочнае. А рыхтавацца да “стыкаў” у клубе ўжо распачалі – дамашні матч са “Смаргонню” скончыўся вынікам 2:4, не на карысць “Партызана”. “Смаргонь”, прымаючы пад увагу стан лідараў, сенсацыі не стварыла. У цэлым, “Смаргонь” ніяк не вылучалася з агульных шэрагаў, была дастаткова шэрай і заняла 11-ты радок у выніку.

Асобных словаў заслугоўваюць “Баранавічы”. Тое, што адбылося напярэдадні сезону прадвызначыла ўсё. Маладыя баранавіцкія футбалісты не пацягнулі першалігавых змаганняў і фінішавалі на 16-й пазіцыі. За ўвесь сезон каманда ніводнага разу не перамагла і набрала 3 ачкі(!) Матч з “Гарадзеяй” стаў яшчэ адной крыўдай – нічыя была ўпушчаная на апошніх секундах.

Пра бамбардзіраў: Юрый Каралюк з “Хвалі” забіў больш за ўсіх – 21 гол, Аляксандр Макась з “Партызана” “настраляў” 19, Руслан Шукеловіч з “Хіміка” і Ўладзімір Шакаў са СКВІЧа вызначыліся па 16 разоў.