Апошні тур чэмпіянату не абышоўся без нестандартнай сітуацыі – “Вертыкаль” на апошні тур не прыехала ўвогуле, так што мінскае “Дынама-2” атрымала тэхнічную перамогу. Ну а ўвогуле былі зафіксаваныя новыя разгромы, як жа задаволены “Орша”, “Асіповічы” і некаторыя іншыя тым, што чэмпіянат скончыўся – вечна мучыць сваіх прыхільнікаў прапушчанымі галамі, разгромамі і бясконцымі пройгрышамі не давядзецца.
Адзін з насельнікаў нізу табліцы – “Жлобін” правёў канцоўку чэмпіянату на добрым узроўні – разгром “Оршы” 4:1 і дастойная гульня ў Бярозе. Прычым жлобінцы “мелі нахабнасць” адкрыць лік. Лагуцін на 24-й прабіў брамніка “Бярозы”. Тым не менш, лідары адыграліся хутка пасля мячу Стаіна з пенальці. На 62-й хвіліне Стаін забіў свой другі мяч і, дарэчы, можа атрымліваць віншаванні з тытулам лепшага бамбардзіра – 39 галоў! І сапраўды, хоць у Бярозе ўся гульня будуецца праз Андрэя, не адзначаць падобны поспех – грэх. Выбітны сезон для форварда, Стаін даўно зарэкамендаваў сябе забіўным футбалістам. 30 галоў аказалася на рахунку Дзенісюка з “Ліды”. Гол Аль-Маджыда практычна забяспечыў гаспадарам перамогу, але на дзіва, жлобінская каманда не развалілася, а паспрабавала адыграцца. На 86-й Торап дабіўся поспеху. Іншыя свае моманты “Жлобін” не выкарыстаў, не змаглі забіць болей і бярозаўцы. 3:2 на карысць фаварыта.
Ну а трэцюю пазіцыю сярод снайпераў заняў Дзмітрый Гомза з “Белтрансгаза”, ён разумна скарыстаўся магчымасцю папоўніць свой рахунак у гасцявым матчы з “Оршай”. Аўтсайдэр дазваляў слонімцам многае і разгромна саступіў 0:5. Гомза аформіў хэт-трык і давёў колькасць сваіх дакладных стрэлаў да 26. Аначэнка і Жагала дадалі па голе да сваіх болей сціплых галеадорскіх рахункаў.
Калі “Белтрангсаз” яшчэ можа падняцца ў першую лігу са свайго трэцяга месца (не выключана, што нехта з больш высокага эшэлону адмовіцца ад удзелу ў 1-й лізе), то “Смалявічы” будуць займацца павышэннем у класе ў наступным годзе. Перад другім колам чэмпіянату каманда узмацнілася не толькі знакамітым Юрыем Пунтусам на трэнерскім мосціку, а набыла перспектыўных і проста добрых футбалістаў у іншых камандах. Папраўдзе, на пачатку ў “Смалявічаў” далёк не ўсё атрымлівалася, аднак потым футбалісты зразумелі стыль кожнага з партнёраў і пачалі здабываць перамогі. Як вынік – каманда не проста пакінула апошняе месца, але пад канец чэмпіянату паспела пакінуць за сабой цэлыя 4 клубы! 12-е месца і, верагодна, смалявічцы будуць змагацца за павышэнне ў класе на наступны сезон. Апошні тур гэтага яны скончылі пазітывам. У дамашнім матчы супраць сталічнай “Зоркі-БДУ” ўжо на 3-й хвіліне смалявічцы павялі, голам вызначыўся Грачышка. Але на 50-й хвіліне цэлі дасягнуў удар Крыны, “Зорка” намагалася набраць хаця б ачко, аднак мроі разбурыў Захарэнь, які дабіўся поспеху праз дзесяць хвілін. У астатнія хвіліны “Смаялвічы” ўтрымлівалі пераможны лік і, урэшце, утрымалі.
“Асіповічы” скончыць сезон на мажорнай ноце не здолелі і былі разбітыя на сваім полі “Партызанам-2”. Спачатку Еўлаш і Дубовік забілі па адным мячы, а потым Кульбака забіў тройчы – 0:5 і “Асіповічы” займаюць у табліцы апошні радок, 85 галоў, больш прапусціла толькі “Орша” – 86.
“Ліда” паводле дадатковых паказчыкаў апынулася ў табліцы вышэй за “Бярозу”. Абедзве каманды набралі па 73 ачкі. У апошнім туры лідзяне здабылі вікторыю ў Мастах. Гол Дабравольскага на 28-й хвіліне так і застаўся адзіным.
“Гомельчыгункатранс” разышоўся мірам 0:0 з “Забудовай”, каманды не вырашалі ўжо ніякіх задач, таму вырашылі спакойна і па магчымасці без траўмаў скончыць сезон.
“Камунальнік” сустрэўся з “Лівадыяй” і згуляў іначай, чым у першым матчы супраць дзяржынскай каманды. Матч першага кола скончыўся мінімальнай вікторыяй “Лівадыі”, прычым перамогу “Лівадыя” атрымала тады пасля аўтаголу слонімца Каваленкі на 88-й хвіліне. Цяпер “Камунальнік” прыгадаў “Лівадыі” тую койданаўскую крыўду і перамог 4:0. Прычым многае вырашыў гол у раздзявальню, які правёў Федарчук. У другім тайме Лешанюк, Клімец і Касабука – кампанія футбалістаў, якія часта забівалі ў мінулым сезоне “адсвяткавала” канец турніру забітымі мячамі.
Чэмпіянат у 2-й лізе скончыўся. “Ліда” і “Бяроза-2010” выйшлі ў 1-ю лігу, набраўшы па 73 ачкі. Каманды былі аб’ектына мацнейшымі ў лізе, нярэдка радавалі прыхільнікаў разгромнымі перамогамі. “Белтрангсаз” у святле фінансавых праблем “Полацка”, “Рудэнска” і некаторых іншых клубаў 1-й лігі можа папоўніць яе ў выпадку адмовы той ці іншай каманды. Як, да прыкладу, “Клечаск” летась. Тады клечычане сталі толькі трэцімі, але пасля расфарміравання нясвіжскага “Вераса” трапілі наверх. Такое можа здарыцца і з “Белтрансгазам”, слонімцы будуць чакаць. 64 ачкі газавікоў – добры паказчык, аднак па графіку саступае набору ў першым коле. 58 балаў сабрала маладзечанская “Забудова”. І пры новай назве, якую не прынялі і, напэўна, ніколі не прымуць фанаты з “горада сонца” маладзечанская дружына працягнула выступаць на добрым узроўні. Але быць усяго толькі адным з лепшых клубаў у 2-й лізе не ўзровень для тых, хто калісьці адчуваў на сабе вятры вышэйшай лігі і важных кубкавых супрацьстаянняў.
Наступныя каманды выступалі горш. Пятым фінішаваў слонімскі “Камунальнік”. Пасля вылету з першай лігі “жоўта-сінія” так і не змаглі вярнуцца назад за адзін год. Новае, раней нязнанае дэрбі на мапе Беларусі – дэрбі Слоніма “Камунальнік” – “Белтрансгаз” скончылася аднойчы нічыёй 0:0, і адзін раз перамог больш удалы “Белтрансгаз”. 54 ачкі можа і не такі кепскі вынік, але яго хапіла толькі на 5-ты радок турнірнае табліцы. Як і летась, няблага выступіў “Гомельчыгункатранс”. Каманда з назвай, якую складана нават прачытаць дэманструе прывабны футбол, але цягацца з лідарамі ёй складана, яна і перамагае іх, аднак губляе больш ачкоў у матчах з сераднякамі. 48 ачкоў і 6-е месца. “Лівадыя” і “Зорка-БДУ” паказалі сябе нестабільнымі камандамі, асабліва “Зорка”, якая магла прайграць дома безнадзейнаму аўтсайдэру “Оршы”, а потым перамагчы “Ліду”. Гэтыя каманды набралі па 42 ачкі. Для “Лівадыі” гэты сезон стаў лепшым за апошнія гады. “Нёман” з Мастоў сабраў ураджай у 37, каманда мела фінансавыя праблемы, аднаго разу не паехала на выезд, але ў цэлым трымалася бадзёра. Набралі столькі, колькі маглі. Два мінскія фарм-клубы “Партызан-2” і “Дынама-2” занялі суседнія радкі. Можна нават лічыць, што ўсё вырашылася ў двух дэрбі. Там больш удала выступілі “чырвона-белыя”. У “Партызана-2” 35 ачкоў, у “Дынама-2” 32. Пасля перамогі над “Зоркай-БДУ” рубеж у 30 ачкоў пераадолелі “Смалявічы”. Нядаўна яшчэ каманда была на апошнім месцы, але ўдарная канцоўка сезону дазволіла камандзе стаць 12-й.
Нарэшце, аўтсайдэры. 13-ю пазіцыю заняў “Жлобін” з 24-ма ачкамі. Каманда не вызначалася прыгожай гульнёй і тактычнымі вынаходніцтвамі на поле, відавочна, што ў горадзе на першым месцы хакей, а футбол саступае яшчэ і валейболу. Буйныя перамогі над суседзямі па табліцы – “Оршай” і “Асіповічамі” дапамаглі жлобінцам стаць вышэйшымі за пераможаных. “Вертыкаль” набрала 22 балы і не паехала ўвогуле на апошні матч у Мінск. Калінкавіцкі клуб стаў актыўна прывыкаць да ролі аўтсайдэра, раней каманда ніколі не апускалася ў такія нізы, цяпер ужо другі сезон яна тут. “Орша” – каманда, якая прапусціла больш за ўсіх і ўвогуле правальна правяла год. Летась яна хаця б не прайгравала так гучна. Цяпер жа – паразы 0:7 ад “Белтрансгаза”, 1:8 ад “Ліды”, 0:8 ад “Гомельчыгункатранса” і гэты шэраг яшчэ можна працягваць! Выступаць горш проста немагчыма, а таму аршанцам няма чым ганарыцца. І тым больш нельга радавацца “Асіповічам”. У “Оршы” 21 ачко, асіпаўчане фінішавалі з 20-цю. Пра апошніх сказаць можна таксама няшмат – бадай самы жудасны сезон у гісторыі клуба.
тэхнічныя вынікі:
Бяроза-2010 – Жлобін 3:2 (Стаін-2(адзін з пен.), Аль-Маджыд; Лагуцін, Торап).
Орша – Белтрансгаз 0:5 (Аначэнка, Гомза-3, Жагала).
Смалявічы – Зорка-БДУ 2:1 (Грачышка, Захарэнь; Крына)
Асіповічы – Партызан-2 0:5 (Еўлаш, Дубовік, Кульбака-3)
Нёман – Ліда 0:1 (Дабравольскі)
Гомельчыгункатранс – Забудова 0:0
Дынама-2 – Вертыкаль 3:0 (тэх.перамога)
Камунальнік – Лівадыя 4:0 (Федарчук, Лешанюк, Клімец, Касабука)