• 30.06.2025

Футбол. Чэмпіянат Беларусі. Першая ліга. Агляд 29 туру: “Славія” ў вышэйшай лізе!

Ноя 14, 2011

Перадапошні тур вызначыў і раставіў большасць акцэнтаў у табліцы. Мазырская “Славія” вяртаецца ў вышэйшую лігу, а гродзенскі “Белкард” вяртаецца ў 2-ю.

“Смаргонь” дома саступіла “ДБК-Гомелю”. Абедзве каманды больш займаліся праслухоўваннем вестак з Мазыра, дзе выступаў “Белкард”, які мог датэрмінова апусціцца з другую лігу. У смаргонскім матчы быў забіты адзін гол – мяч Марозава прынес “ДБК” вікторыю.

“Партызан” таксама актыўна сачыў за падзеямі ў мазырскім матчы, а сам тым часам метадычна распраўляўся з “Баранавічамі”. За “Партызан” не маглі згуляць Шматко, Кендыш і Вітус – футбалісты, якія вызначаюць гульню “чырвона-белых”. Але з такімі стратамі было б праблематчына выходзіць на нейкі напружаны матч, у гульні ў Баранавічах напружаннем і не пахнула. Камара забіў ужо на 40-й секундзе гульні. Пад канец тайму Горнак умела зарыентаваўся ў мітусні і правёў свой гол. 0:2! “Партызан” і ў другой палове не даваў “Баранавічам” нават набліжацца да сваіх “валадарстваў”, на 65-й хіліне Горнак усталяваў канчатковы лік – 0:3.

Чакалі, чакалі, але “ДБК” са “Смаргонню” душэўна парадаваліся заканамернай перамозе “Славіі”, затое “Партызан” быў расчараваны. Цяпер мінчанам трэба рыхтавацца да пераходных гульняў. Не выключана, што яны будуць гуляць супраць землякоў з “Мінска”. “Славія” ж пасля доўгай адсутнасці вяртаецца ў эліту беларускага футбола! Неаднаразовы чэмпіён і ўладальнік Кубка Беларусі здабыў пуцёўку ў эліту пасля перамогі над “Белкардам”. Прычым паспелі мазыране і патурбаваць сваіх фанатаў. Толькі на 63-й хвіліне Якаву Казаку ўдалося адкрыць лік, гол Руслана Юдзянкова на 90+1-й хвіліне падкрэсліў перавагу “чырвона-чорных”. 2:0 і “Славія” выходзіць у эліту! У радасці выхаду ў эліту ў Мазыры зусім забыліся на тое, што спадарожна затапілі “Белкард” – пасля паразы на Палессі гродзенцы датэрмінова адправіліся ў 2-ю лігу.

“Рудэнск” не хацеў чакаць вынікаў “Белкарда”, а таму біўся з “Гарадзеяй” да канца. Матч у Мар’інай Горцы стаў ува многім сумным, затое пад свісток тут разгарнулся бурхлівыя падзеі: на 87-й хвіліне Валадзянкоў прама з вуглавога аддаў галявы пас – мяч правёў Літвінчук. Але тут жа Ноздрын-Платніцкі навесіў са штрафнога на Мінянкова і той лік зраўняў! Тым не менш, “Рудэнск” мог прайграць паядынак. На 90+5-й той самы Мінянкоў пайшоў разбірацца да арбітра Ішчанкі з Рэчыцы, бо яму падалося, што пенальці прызначаны несправядліва. Мінянкоў быў выдалены за празмерную эмацыйнасць, а Якубоўскі падышоў да кропкі. Зрэшты, забіць Канстанціну не ўдалося – брамнік “Рудэнска” Сцяпанаў парыраваў удар. 1:1.

“Полацк” зноў нечакана парадаваў сваіх прыхільнікаў. У госці да палачанаў прыехаў рэчыцкі “Ведрыч-97” і “Полацк” здолеў перамагчы. Усе галы былі забітыя ў прамежку з 50-й па 60-ю хвіліны. Спачатку Філіпаў і Жукаў забілі па мячы, а потым рэчычанін Бяганскі адыграў адзін гол. 2:1 на карысць “Полацка”.

Мінскі СКВІЧ прымаў на сваім полі “Слуцк”. СКВІЧ хоць і займае “бронзавую” пазіцыю, выдатна разумее – гэта нічога не дае. Адсюль і адсутнасць канцэнтрацыі. Ужо другі матч запар на сваім полі СКВІЧ прайграе. Два тыдні таму мінчане прайгралі “Белкарду”, цяпер “Слуцку”. А пачыналася ўсё пазітыўна – Міхнавец на 16-й хвіліне адкрыў лік. Аднак галы Калачова і Крата яшчэ ў першай палове змусілі СКВІЧ ісці наперад. З гэтых паходаў нічога не атрымалася. 1:2.

“Клечаск” згуляў матч-трылер з “Гранітам”. Трылерам назваць, канечне, можа і нельга, але дзіва, што клечычане маглі звесці ўнічыю матч, у якім саступалі 0:3. Асабліва хістацца абарона “Граніта” стала пасля прапушчанага ад Давыдзенкі мяча. У апошнія хвіліны, у кампенсаваныя мікашэвічцы як маглі абараняліся і абаранілі сваю перамогу. 2:3 – “Клечаск” біўся, аднак саступіў.

“Хваля” выйграла ў “Хіміка”. Светлагорцы як ніхто іншы задаволены вылетам “Белкарда”, бо сёлетні сезон для іх каманды правальны па ўсіх параметрах. Матч з “Хваляй” у Пінску не стаў выключэннем. Ужо на 13-й хвіліне Калацэй з перадачы Кудзея вывеў гаспадароў наперад. На 40-й хвіліне Валадзько абгуляў двух абаронцаў гасцей і паслаў другі мяч у вароты праціўніка – 2:0! У другім тайме Шкураценка двойчы паражаў вароты “Хіміка” – 4:0!

Такім чынам, мазырская “Славія” забяспечыла сабе месца ў вышэйшай лізе на наступны сезон, 68 ачкоў. “Партызан” набраў 65 і згуляе ў пераходных матчах. У канцы табліцы таксама ўсё стала вядомым. “Белкард” развітваецца з 1- лігай, 26 ачкоў. “Баранавічы”, якія могуць скончыць сезон увогуле без перамог, дагэтуль маюць толькі 3 ачкі.

тэхнічныя вынікі:

Смаргонь – ДБК-Гомель 0:1 (Марозаў)

Баранавічы – Партызан 0:3 (Камара, Горнак-2)

Рудэнск – Гарадзея 1:1 (Мінянкоў; Літвінчук)

Славія-Мазыр – Белкард 2:0 (Казак, Юдзянкоў)

Полацк –Ведрыч-97 2:1 (Філіпаў, Жукаў; Бяганскі)

СКВІЧ – Слуцк 1:2 (Міхнавец; Калачоў, Крот)

Клечаск – Граніт 2:3 (С.Каваленка, Давыдзенка; Бойка, Хаміцэвіч,     Бутрам’еў)

Хваля – Хімік 4:0 (Калацэй, Валадзько, Шкураценка-2)