У чарговым туры здарылася шмат цікавых падзей. Напрыклад, “Белкард” сенсацыйна ў гасцях перагуляў СКВІЧ, а ў цэнтральным матчы “Славія” ў сябе ў Мазыры бліскуча перамагла мінскі “Партызан”.
Пачынаем агляд з матчу ў Баранавічах. Мясцовы клуб ужо некалькі месяцаў не можа набраць ачкі і да гэтае пары заваяваў толькі 3 балы. Вось і ў матчы з “ДБК-Гомелем” баранавічцам удалося забіць толькі на 63-й хвіліне, да якой іх сапернкі вызначыліся ўжо тройчы. Дубль аформіў Забалоцкі і яшчэ раз патрывожыў брамніка гаспадароў Дашук. Гэтыя самыя гаспадары забілі пасля дакладнага ўдару Кунтуша.
“Рудэнск” прымаў “Смаргонь”. Нічыя ў гэтым матчы была вельмі нявыгаднай для абедзвюх каманд, і ўсё ж яна адбылася. Кожны з сапернікаў хацеў перамагчы, але жаданай перамогі ніхто не дабіўся. Шалудзька вывеў “Рудэнск” наперад на 37-й хвіліне, аднак на самым пачатку другой паловы Фастаў зраўняў лік – 1:1. Цяпер абодва клубы працягваюць біцца за выжыванне.
“Клечаск” і “Ведрыч-97” выступаюць няблага, займаюць высокія радкі ў табліцы, але ёсць вялікая праблема – на фініш сезону ў каманд няма ніякіх задач, таму яны з аднаго боку могуць гуляць у сваё задавальненне, а з іншага не хочуць вырываць ачкі на апошніх хвілінах, з-за чаго губляецца частка гульні. Рэчычане прыехалі больш падрыхтаванымі ў госці і перамаглі. На галы ў першым тайме Бяганскага і Званкова ніхто з клечычанаў не змог адказаць.
“Хваля” дома перамагла “Слуцк”з лікам 2:0 пасля трапных удараў Курловіча і Кудзея. Гэты матч таксама быў звычайным, каляндарным.
Светлагорскі “Хімік” у мінулым туры саступіў у гасцях “Слуцку” 3:7, цяпер жа хімікі прайгралі з хакейным лікам у сябе на стадыёне. У Светлагорск прыехаў “Граніт” і стаў кіраваць сітуацыяй з першых хвілін. Да 39-й мікашэвічцы забілі тройчы: Шрэйтар, Дзямешка і зноў Шрэйтар – 0:3! На 39-й у вароты “Граніта” прызначылі пенальці, які забіў Шукеловіч – 1:3! У другім тайме вызначыўся Ткач, і ў светлагорцаў з’явіўся шанц пазбегнуць паразы. Аднак дужа вялікім было жаданне “Граніта” выйграць. Каб не гуляць пры “слізкім” ліку, Філіновіч і Бойка яшчэ двойчы завялі мяч за чужую лінію. 2:5!
“Гарадзея” і СКВІЧ выступілі правальна. Відаць, каманды перасталі марыць, зразумелі, што “Славію” і “Партызан” ім ужо не дагнаць і сталі гуляць напаўсілы. А можа справа ў функцыянальнай стомленасці. Абодва клубы гулялі з аўтсайдэрамі, якім ачкі больш патрэбныя. “Гарадзея” першай забіла ў Полацку дзякуючы дакладнасці Дзмітрыя Камзолава. “Полацк” рэзка пайшоў у атаку і на 72-й хвіліне Карніцкі зраўняў лік. Нічыя 1:1. А “Белкард” святкаваў у Мінску жыццёва неабходную перамогу. Гродзенцы апынуліся на перадапошнім радку табліцы пасля пяці запар пройгрышаў, а таму з першых хвілін надзвычай актыўна прэсінгавалі гаспадароў. Тыя мелі дзясятак магчымасцяў забіваць, але “запісаліся” на табло толькі аднойчы. Міхнавец на 18-й хвіліне адкрыў лік. На 24-й ніхто не перашкодзіў Верстаку замкнуць дальнюю штангу пры звычайным прастрэле. У другім тайме форвард гродзенцаў забіў яшчэ двойчы. Атакаваў пераважна СКВІЧ, але не раз і не два контратакі “Белкарда” накатваліся на вароты мінчанаў. У выніку сталічнай камандзе не дапамог нават адзін з лепшых снайпераў сезону ў лізе Ўладзімір Шакаў, а вось Вярстак на 56-й дамогся поспеху. На апошніх хвілінах за фол апошняй надзеі быў выдалены капітан СКВІЧа Шуманаў і Вярстак рэалізаваў пенальці. Хэт-трык Верстака і 1:3 – перамога “Белкарда”!
Але самы важны і цікавы матч адбыўся ў Мазыры. “Славія” прымала “Партызан” і гэтым усё сказана. Мінчане баяліся, што на пазіцыі ў цэнтры абароны няма кім раўнацэнна замяніць Ікіма (атрымаў пашкоджанне і на Палессе не паехаў) і, як высветлілася, мелі рацыю. На 13-й хвіліне Якаў Казак скарыстаўся памылкай Пяцігорца і перакінуў яго – 1:0! На сыходзе паловы гадзіны мазыране не ўтрымалі пры падачы стандарта Маеўскага, які галавой зраўняў лік. “Партызан” атакаваў і да таго, і пасля таго. “Славія” адказвала, але крыху радзей. Пры гэтым атакі “Славіі” абсалютна не былі менш “зубастымі” за атакі мінчанаў. На 36-й хвіліне “чырвона-чорныя” выйшлі наперад. Удалую “спробу”, калі выражацца рэгбійнай тэрміналогіяй, занёс Федарэнкаў. Цягам матчу не пакідала адчуванне, што “Партызан” праявіць волю і даб’ецца мінімум нічыйнага зыходу, але мазыране пра гэта і думаць не хацелі. Іхняя ўпартасць дала плён на 76-й хвіліне, на якой Кавальчук прабіў Пяцігорца пасля розыгрышу вуглавога – 3:1! “Славія” святкуе заслужаную перамогу і абганяе “Партызан”. Па страчаных ачках у каманд роўнасць, аднак для таго, каб дагнаць “Славію” па набраных “Партызану” яшчэ трэба перамагчы ў сераду ў прапушчаным матчы. Сапернікам будзе “Клечаск”.
Цяпер “Славія” мае 62 ачкі, у “Партызана” 59. “Гарадзея”мае 51, СКВІЧ 50. Унізе “бАранавічы” з 3 і “Белкард”, у гродзенцаў 26 і перамогі над СКВІЧам недастаткова, каб сысці ад небяспекі. Зрэшты, апаненты побач – у “Хіміка” і “Смаргоні” па 28 балаў, у “Рудэнска”, “ДБК-Гомеля” і “Полацка” па 29.