• 26.06.2025

Футбол. Чэмпіянат Беларусі. Другая ліга. Агляд 26 туру: аршанскі правал

Окт 24, 2011

“Орша” ў гэтым сезоне пацярпела больш за ўсіх разгромаў, аднак прагназаваць разгром ад “Смалявічаў” было складана. Тым не менш, аршанцы ўшчэнт былі разбітыя гасцямі. “Орша” і “Смалявічы” – суседзі па турнірнай табліцы, а пры гэтым склалася ўражанне што каманды зусім рознага класу. 0:7! Менавіта такі лік быў зафіксаваны. За “Смалявічы” дублем вызначыўся Трапашко, таксама двойчы забіў Русак. Дрозд, Паўлючэнка і Карбоўскі па разу распісаліся ў варотах гаспадароў. Як з такой гульнёй “Орша” яшчэ не на апошнім месцы?! Зрэшты, да канца чэмпіянату яшчэ можна паспець. Каманда прапусціла ўжо 75 галоў! “Асіповічы” прапусцілі менш – 71. Хаця і гэта вынік “моцны”. Якраз “Асіповічам” не дазволіў перагнаць “Оршу” “Жлобін”. Жлобінцы мелі абсалютную перавагу над апанентам, дублі Сіманенкі і Торапа, а таксама гол Васількова, асіпаўчане адказваюць адзіным трапным стрэлам Міхеенкі – 5:1! І другое дэрбі аўтсайдэраў у туры не мае інтрыгі.

А дэрбі непрыдуманае, а сапраўднае, паміж “Партызанам-2” і “Дынама-2” завяршылася, як і ў першым коле, перамогай “партызанаў”. Галы Еўлаша і Кульбакі прынеслі вікторыю “чырвона-белым” 2:0.

“Бяроза-2010” біла “Вертыкаль” як магла. Матч праходзіў у Калінкавічах, але было ўражанне, што ў Бярозе. Стаіну дазволілі аформіць хэт-трык, Чыкіда, Шуляк і Герасіменка па традыцыі дадалі свае імёны ў спіс галеадораў – 0:6!

“Забудова” ў хатнім матчы дзякуючы ўдару Працкевіча перамагла “Лівадыю”, а “Ліда” ў прынцыповым матчы супраць “Камунальніка” здабыла тры ачкі толькі на 3-й кампенсаванай хвіліне. Дзмітрый Дзенісюк, каторы забіў у гэтым матчы да таго, але гол не быў залічаны, дакладна выканаў пенальці. 1:0!

Гомза, Аначэнка і Круглы забяспечылі свайму “Белтрансгазу” буйную перамогу над “Нёманам” з Мастоў. Праз новыя перамогі “Бярозы” і “Ліды” газавікам ужо складана разлічваць на нешта большае, чым трэцяе месца, але ўсё ж ім не так цяжка, як землякам з “Камунальніка”, якія саступіўшы “Лідзе” пазбавіліся ўсіх шанцаў на выхад.

“Ліда” і “Бяроза” маюць па 64 ачкі, у “Белтрансгаза” 58. Замыкаюць табліцу “Асіповічы” (20) і “Вертыкаль” (19).

Хэт-трык Стаіна з “Бярозы-2010” практычна дазваляе яму не думаць пра сапернікаў у сваёй бамбардзірскай намінацыі – цяпер у Андрэя ўжо 36 галоў! 28 разоў вызначыўся Дзенісюк з “Ліды”, 23 мячы на рахунку Гомзы з “Белтрансгаза”. Усе тры першыя бамбардзіры вызначыліся і ў гэтым туры.