Мікашэвіцкі “Граніт” вырваў перамогу ў “ДБК-Гомеля”. Прычым гомельскі матч складваўся зусім не на карысць “Граніта”. “ДБК” адкрыў лік пасля голу свайго звычайнага галеадора Забалоцкага. “Граніт” на 44-й пасля аўтаголу Грыневіча зраўняў лік, а перамогу здабыў толькі на 89-й хвіліне, калі Кірыл Шрэйтар не пакінуў шанцаў брамніку сапернікаў.
“Ведрыч-97” з пінскай “Хваляй” разыгралі тры ачкі ў спакойным супрацьстаянні. Адзіным стаў гол Паўла Бяганскага. На 67-й хвіліне Максім Бабакоў падаў вуглавы і Павел пераскочыўшы ўсіх пераправіў мяч у сетку – 1:0!
“Гарадзея” і СКВІЧ згулялі ўнічыю і дружна дапамаглі “Партызану” і “Славіі” не хвалявацца за будучыню зусім. Цяпер барацьба будзе толькі паміж мінчанамі і мазыранамі. У СКВІЧа забіў Мархель, а потым Якубоўскі з пенальці адказаў на ягоны гол – 1:1.
“Белкард” не здолеў на сваім полі выйграць у “Клечаска” і застаўся разам з “Баранавічамі” ў зоне вылету. Спачатку Давыдзенка зрабіў дубль, потым на галы клечычаніна адказаў адным трапным стрэлам Гайдоўскі, аднак мяч Сялявы на 83-й хвіліне канчаткова зняў усе пытанні – 1:3.
“Баранавічы” прайгралі “Рудэнску” 0:3 пасля ўдараў Бубнова, Шалудзькі і Палазніка. Такім чынам “Рудэнск” узняўся на 11-ты радок.
Абсалютна “забойны” матч выдаўся ў Салігорску, дзе “Слуцк” прымаў “Хімік”. Так, сапраўды, “Слуцк” працягвае гуляць у суседнім горадзе, а не ў сваім. Дублі Крата і Равіны, таксама Давідовіч, Каролік і аўтагол Сідоранкі – пералік галоў “Слуцка”. У “Хіміка” хэт-трык аформіў абаронца (!) Тарасенка. Павел двойчы, на 41-й і 49-й хвілінах забіваў са штрафных удараў, а на 89-й забіў галавой пасля падачы партнёра. Дзве каманды падаравалі гледачам шыкоўнае відовішча – 7:3 на карысць “Слуцка”!
“Партызан” тыднем парадаваў сваіх нядобразычліўцаў, саступіўшы на сваім полі “Ведрычу” 1:2. Навіна са сталічнага стадыёна “Трактар” збольшага ўзрадавала “Славію”, якая паехала на свой матч у Смаргонь. Мінчане пасля пройгрышу ў прапушчаным матчы прымалі дома “Полацк”. І ў гэтай сустрэчы з аўтсайдэрам мінчанам давялося гуляць напоўніцу. Спачатку Кендыш на 16-й хвіліне вывеў “Партызан” наперад. “Полацк” тут жа зраўняў лік ударам Філіпава. На 25-й хвіліне Макась рэалізаваў пенальці і наступіла цішыня, здавалася, што палачане ўжо не змогуць адыграцца. Аднак такое меркаванне было памылковым. Алег Малчанаў на 70-й забівае ў адказ – 2:2! І тут якраз лідарам паказаў сябе Талканіца. Менавіта гол Аляксандра дазволіў “Партызану” перамагчы з лікам 3:2.
“Славія” палічыла, што дзве паразы асноўнага канкурэнта за месца ў эліце цягам тыдня немагчымыя, а таму паехала ў Смаргонь перамагаць. Доўга не атрымлівалася забіць, нарэшце, гол правёў Дубоенка на 67-й хвіліне, а на 90+3-й Лапцеў падвоіў лік – 0:2, “Смаргонь” саступае, “Славія” задаволеная.
Такім чынам, становішча наверсе наступнае: І “Партызан”, і “Славія” набралі па 59 ачкоў, аднак у мінчанаў яшчэ адзін матч у рэзерве. “Гарадзея” і СКВІЧ набралі па 50 балаў. У зоне вылету “Белкард” – 23 ачкі і “Баранавічы”, у якіх па-ранейшаму 3.
Табліцу бамбардзіраў узначальвае Каралюк з “Хвалі”, у якога 19 галоў. 17 разоў паражаў вароты Макась з “Партызана”.