• 28.06.2025

Чэмпіянат Беларусі. 29 тур. Дынама (Мінск) – Шахцёр (Салігорск). Анонс

Окт 22, 2011

Пры памеры лігі ў 12 клубаў адчуванне свята неяк прытупляецца. Усё ж і беларускае “эль класіка”, і проста прынцыповыя матчы паміж “зубрамі” чэмпіянату мы цяпер ямо тройчы на год. Пры такой формуле мы павінны быццам не заўважаць нецікавых матчаў, дзе лянотныя нападнікі і сонныя паўабаронцы нясмела рушаць па траўцы, дзе ўсёй энергіі каманд хапае хіба на падсечкі і штуршкі локцямі. Аднак матчы паміж лідарамі ў Беларусі зусім не рэгулярна абяцаюць баталіі аж да самага канца. Паядынкі паміж “Дынама” і “Шахцёрам” адбываюцца часцей, ад таго сваю непрадказальнасць яны не губляюць, але гэткая карцінка крыху “прыелася”. У жудаснай асаблівасці гэта датычыць апошняга матчу каманд у чэмпіянатах ўжо цягам некалькіх гадоў. Дыспазіцыя напярэдадні нядзельнай сустрэчы прымушае без цікавасці працягваць жаваць сваю піцу і абіраць для сваіх разваг матчы іншых чэмпіянатаў з мэтай хаця б памарыць пра інтрыгу за чэмпіёнства. У галоўным матчы 29 туру каманда-гонар шахцёрскага люду зноў будзе толькі дружынай, што безнадзейна адстае ад БАТЭ і з поспехам “абстаўляе” “гонары” іншых гарадоў і працоўных таварыстваў. Калі ў барысаўчанаў 58 ачкоў, то “краты” маюць толькі 49. Дынамаўцы будуць у гэтым туры камандай, якая, як і заўсёды, паддаючыся на оды і хваласпевы наконт “флагманскіх” вышыняў і немінучай барацьбы за “золата” айчыннага футбола, прайграла шмат каму з тых, каму не мусіла і адстала ад таго ж БАТЭ ўжо на 15 ачкоў. Якая ўжо тут барацьба за тытул, дынамаўцы зноў маюць іншую рэальную задачу на рэшту сезона – хаця б увайсці ў тройку. А дынамаўскія фанаты, якія падрыхтаваліся адзначаць на бліжэйшым матчы 30-годдзе арганізаванага фанацкага руху свайго клуба з такімі няроўнымі выступленнямі любімай каманды могуць яшчэ 30 год чакаць перамогі.

Сёлетнія матчы паміж клубамі прыпадалі на 15-я дні месяцаў. Першы адбыўся 15-га траўня ў сталіцы і тады Кірэнкін з Балановічам абабралі “дынамікаў”, 2:0. “Дынама” адведала Салігорск з візітам у адказ роўна праз тры месяцы і адпомсціла “жоўта-чорным” 3:1. Прычым вароты “бела-сініх” зноў паразіў цэнтральны абаронца салігорцаў Кірэнкін, аднак мяч Ромы аказаўся толькі сціплым адказам на ўпэўненыя і метадычныя камбінацыі “Дынама”, якія тры разы скончыліся за лінія варотаў “шахцёраў”. Дубль аформіў Фурлан і яшчэ разок пусціў салігорцаў у сум Перапечка.

Абмяняўшыся перамогамі ў гасцях адно ў аднаго, каманды падыходзяць да трэцяга этапу свайго супрацьстаяння. Дарэчы, калі браць агульную статыстыку, тут яўная перавага за “Дынама”, яно 23 разы “здымала скальп” з шахцёрскага клуба. 9 разоў сапернікі разыходзіліся мірам, а магчымая перамога “Шахцёра” на “Юні” ў нядзелю ў выніку ўласнае матэрыялізацыі стане юбілейнай, 10-й перамогай салігорцаў над мінчанамі. Мінулы тур мог прынесці расчараванне абодвум апанентам, ды толькі “правінцыялы” на апошняй хвіліне дзякуючы бязлітаснасці Сокала да яго былых аднаклубнікаў з брэсцкага “Дынама” перамаглі, а мінчане самі забілі дзесьці нелагічны гол у Жодзіне і звезлі адтуль толькі бал.

Узгадвалі Кірэнкіна, які ў абодвух матчах забіў у вароты “Дынама”, аднак цэнтрбэк “шахты” наўрад ці зможа чымсьці дапамагчы сваім аднаклубнікам праз траўму. У Юрчанкі даўнія і ўсім вядомыя праблемы. Нездаровымі былі і Курскіс з Алумонам, так што “Шахцёру” будзе няпроста. У “Дынама” кардынальных змен у саставе не чакаецца, бо вялікай колькасці траўмаваных няма.

“Шахцёр” стаў набіраць ход, ужо дзве запар перамогі пасля шасці матчаў без вікторый. “Дынама” не прайграе ў першынстве з 5 жніўня, калі пракалолася на “Тарпеда”, аднак нічыі не дазволілі больш сур’ёзна скараціць адлегласць ад “Шахцёра”, цяпер яна складае 6 ачкоў. Абслугоўвае матч Алег Чарапнёў з Бабруйска, пры якім дынамаўцы яшчэ ані разу не саступалі ў чэмпіянаце – дзве перамогі і нічыя. Дынамаўцам у гэтыя выходныя неабходна трэцяя перамога пры бабруйчаніне, бо толькі тады яны змогуць змагацца за “срэбра”. А ў інтарэсах “Шахцёра” не дапусціць падобнага.