“Рудэнск” здабыў настолькі важную для сябе ў турнірным плане вікторыю ў матчы з “ДБК-Гомель” на апошняй хвіліне. Тры ачкі рудэнцы атрымалі пасля голу Сарасека. “Полацк” выйграў таксама вельмі важны для сябе матч. Дома палачане не пакінулі аніякіх шанцаў “Смаргоні”. Хэт-трык Шчарбакова і адзін гол Навумава – ў выніку 4:0! А вось “Белкард” прайграў. Гродзенцы мелі праблемы ў ходзе матчу з “Хваляй”, а пінчукі пры родных трыбунах спакойна выйгралі. Брамнік “Белкарда” Дудар не дазволіў Каралюку забіць з пенальці на 31-й хвіліне, але на 36-й Каралюк забіў Дудару з гульні – 1:0. На 63-й Дудар парушыў правілы супраць Шкураценкі і быў выдалены з поля за фол апошняй надзеі. Ахвяраваўшы правым абаронцам Багушэвічам гродзенцы выпусцілі на поле рэзервовага брамніка Кудрашова, якога тут жа прабіў з пенальці Курловіч. Падапечныя Бацюты нават не мелі паўмоманту, каб хаця б адыграць адзін мяч. Наадварот, “Хваля” магла шмат разоў павялічваць лік. У выніку не ўдалося тое зрабіць, але перамога атрымана.
Ужо надакучыла гаварыць пра фінансавыя праблемы многіх клубаў, але ж што тут зробіш? Футбалісты “Ведрыча-97” ужо трэці месяц не атрымлівалі заработнай платы і таму вырашылі байкатаваць выязны матч са светлагорскім “Хімікам”. Ім залічаная тэхнічная параза. Заадно і дапамаглі ачкамі аўтсайдэру, які мае ў гэтым вялікую патрэбу. Пасля тэхнічнай перамогі “Хімік” увогуле падняўся ў сярэдзіну табліцы, хоць і небяспека вылету захоўваецца.
“Граніт” рана выйшаў наперад у матчы супраць “Слуцка”, Крот забіў у свае вароты пасля розыгрышу стандарта. Слуцкая каманда адказала голам Макарава – 1:1.
“Гарадзея” паехала ў госці да “Клечаска”. Матч паміж камандамі, якія яшчэ летась гулялі ў другой лізе быў цікавым, а “Клечаску” ўдалося сапсаваць турнірнае становішча саперніку. Трапныя ўдары Клачкова і Лінёва спусцілі гарадзейскіх ветэранаў на зямлю – 2:0!
“Славія-Мазыр” прадказальна не мела аніякіх праблем з “Баранавічамі”. Гэта яшчэ добра, што баранавіцкі маладняк прапусціў толькі тройчы. У “Славіі” двойчы забіў Юдзянкоў і яшчэ аднойчы вызначыўся Лапцеў.
У мінскім дэрбі, якое разам з гэтым было і матчам за важныя ачкі, “Партызану” ўдалося ўзяць рэй над СКВІЧам. Адзіны мяч “партызаны” правялі за пяць хвілін да канца. Выніковым стаўся ўдар Шапятоўскага.
Такім чынам, “Партызан” і “Славія” маюць па 56 ачкоў, прычым у мінчанаў па-ранейшаму на два матчы меней. “Гарадзея” і СКВІЧ сінхронна саступілі ў туры, а таму засталіся пры сваіх 49 балах. У зоне вылету знаходзяцца “Белкард” – 23 ачкі і “Баранавічы” – 3.