“Фрайбург” пасля гучнай аплявухі ад “Баварыі” прымаў “Штутгарт”. Героем паядынку стаў форвард швабаў Марцін Харнік, які вызначыўся дублем. На 32-й хвіліне аўстрыец пасля невялічкага сеансу дрыблінгу прабіў па варотах Баўмана і адкрыў лік. У канцы матчу Харнік аформіў дубль, а гол Сісэ стаў проста мячом прэстыжу. 1:2 – каманда Маркуса Зорга зноў саступае. Антон Пуціла, дарэчы, у гэтым матчы паўдзельнічаў. Ці фізічныя кандыцыі беларуса не цалкам задавальняюць трэнера, ці яшчэ нешта, так ці інакш Пуціла сядзеў на лаўцы запасных, але з-за траўмы партнёра выйшаў на поле на 27-й хвіліне.
“Баер-04” сустракаўся з “Кёльнам”. І пасля гэтай сустрэчы Столе Сальбакену павінны прынесці прабачэнні за крытыку. І няўмелым трэнерам называлі, і выскачкай, і ўвогуле казалі, маўляў, Нарвегія не футбольная краіна, адкуль там будуць добрыя трэнеры для нямецкай каманды? Аднак “Кёльн” у адрозненне ад “Гамбурга” пакрысе выбіраецца з яміны. “Баер” ад пачатку матчу атакаваў бесперапынна, але ледзь не першы сур’ёзны момант “Кёльна” быў даведзены да голу. Навакавіч злавіў леверкузенцаў на контратацы. На пачатку другой паловы “казлы” забіваюць зноўку – на гэты раз Лена дастае мяч з сеткі ад Падольскі. Потым Падольскі зноў забівае, і пас яму аддае Навакавіч, у двух папярэдніх галах яны таксама абмяняліся выніковымі перадачамі. На 70-й Рольфэс адыграў адзін мяч, зрэшты, на апошняй хвіліне матчу Яала забіў яшчэ адзін кёльнскі гол. У Шурле ў кампенсаваны час не вытрымалі нервы і ён быў выдалены. 1:4 – параза “Баера”.
“Гамбург” правёў чарговы несамавіты і ўвогуле слабы матч. На сваім полі гамбуржцы прынялі “Барусію” з Мёнхенгладбаха, і ўсё вырашыў гол Дэ Камарга на 66-й хвіліне. Усе намаганні “Гамбурга” абмяжоўваліся недакладнымі ўдарамі Петрыча і бессэнсоўнымі перасоўваннямі па полі. Адразу пасля гэтага матчу спартыўны дырэктар клуба Франк Арнэсэн адзначыў, што крэдыт даверу да галоўнага трэнера Енінга яшчэ не вычарпаны. Ну што ж, ужо больш за дзесяць паядынкаў Бундэслігі з улікам мінулага сезону пры ім “Гамбург” не выйграе, даводзіцца чакаць яшчэ. Ніякія экс-дублёры “Чэлсі” і іншыя навічкі клуб не ратуюць. Наступны тур “Гамбург” гуляе супраць “Штутгарта”, дадзены матч адкрые праграму 7-га гульнявога дня.
“Хафенхайм” забіў два адносна хуткія галы ў вароты “Вольфсбурга”. Забівалі Бабель і Фірміна. Зноў Фірміна! Руплівасць гэтага форварда прыемна здзіўляе! На 67-й падапечныя Магата адыгралі адзін мяч пасля ўдару Дэжагі, а на 81-й хвіліне брамнік “Вольфсбурга” Хітц у літаральным сэнсе напаў на суддзю, за што быў імгенна выдалены з поля. Сярод палявых гульцоў Магат аддаў распараджэнне стаць у “рамку” Хасэбэ, але японца паспелі расчараваць у брамніцкай справе. Фірміна аформіў дубль за пяць хвілін да канца.
“Нюрнбэрг” сустракаўся з “Вэрдэрам”, і ўжо на 17-й хвіліне Цім Візэ быў выдалены з поля. Вось гэта тур! Адразу два выдаленні брамнікаў! Добра, што хоць не ў адным матчы. Давялося мяняць Арнаутавіча, каб паставіць дублёра Візэ на вароты, выйшаў Мілітц і праз 6 хвілін прапусціў гол ад Экічы. Дарэчы, замена Арнаутавіча на Мілітца была ўжо другой для брэмэнцаў у матчы, бо яшчэ раней форс-мажор здарыўся з Папастатопуласам, грэк не змог працягнуць гульню, і замест яго ажно на 6-й хвіліне выйшаў Рафаэл Шмітц. Нават у меншасці “Вэрдэр” выглядаў няблага, калі можна ўвогуле знаходзіць нешта добрае пры магутнай зліве. Дождж ліў і ліў, траўнік на нюрнбэргскім стадыёне паступова прыходзіў у непрыдатнасць. Зрэшты, гульню ўсё ж працягнулі, і Вольшайд зраўняў лік – 1:1.
“Герта” згуляла з “Аўгсбургам” у прывабны футбол, такі, на які толькі здольныя гэтыя каманды. Адносны спакой уступу парушыў мяч Хасагая. “Герта” адыгралася адразу пасля перапынку, калі забіў Крыстыян Лель. Гол Торуна прымусіў сталічных футбалістаў паверыць у свае сілы, але “Аўгсбург” зноў запісаў на сябе выніковую баявую нічыю. Канчатковы лік 2:2 аформіў апорнік Кальсэн-Бракер.
“Кайзерслаўтэрн” у лакальным дэрбі сустракаўся з “Майнцам”. Чупа-Моцінг меў магчымасць адкрыць лік у матчы – удача адвярнулася ад цёмнаскурага форварда. Потым мог забіваць ужо “Кайзерслаўтэрн”. Менавіта “чэрці” валодалі перавагай, але забіць не ўдавалася. Адчуваўся толькі запал каманды. У Чупа-Моцінга неўзабаве пасля страчанай магчымасці ўзнік яшчэ адзін эпізод, цяпер Чупа не схібіў – 0:1! Хутка Сукута-Пасу галавой зраўняў лік, а ў другой палове галы Шэхтэра і Ціферта прывялі матч у заканамерны зыход – 3:1 на карысць “Кайзерслаўтэрна”.
“Баварыя” прыехала да “Шальке”, а як жа іначай, які ж яшчэ можна прыдумаць цэнтральны матч? У дадзеным супрацьстаянні пільная ўвага аддавалася Ноеру, які ўпершыню гуляў супраць клуба, які вывеў Ману ў людзі. Фанаты “Шальке” верылі, што цяперашні кіпер іх клуба Фэрман прадэманструе папярэдніку найвышэйшы клас. Вядома ж, што Ноера “Арэна аўф Шальке” прыняла гулкім свістам. Што да “Баварыі”, то ў матчы не мог гуляць Гомэс, які траўмаваўся. З першых хвілін даволі вялікай перавагай завалодалі прыезджыя, і Рыберы забяспечыў Пэтэрсэна шыкоўным момантам. Нільс выдатна “прасёк”, што ён можа выкарыстаць адсутнасць Гомэса на полі, а для таго неабходна забіваць усё, што ляціць яму ў ногі. Пэтэрсэн з выгаднай пазіцыі не прамахнуўся, і лік стаў 0:1 на карысць “Баварыі”. У канцы тайму Луіс Густава атрымаў пашкоджанне, і замест яго выйшаў Анатоль Цімашчук, які ў шахтах “Баварыі” нічога не сапсаваў. “Шальке” так і не пакараў Ноера, а вось мюнхенцы павялічылі сваю перавагу. Пападопулас нарабіў жудасны цырк у штрафной пляцоўцы сваёй каманды, і Мюлер бесперашкодна падвоіў лік. Пераканаўчая перамога “Баварыі”, а Ноер пасля некаторых памылак на старце чэмпіянату стаіць упэўнена.
Важным матчам быў і паядынак “Гановэра” з дортмундскай “Барусіяй”. Нервы шанавальнікаў “Барусіі” зараз не ў парадку, тыднем “жоўта-чорныя” пра агромністай перавазе забілі толькі гол “Арсеналу” і згулялі ўнічыю, хаця мелі ўсе магчымасці выйграць матч. Перад матчам з “96-мі” фанатаў цешыў факт, што “Гановэр” ужо 6 матчаў запар не выйграваў у іхняга клуба. У першым тайме “Барусія” больш валодала мячом, аднак Цылеру практычна не даводзілася ўступаць у гульню. Выдатны момант меў Штопэлькамп, ягоны ўдар прыйшоўся ў Хумэльса і паляцеў строга ў рамку гасцей, але Вайдэнфелер бліскуча справіўся з пагрозай і яе ліквідаваў. Адсутнасць Гетцэ адбівалася на дзеяннях “Барусіі”, але ж дортмундцы маюць і іншых шыкоўных паўабаронцаў. Левандоўскі адпасаваў на Кагаву, а японец разабраўся па чарзе з усёй абаронай “Гановэра” – гол! Пасля гэтага “Гановэр” стаў атакаваць часцей, Конан Я трапіў у папярэчыну. Матч хіліўся да заканчэння, і “96-я” паказалі ўсю сваю волю. На 87-й хвіліне Хагі з навесу Пандэра забівае першы мяч, а на 89-й Конан Я, не ўваходзячы ў штрафную, пасылае мяч у дзявятку – 2:1, перамога “Гановэра-96” і ўжо трэцяя параза дзейснага чэмпіёна ў новым сезоне, а з улікам прайгранага Суперкубка – чацвёртая! Калі, канечне, лічыць паразай пройгрыш па пенальці. У любым выпадку, калі чэмпіён так часта саступае, гэта не ёсць нечым добрым. А “Гановэр” не разгубіўся нават пасля выдалення Собіха за грубую гульню. Так відаць, паўабаронца вырашыў адзначыць перамогу свайго клуба. Адметна, што Собіх замяніў Шлаўдрафа за сем хвілін да канца і ўжо праз восем быў выдалены з поля!
Такім чынам пасля 6-ці тураў “Баварыя” мае 15 ачкоў і ачольвае табліцу. У “Вэрдэра” і мёнхенгладбахскай “Барусіі” па 13. На дне “Фрайбург”, “Аўгсбург” і “Гамбург”, у якіх 4, 3 і 1 ачко адпаведна.