“Баранавічы” “адскублі” два ачкі ў “Слуцка”. Нічога не ясна з футболам у багатым традыцыямі горадзе, хоць маладняк стараецца з усёй сілы. Матч не быў надта вострым і скончыўся нічыёй 0:0.
“Рудэнск” абгуляў “Граніт”, каб мікашэвіцкаму клубу жыццё не здавалася лёгкім. “Граніт” даўно не задумваецца ні пра што глабальнае, шчыльна засеў у глыбіні табліцы, чаго нельга гаварыць пра “Рудэнск”. Каманда з Мінскай вобласці змагаецца за выжыванне ў дывізіёне, а таму білася на поле з супернікам ад самай першай хвіліны. На 27-й Раман Трапачкін адкрыў лік, а даціснулі гасцей гульцы “Рудэнска” ўжо на 87-й, калі вызначыўся Плячысцік. У мінулым туры ён забіў шыкоўны гол кручаным ударам у “дзявятку”, цяпер дапамог клубу набраць ачкі, хоць мяч і не пераможны.
“Полацк” пакінуў зону вылету, бо перамог “Хвалю”. Першы гол палачанаў выйшаў досыць нелагічным, пастаянна атакавалі пінскія футбалісты, але атрымалі гол у свае вароты. Навес Голубева на Шчарбакова – 1:0! Хутка Каралюк перакінуў Даўгяла пры выхадзе сам-насам – 1:1! На 35-й хвіліне арбітр прызначыў спрэчны пенальці, з якога Філіпаў вывеў палачанаў наперад. У другім тайме ініцыятывай валодалі ўжо футбалісты “Полацка”, у канцы гульні Гарахоўскі не сустрэў ніякага супраціву ў штрафной “Хвалі” і даслаў у сетку яшчэ адзін мяч – 3:1. Шасціматчавая бяспройгрышная серыя “Хвалі” сканчваецца.
У паўпазіцыі завязнуў “Ведрыч-97”, рэчычане ні ўверх не могуць падняцца ні ніжэй праваліцца. У 18 туры “Ведрыч-97” гуляў на выездзе са “Смаргонню” і дзякуючы голу Трубілы перамог.
СКВІЧ чарговы раз расчараваў. Матч супраць “Клечаска” праходзіў напружана, з 25-й хвіліны сталічныя футбалісты адыгрываліся. На гол Сялявы СКВІЧ адказаў толькі выніковым ударам Мархеля з 11-метровага – 1:1. Зноў страчаныя ачкі.
“Гарадзея” ў гасцях перамагла “ХБК-Гомель”. Матч з аўтсайдэрам не быў лёгкім для каманды, але дубль Калядкі моцна дапамог. Гомельская каманда вызначылася аднойчы – забіў Дашук.
Найбольш цікавілі гульні “Славіі” і “Партызана”. Абодва лідары гулялі дома ды яшчэ з аўтсайдарамі, а таму спадзяваліся на нескладаную перамогу. Так і атрымалася. Волкаў, Кавальчук і Раеўскі забівалі “Хіміку”, што прынесла “Славіі” тры ачкі ў даўнім дэрбі. “Партызан” з лёгкасцю разграміў гродзенскі “Белкард”. Дубль Камара, Талканіца і Корсак – 4:0 на карысць гаспадароў.
“Партызан” наперадзе, у яго 41 ачко. 40 балаў набрала “Славія-Мазыр”, па 36 ачкоў у “Гарадзеі” і СКВІЧа. У зоне вылету “Хімік” – 15 ачкоў і “Баранавічы” – 3. Уладзімір Шакаў са СКВІЧа – лепшы бамбардзір, 15 забітых галоў.