“Вы шуміце, “Бярозы”…”
У другой каманды “Дынама” не атрымалася гульня супраць “Камунальніка”. Еўлаш знайшоў хуткі адказ на яшчэ больш хуткі дубль Лешанюка, аднак Касабука правёў гол “ у раздзявальню”. Другі тайм стаў безвыніковым – 1:3.
Моладзь “Зоркі-БДУ” няздольная пакуль што адшукаць сваю гульню. Армейцы ў мінулым туры нечакана саступілі “Оршы”, а цяпер прайгралі ў гасцях “Жлобіну”. У каманды з поўдня двойчы вызначыўся Лагуцін – 2:0.
“Асіповічы” прадказальна прайгралі “Забудове”. Маладзечанцы пасля галоў Вышынскага і Дараховіча ўжо маглі лічыць сябе пераможцамі, бо асіпаўчане стралялі ўхаластую. 0:2.
“Нёман” выйшаў пераможцам у супрацьстаянні з “Вертыкаллю”, Говар і Жытко забілі па голе – 2:0. “Орша” перамагла ў другім туры запар, быў пераможаны “Партызан-2” 1:0, выніковым стрэлам вызначыўся Шляхціч.
“Гомельчыгункатранс” не меў асаблівых праблем з “Лівадыяй” – 2:0. Памочтаў і Дзімітраў забівалі галы. Гамяльчане падабраліся да тройкі лідараў, нягледзячы на не самыя ўдалыя гульні апошняга месяцу, у якіх губляліся важныя ачкі.
Усяго ў чацвёрты раз ад пачатку сезону не выйграла “Ліда”. Прычым яна зноў не прайграла. Змена назвы з “Вігвама” на “Смалявічы” прынесла нечаканы поспех камандзе, якая адабрала ачкі ў “чырвона-белых”. Ну, безумоўна, жартуем, натуральна, што нічыю прынесла гульня, а не пераназванне. Гол лідзяніна Дабравольскага на 29-й хвіліне доўга заставаўся адзіным у матчы, але на 80-й хвіліне гол забіў Карбоўскі – 1:1. “Смалявічы” заваёўваюць ачко. Апошняе месца адбірае ачкі ў першага!
Ну, а цэнтральны матч быў такім не толькі па шыльдзе. У першым тайме ў сустрэчы “Белтрансгаза” і “Бярозы-2010” галоў не было, затое яны пасыпаліся ад пачатку другой паловы. Краўчук ужо на 48-й хвіліне вывеў наперад бярозаўцаў, тут жа Хмялюк зраўняў лік за “газавікоў” – 1:1. Аднак Вадзім Чыкіда на 65-й хвіліне забівае за “Бярозу” і тая перамагае. Гэта ўжо трэцяя параза “Белтрансгаза” ў чэмпіянаце, што дазволіла “Бярозе” абысці слонімцаў у табліцы.
“Ліда” ўзначальвае табліцу маючы 43 ачкі, на пяць менш у “Бярозы-2010”, у “Белтрансгаза” 36 балаў. У нізе табліцы знаходзяцца “Вертыкаль” з 10 ачкамі і “Смалявічы” з 9. Нічыя з лідарам пакуль не дазваляе камандзе Юрыя Пунтуса пакінуць апошні радок табліцы.