• 24.06.2025

Чэмпіянат Беларусі. 1 ліга. Агляд 10 тура

Июн 29, 2011

У Мінску новае дэрбі?

Безумоўна, пра “новае дэрбі сталіцы” можна казаць вельмі адносна, бо па футбольным складніку да колішніх матчаў “Дынама” – “Тарпеда” іншыя матчы з удзелам мінскіх каманд пакуль не дацягнулі, і вялікае пытанне, калі гэта адбудзецца. Але сёлета ў 1-й лізе лідарамі сталі “Партызан” і СКВІЧ, прычым апошнія ў адрозненне ад сваіх больш вядомых сапернікаў гулялі лепей і трымаліся вышэй. Аднак вочны матч, які праходзіў на хатнім стадыёне “Партызана” “Трактары”, прынес перамогу гаспадарам. Першымі адкрылі лік футбалісты СКВІЧа. Гэта зрабіў лепшы бамбардзір каманды Уладзімір Шакаў. Але даволі хутка, ужо на 25-й хвіліне, Макась зраўняў лік. А затым Макась забіў яшчэ два галы ў вароты супернікаў. СКВІЧ здолеў адказаць дакладным стрэлам Крата на 91+-й хвіліне. Гэта пры тым, што футбалісты “Партызана” змарнавалі яшчэ некалькі выдатных магчымасцяў ля варотаў саперніка. Перамога “Партызана” 3:2.

“Славія-Мазыр” тэхнічна скарысталася паразай СКВІЧа і адарвалася ад мінчанаў. Зрэшты, каманда, з якой гулялі мазыране, была бадай самай лёгкай для гэтага – гаротныя “Баранавічы”. Ужо за гадзіну “Славія” фактына вырашыла зыход паядынку пасля галоў Хількевіча і Марціновіча.

Як і “Баранавічы”, вялікія праблемы з грашыма зараз адчувае “Полацк”. Каманда з найстаражытнейшага месца краіны можа нават зняцца з чэмпіянату. У гэтым туры палачане ў прыкрым настроі прыбылі ў Смаргонь, і тым не менш, згулялі з мясцовай камандай унічыю. На гол смаргонца Фастава мячом адказаў Ляхоўскі.

Пінская “Хваля” тым часам саступіла пяты раз у сезоне. У Гродне мясцовы “Белкард” чатыры разы выходзіў наперад дзякуючы тром галам Шоты і голу Германа, а пінскі калектыў тройчы зраўніваў лік – Курловіч, Леўкін і Валадзько. Аднак адказаць на чацвёрты гол гродзенцаў “Хваля” не змагла. 4:3. “Гарадзея” “прыхлопнула” старых знаёмых па 2-й лізе “Клечаск” 3:0. Літвінчук, Цярэнцьеў і Калядка – ўсе тыя, хто стварае наперадзе ў “цукровых”, забілі па голе.

“Слуцк” і “Граніт” актывізаваліся ў сярэдзіне другога тайму ды змоўклі. На гол мікашэвічца Шрэйтара адказ знайшоў Макараў. Нічыя 1:1.

У гульні  аўстайдараў вельмі важную перамогу атрымаў “Рудэнск”, які на выездзе перамог “ДБК-Гомель”. Прычым два з трох галоў футбалісты “Рудэнска” правялі пасля 90-й хвіліны. 2:3.

Нарэшце, палепшыў сваё становішча рэчыцкі “Ведрыч-97”, які абгуляў дома “Хімік” са Светлагорску 1:0. Вырашальным ударам вызначыўся Павел Бяганскі.

Тры лідэры перыядычна гублялі ачкі, а таму дазволілі “Гарадзеі” і “Ведрычу-97” наблізіцца. У “цукровых” 19 набраных балаў, у рэчычанаў — 18. “Партызан”, нягледзячы на выйгранае дэрбі, займае толькі трэці радок, маючы 21 ачко. 22 мае СКВІЧ. З вышыні на ўсіх пазірае “Славія-Мазыр” – 26 ачкоў.