Прааналізуем гульню нашай зборнай на палях Даніі па лініях.
Брамнік
Пішам у адзіночным ліку, бо ва ўсіх пяці матчах месца ў рамцы займаў адзін і той жа чалавек – Аляксандр Гутар з барысаўскага БАТЭ. Паслугі віцябчаніна Гушчанкі і прадстаўніка маскоўскага “Лакаматыва” Гамялько не спатрэбіліся нашай камандзе. У цэлым Гутар правёў турнір на высокім узроўні. Усім запомніліся ягоныя выратаванні ў матчах з датчанамі, іспанцамі. Ды і ў іншых гульнях Аляксандр ратаваў беларусаў ад галоў. Тым не менш дацкі турнір нагадаў нашаму брамніку пра адну з асноўных хібаў ягонай гульні – выбар пазіцыі. Выхад з варотаў далёка ў поле сам па сабе не ёсць страшным грахом, калі брамнік умее кантраляваць свае перасоўванні па полі і паспявае вярнуцца. У Гутара больш праблем з гэтым было ў адборачным цыкле. Але і цяпер было непрыемна бачыць, калі датчане нам забівалі, што памылкі ішлі не толькі ад абаронцаў, але і ад Гутара, які займаў няслушную пазіцыю на лініі. Трэці гол са швейцарцамі цалкам “на сумленні” нашага брамніка. Але ў цэлым Гутар – паўкаманды. Плюс – адбіты пенальці ад Эрыксэна ў гульні з Даніяй. Няхай пасля гэтага і паследавала выніковае дабіванне. Дзякуй, Аляксандр!
Абаронцы
На стартавыя матчы з ісландцамі і датчанамі Георгій Кандрацьеў выкарыстоўваў лінію Вераціла – Філіпенка – Паліцевіч – Палякоў. У матчы са Швейцарыяй замест Паліцевіча, які натварыў памылак з датчанамі, на пазіцыю цэнтральнага быў ссунуты Палякоў, які таксама згуляў тады не надта арганізавана. А на левы “палякоўскі” фланг выйшаў Мацвейчык. Дэбют абаронцы “Гомеля” на турніры быў няўдалы. Мацвейчык не вызначыўся на полі эфектыўным супрацьдзеяннем саперніку, а на 68-й хвіліне за другую жоўтую картку быў выгнаны з поля. Цікава, што адбыўшы дыскваліфікацыю ў паўфінальным матчы з іспанцамі (на якім Кандрацьеў вярнуўся да спалучэння Вераціла – Філіпенка – Паліцевіч – Палякоў), на матч за трэцяе месца Матвейчык выйшаў у старце. Там была растаноўка Вераціла – Філіпенка – Паліцевіч – Мацвейчык. І на замену замест Мацвейчыка выходзіў Палякоў. Алег Вераціла правёў добры турнір, абвастраў сітуацыю і спрабаваў нічога не даваць рабіць апанентам. Можна сказаць, што Вераціла – лідэр і самы стабільны гулец нашай абароны. Філіпенка, асабліва ў матчы са швейцарцамі, рабіў сур’ёзныя памылкі. Але з іншага боку – менавіта ягоны гол у матчы з чэхамі вывеў беларусаў на Алімпіяду! Хаця Ягор застаўся верным самому сабе і на апошніх секундах прайграў адзінаборства Козаку, які так і не забіў хаця б адзін гол на чэмпіянаце. Забіў бы форвард “Лацыа” – Філіпенку бы лаялі, а так ён герой. Стараўся, але пакуль абаронца надзвычайна непрадказальны. Той жа пас на Мехмедзі ў гульні супраць Швейцарыі – найгрубейшая памылка, якую спрабуюць выкараніць яшчэ ў ДзЮСШ – нельга са сваёй штрафной перадаваць мяч паўз цэнтр ды яшчэ нізам! Асабліва калі ў крытычнай блізкасці знаходзяцца гульцы іншай каманды. Але Філіпенка аддаў на партнёра, а мяч перахапіў Мехмедзі, які тут жа прабіў і дабіўся поспеху. Паліцевіч і Палякоў таксама памыляліся, часам недаравальна. Наша абарона не была ідэальнай, пару прапушчаных галоў мы проста “падаравалі” супернікам, затое ў матчы з Іспаніяй беларусы гулялі арганізавана. Нашыя хлопцы згулялі ад абароны, не займаліся высокім прэсінгам, у выніку чаго іспанцы сталі займацца неўласцівымі ім навесамі і верхавымі прастрэламі. Калі б тады яшчэ і фізічна каманда не падсела – хто ведае, што магло быць.
Паўабаронцы
У цэнтры ўвагі стараліся быць Драгун і Перапечка. Мінскія дынамаўцы актыўнічалі нават у тых эпізодах, калі астатняя каманда “стаяла”. Зрэшты, Перапечку не хапала сіл. Ён быў выкліканы ў зборную пазней за ўсіх замест траўмаванага Уладзіміра Юрчанкі, але правёў усе матчы. Ва ўсіх быў заменены. Прычым калі з Ісландыяй Перапечку замянілі толькі на 90+1 –й, то са Швейцарыяй у перапынку, а з Чэхіяй увогуле – да яго. Хто наносіў удар тады, калі ніхто не чакаў – Перапечка! Драгун правёў чэмпіянат на высокім узроўні і яшчэ раз даказаў – Стас адзін з найболей верагодных кандыдатаў на папаўненне нацыянальнай зборнай Беларусі. У трох матчах гуляў Букаткін. Жоўтыя ў першых дзвюх гульнях прывялі да дыскваліфікацыі на матч са Швейцарыяй, дзе Мікіта спатрэбіўся б. Сівакоў правёў усе матчы без замен і паказаў неблагі футбол. Мог і лепш за тое згуляць. Прывез пенальці з датчанамі. Паказаў сябе класным капітанам, бо заводзіў каманду ў патрэбныя моманты, пачынаючы ўжо з першага матчу. Бага ў плэй-оф выходзіў на замены, у групе гуляў са старту. Забіў датчанам. Добры турнір. Дзмітрый Рэкіш не стаў ісцінным джокерам беларускай зборнай, ягоныя выхады на замену не былі вельмі эфектыўнымі, а з пачатку ён не пачынаў. Згуляў у чатырох матчах, ва ўсіх выходзіў на замены. Цэльнага ўражання не пакінуў. Не сапсаваў гульню, але і не зрабіў яе разнастайнай. Можа, гэта следства праблем у клубнай кар’еры, бо ў “Палоніі” ў Дзмітрыя не ішлі справы. Павел Няхайчык аднавіўся пасля пашкоджання, з-за якога прапусціў матч з Ісландыяй. У матчы з датчанамі выйшаў на замену замест Перапечкі, а затым правёў тры цэлыя матчы. Быў актыўным, ствараў, стараўся. Важны футбаліст, што яшчэ раз было прадэманстравана. Левы фланг – фланг Няхайчыка. Другога футбаліста такога ўзроўню на тую пазіцыю складана знайсці. Няхайчык развіваецца, што і трэба было даказаць. Таксама гуляў на турніры і Гайдучык, аднак паўабаронца брэсцкага “Дынама” правёў толькі 20 хвілін на турніры.
Нападнікі
Атака Беларусі пацярпела перад турнірам вялікую страту – адзін з лідэраў каманды Уладзімір Юрчанка траўмаваўся ў таварыскім матчы з нямецкім “Лінгенам”, а таму не мог дапамагчы сваёй камандзе і ў Данію не паехаў. На чэмпіянаце былі выкарыстаныя тры форварды – Скавыш, Варанкоў і Хвашчынскі. Скавыш забіў аднойчы – ісландцам. Тады ён тэхнічна перакінуў мяч цераз брамніка. Стараўся, біў па варотах. І ўсё ж мог лепш. Адчуваецца, што можа гуляць лепш. Варанкоў забіў ісландцам з пенальці, а ў паўфінале прыгожым ударам мог вывесці нашых у фінал, але іспанцы забілі на апошняй хвіліне. Два галы форварда ўкраінскага “Крыўбаса” на турніры – добры вынік. Правёў турнір, дзе за ім было прыемна назіраць. Хвашчынскі не забіваў і правёў два матчы. У адным выйшаў на замену за тры хвіліны да канца, у другім – замяніў Перапечку ў перапынку, але затым на 70-й хвіліне быў вымушаны саступіць месца на полі партнёру па брэсцкаму “Дынама” Гайдучыку.
Трэнер
Працу трэнера ацэньваць цяжэй за ўсё. Георгій Кандрацьеў рабіў замены, як яму падказвалі тактычныя меркаванні і асістэнты. Галоўная задача – выхад на Алімпіяду – выканана? Так! Тады ніякіх пытанняў – значыць, трэнер рабіў усё правільна!
Не выходзілі на поле падчас турніру 6 футбалістаў з 23-х. Пра брамнікаў Гамялько і Гушчанку ўжо было згадана. Таксама не гулялі Астравух з рэчыцкага “Ведрыча-97” (экзотыка для зборных нашай краіны – футбаліст з каманды першай лігі), Рыжко з жодзінскага “Тарпеда”, Гардзяйчук з барысаўскага БАТЭ і Савасцьянаў з гродзенскага “Нёмана”.
Дзякуй усёй моладзевай зборнай Беларусі за выхад на Алімпіяду! Мы трэція ў Еўропе і выходзім на Гульні ў Лондане-2012! Наперад, Беларусь!