Іспанцы былі фаварытам фінальнага супрацьстаяння. Але гаварыць аб тым, што на Швейцарыю ніхто не спадзяваўся, таксама нельга. Іспанцаў цешыла гульня швейцарцаў у паўфінале – ўсё ж сапернік згубіў шмат эмоцый і сіл і перамог у авертайме. Хоць і самі іспанцы эмоцый згубілі не менш з беларускай моладзевай зборнай. Аднак іспанцы перамаглі беларусаў ува многім таму, што нашы гульцы “падселі” фізічна, а вось швейцарцы з чэхамі сіл згубілі аднолькава.
Састаў іспанцаў не прынёс нечаканасцяў – ён быў такі ж, як і ў паўфінале. У швейцарцаў пераважна выйшлі тыя, хто і прагназаваўся напярэдадні. Хоць той жа Клозэ на гэтым турніры часам пачынаў гульні на лаве запасных. Іспанцы ў першыя хвіліны часцей ішлі на абвастрэнне сітуацыі, няхай нічога і не маглі зрабіць. Затое швейцарцы не дазволілі апаненту зноў быць “гаспадарамі мяча”. Швейцарцы валодалі мячом наўрад ці менш за Іспанію, толькі памылкі ў перадачах не дазвалялі ім стварыць нешта вартае ўвагі. Нарэшце, Шачыры стаў зарабляць фалы на самім сабе, сам жа прабіў штрафны, але значна вышэй за папярэчыну. Праз некалькі хвілін Шачыры зноў прабіў па варотах – на гэты раз у створ – на месцы быў Дэ Хэа. За дзесяць хвілін да перапынку сын знакамітага бразільскага паўабаронцы Мазіньё Алькантара падпрацаваў мяч і стрэліў у сантыметрах ад штангі! Далей паўабаронца “Барселоны” не супакоіўся і працягваў актыўныя дзеянні. На 41-й хвіліне лік быў адкрыты. Галоўнымі героямі сталі не Алькантара, не Мантоя і не Адрыян Лопэс. Віла навесіў на Эрэру, а той апярэдзіў у варожай штрафной усіх, у тым ліку і Зомэра – 0:1! Пасля перапынку швейцарцы стварылі неблагі момант, камбінацыю завяршаў Эмегара і зрабіў гэта правальна, прабіў слаба і ў рукі брамніку. Швейцарцы больш чым за 20 хвілін да канца зрабілі ўсе замены. Яшчэ раней замест Эмегары і Фрая з’явіліся Гаўранавіч і Абрашы, а потым замест Джакі выйшаў Касамі. Вось такія цікавыя змены ў саставе, у якіх паўдзельнічаў толькі адзін карэнны жыхар Швейцарыі – Фрай. Але албанская кроў так і не дапамагла швейцарцам зраўняць лік. Затое іспанцы мелі выдатны момант падвоіць лік: Боція з перадачы Маты не трапіў у вароты з убойнай пазіцыі! Затым, праўда, Клозэ небяспечна прабіў пасля падачы Шачыры са стандарту – крыху недакладна. А на 82-й хвіліне ўсе ўбачылі шэдэўр ад Алькантары. Паўабаронца выканаў штрафны за больш чым 40 метраў ад рамкі і паслаў мяч “за каўнер” Зомэру – 0:2!!! Шыкоўны і геніяльны гол Алькантары! Вядома ж, такі прыгожы гол ды яшчэ за восем хвілін да канца матчу проста вырашыў зыход фіналу. Усё, што зрабілі ў апошнія хвіліны швейцарцы, – прабілі ў знешні бок сеткі, якую знянацку парваў Дэ Хэа. Свісток італьянскага рэферы Тальявэнта зафіксаваў перамогу зборнай Іспаніі! Яшчэ адзін трыўмф пірэнейскага футболу! Іспанія – чэмпіён!
Іспанцы пяты раз бралі ўдзел у фінале кантынетальнага (да 21 года) першынства. І трэці раз выйгралі яго. Прычым у другі раз чэмпіёнамі Еўропы іспанцы былі даволі даўно паводле іхніх графікаў у іншых узроставых групах – у 1998-м годзе ў Румыніі. Звычайна моладзевы чэмпіянат адкрывае плойму новых футбалістаў, але сёлетні пераможца крыху іншы. Іспанскую “маладзёжку” ведаюць добра, Алькантара, Мата, Дэ Хэа і некаторыя іншыя – прызнаныя майстры, толькі маладыя. А чэмпіянат і перамога на ім дазволяць спадзявацца на паляпшэнне кантрактных умоў, а можа і на пераходы Адрыяну Лопэсу, Боціі, Вілу і большасці іспанцаў. Швейцарцы дагэтуль на моладзевых чэмпіянатах Еўропы толькі раз выходзілі ў паўфінал. Здарылася гэта ў 2002 на хатнім турніры. Тады швейцарцы падзялілі “бронзу” з італьянцамі. А ўвогуле ў фіналнай частцы турніру Швейцарыя брала ўдзел толькі ў другі раз, так што дасягненні гэтай каманды ўнікальныя – двойчы ўдзельнічаць на чэмпіянатах Еўропы і ўзяць “срэбра” і “бронзу”! Карацей кажучы, каманды падаравалі гледачу можа і не самы прыгожы фінал, але напружаны. Для іспанцаў перамога – чарговы доказ сваёй сілы, для швейцарцаў параза не трагедыя, а канстатацыя развіцця ўласнага футболу.