Напярэдадні паўфінальнага матчу швейцарцаў і чэхаў было шмат размоў пра падрыхтаванасць каманд. З аднаго боку, зборная канфедрацыі гуляла вельмі ўпэўнена і не менш упэўнена атрымлівала перамогі, з іншага – мела больш лёгкую групу. Чэхія з аднаго боку ўмела дэманстравала сілу, з іншага – была ў паўкроку ад вылету з турніру і толькі на апошніх хвілінах стрэліла дуплетам і перамагла англічан.
Шанцы каманд былі прыкладна 50 на 50. Пачатак матчу быў млявым, сур’ёзных эпізодаў узнікала мала. На 23-й хвіліне чэхі “папярэдзілі” швейцарцаў – Чэлустка як заўсёды актыўна падключыўся да навесу з вуглавога. Праз пару хвілін Дочкал дальнім ударам праверыў нервы Зоммэра – побач са штангай. Швейцарцы не маглі хвастацца нават такімі момантамі, звычайна актыўны правы фланг, якім запраўляе Шачыры, на гэты раз маўчаў. Затое першы небяспечны эпізод другой паловы ўзнік якраз каля варотаў чэшскай зборнай. Кох прастрэліў – чэшскі брамнік не трапіў па мячу, і толькі Ваха вынес яго з небяспечнай зоны – зусім побач былі атакуючыя футбалісты швейцарцаў, што гатовыя былі згуляць на дабіванні. У цэлым другі тайм быў як і першы – даволі сквапны на моманты і цікавыя падзеі. Затое за хвіліну да канца асноўнага часу Шачыры ўдарыў у штангу! Швейцарцы ледзь не атрымалі перамогу! А далей быў дадатковы час. У ім падзей было таксама няшмат. Пару разоў сітуацыя ў штрафных плошчах рабілася напружанай, але абаронцы ратавалі сваіх. Нарэшце, на 114-й хвіліне Мехмедзі ўзяў сітуацыю пад асабісты кантроль і абгуляўшы аднаго з візаві стрэліў па варотах – 1:0! У даволі сумным матчы лік быў адкрыты пад самы канец авертайму. Чэхі пастараліся агрызнуцца і адказалі намаганнямі Кадлеца, але спроба форварда моладзевай зборнай Чэхіі была няўдалай – чэх прабіў галавой, але прамахнуўся. Швейцарцы здабываюць перамогу ў дадатковы час і выходзяць у фінал, дзе згуляюць з Іспаніяй. А зборная Чэхіі будзе гуляць супраць Беларусі.